Беларуская аўтарка з Падляшша прэзэнтавала сваю найноўшую кнігу.
У апошні тыдзень красавіка Галіна Максімюк, беларуская аўтарка з Падляшша, правяла чатыры сустрэчы-прэзэнтацыі сваёй найноўшай кнігі «Słova na viêtrovi» сярод землякоў: у Беластоку, Бельску, Нарве і Кленіках. Гэта ўжо трэцяя яе кніга, напісаная на падляскай мове.
Раней у выдавецтве Struha выйшлі аўтабіяграфічныя кнігі аўтаркі «Biêlśk, Knorozy, Ploski (i inšy vjoski)» (пра дзяцінства і юнацтва) і «Môj čeśki film» (пра жыцьцё ў Чэхіі). З Галінай Максімюк «Радыё Свабода» пагутарыла пра радасьці і клопаты пісьменства на славянскай мікрамове і пра тое, як зь людзкой памяці ўзьнікае літаратура.
— Літаратары Беласточчыны да нядаўняга часу выдавалі кнігі па-беларуску або па-польску, разьлічваючы на адпаведныя чытацкія аўдыторыі і кніжныя рынкі. Задам пытаньне, на якое ты ўжо адказвала ня раз і ня два: Чаму ты пішаш па-падляску?
— Пішу, бо гэта мая родная мова. Я навучылася ёй як першай мове ў жыцьці. Бацькі ніколі не гаварылі са мной па-польску; мае дзяды, дзядзькі і сваякі, дарэчы, таксама не.
Па-другое, пішу, бо лічу, што трэба «ратаваць» нашу родную мову.
Па-трэцяе, пішу, бо мой муж прымушае мяне да гэтага…
— Б’е цябе?!
— Не, тут маецца на ўвазе хутчэй эканамічны прымус. Не выплачвае мне кішэнных грошай :-)
А калі сур’ёзна, то шмат людзей на Падляшшы — патэнцыйных беларусаў, я б сказала — не ідэнтыфікуе сябе зь літаратурнай беларускай мовай. Для іх, як і для мяне, родная мова — падляская гаворка. І яны яе ня зьвязваць зь беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьцю. Некаторыя наагул ня ведаюць, да якой нацыянальнасьці сябе аднесьці. Уяві сабе, што ў перапісе 2002 году у Падляскім ваяводзтве 40 тысяч чалавек не запоўнілі графы «нацыянальнасьць». Я думаю, гэта былі пераважна людзі, якія маглі б запісацца беларусамі, калі б да іх данесьці, што іхная хатняя мова — падляская гаворка — ня горшая за беларускую літаратурную.
Дык вось, пішучы свае апавяданьні, я нешта такое стараюся да людзей данесьці. Што калі ты гаворыш і пішаш па-падляску, то ты не павінен адчуваць сябе горшым беларусам, чым той, хто гаворыць па-беларуску. І табе не абавязкова запісвацца ва ўкраінцы, каб прыдбаць сабе нейкую нацыянальнасьць…
Вось такая я «спадзьвіжніца», бляха-муха, калі паглядзець на гэта з «ідэалягічнага» боку. Хутчэй муха, чым бляха, праўду кажучы… Але ідэалёгія мяне ня дужа цікавіць. Гэта палетак майго Яна, які ўжо колькі гадоў ня толькі рупіцца пра тое, каб прамацаць усе граматычна-артаграфічныя правілы падляскай мовы, але і змагаецца зь менскім беларусамі, якія лічаць яго «беларускім адшчапенцам», ды з падляскімі і замежнымі ўкраінцамі, які ўпарта шыюць зь яго «несьвядомага ўкраінца». Мяне насамрэч цікавіць толькі пісаньне па-падляску, каб хоць трошкі прыадкрыць той сьвет, пра які раней амаль ніхто не расказваў на яго таемнай мове…
— Ты пачынала з аўтабіяграфічных замалёвак — у першай кнізе пра дзяцінства, у другой пра жыцьцё ў Чэхіі. Ці новая кніга пісалася цяжэй? Усё ж яна неяк больш «бэлетрыстычная»? Або наадварот лягчэй, бо ты ўжо «набіла руку»? Колькі ў апавяданьнях з новай кнігі праўды? Ці давялося нешта дапоўніць аўтарскай фантазіяй?
