Старшыня Рады БНР прыгадвае Станіслава Шушкевіча.
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла прыгадвае Станіслава Шушкевіча, паведамляе «Радыё Свабода».
«Зь вялізарным сумам даведалася пра сьмерць вялікага чалавека, добразычлівага, ветлівага, першага старшыні незалежнай Беларусі доктара Станіслава Шушкевіча, — кажа Івонка Сурвіла. — Мела гонар ведаць яго трыццаць гадоў. Апошні раз бачыліся на пахаваньні ў Вільні Кастуся Каліноўскага ў 2019 годзе.
Між маіх лепшых успамінаў — «Беларускі тыдзень» у амэрыканскім унівэрсытэце Wartburg College, арганізаваным Цэнтрам беларускіх дасьледаваньняў у Амэрыцы, дзе мы разам прадстаўлялі Беларусь.
Хачу сёньня выказаць глыбокае спачуваньне спадарыні Ірыне і ўсяму беларускаму народу з прычыны страты такога вялікага і добрага чалавека. Хай будзе яму пухам беларуская зямля».