— Лягчэй ці цяжэй? Гэтая кніжка пісалася мне інакш, чым папярэднія. Яна нашмат больш сур’ёзная, чым папярэднія, і яна не пра мяне, а пра іншых, пра маіх суродзічаў і іхную долю на працягу апошніх 100 гадоў. Калі магу так сказаць, гэтая кніжка — пра сто гадоў нашай падляскай адзіноты і неістотнасьці ў сусьветнай гісторыі :-)
Сюжэты, якія ў кніжцы — іх там пятнаццаць — вырасьлі з таго, што мне некалі расказвалі дзяды, бацькі ці сваякі. Пра некаторыя гісторыі я пачула ў дзяцінстве і згадала толькі цяпер, убачыўшы іх у зусім іншым сьвятле. Нешта з таго мне запомнілася ў дэталях, нешта прызабылася, нешта я выкарыстала толькі як зыходны пункт для свайго апавяданьня, а нешта перанесла жыўцом. Думаю, што калі паглядзець арытмэтычна — колькі там праўды, а колькі выдумкі — то сытуацыя выглядае fifty-fifty.
Думаю, мы зь Янам вельмі добра рабілі, калі цягам апошніх гадоў запісвалі на аўдыё расповеды нашых блізкіх, якія ўжо рыхтаваліся да пераходу ў іншы сьвет і стараліся падвесьці вынікі свайго жыцьця ў сьвеце гэтым. Калі я хадзіла на прагулкі з нашым сабакам, то начапляла сабе на вушы слухаўкі і слухала тыя запісы так доўга і столькі разоў, пакуль не вывучыла іх амаль на памяць. Хацела ня столькі запомніць усе побытавыя драбніцы з расповедаў, колькі навучыцца мэлёдыі і сынтаксісу падляскай мовы ад людзей, якія гаварылі на ёй значна больш натуральна, чым я.
— Ці ты на гэтым літаратурным полі сама? Хто яшчэ піша і якое выдавецтва яшчэ выдае кнігі па-падляску?
— На шчасьце, я не адна і не сама. У нас ёсьць знакамітая паэтка Зоя Сачко, якая пачала пісаць свае вершы па-падляску нашмат раней, чым я стала думаць пра сваю пісаніну. Ёсьць выдатныя і цікавыя аўтары Дарафей Фіёнік (выдавец, публіцыст, папулярызатар нашай рэгіянальнай гісторыі) і Віктар Стахвюк (паэт і празаік), якія пішуць па-падляску ўжо шмат-шмат гадоў.
І зусім нечакана зьяўляюцца аўтары, пра якіх я раней ня чула. Вось летась выйшла неблагая кніжка прозы па-падляску «Tak rozkazuwali», яе аўтар схаваўся пад псэўданімам, але кажуць, што яе напісаў — ні з таго, ні зь сяго! — прафэсар эканомікі, заслужаны навуковец, які, на жаль, летась памёр…
Карацей, ёсьць ня толькі попыт на кнігі на падляскай мове, але і прапанова, часам з зусім нечаканых бакоў і крыніц. Пахвалюся, што за чатыры дні маіх прэзэнтацый на Падляшшы мы пусьцілі ў сьвет 190 асобнікаў кніжкі «Słova na viêtrovi»: прадалі чытачам на сустрэчах і кнігарням 150 асобнікаў, а 40 раздалі задарма бібліятэкам, сваякам і розным афіцыйным асобам, якія дапамаглі нам зладзіць гэтыя прэзэнтацыі. Гэта, можа, і ня надта шмат, але ўвесь час трэба мець на ўвазе наш дэмаграфічны мізэр на Падляшшы: беларусамі там пішуцца недзе 30 тысяч чалавек. Ранейшая мая кніжка «Biêlśk, Knorozy, Ploski (i inšy vjoski)» разышлася накладам 300 асобнікаў (дарма мы раздалі 50 штук).
— У выдавецтве Struha выйшлі ня толькі тры твае кнігі. Можаш расказаць пра астатнія? Якая роля выдавецтва ў захаваньні падляскай мовы, культуры? Ці мае выдавецтва нейкія стратэгічныя мары?
— Першым выданьнем выдавецтва Struha, якое ўзяло назву ад хутара, дзе нарадзіўся Ян Максімюк, была ягоная гібрыдная кніга «Čom ne po-svojomu?» — выклад граматыкі і правапісу падляскай мовы ўперамешку з рознымі публіцыстычнымі і іншымі тэкстамі, зьвязанымі са спробай увесьці гэтую мову ў публічнае карыстаньне.
Потым былі казкі па-падляску: «Kazki po-svojomu» і «Kazki Andersena dla starych i małych». Першы зборнік казак быў сапраўдным выдавецкім хітом на Падляшшы — прадалося 750 асобнікаў!
Ян таксама перакладае шмат іншамоўнага на падляскую, каб падцягнуць лексыку і сынтаксіс мовы да сучасных патрабаваньняў, таму ён выдаў і пераклад «Малога прынца» Сэнт-Экзюпэры ў электронным варыянце.
Ягоны брат Аляксандар, які яму дапамагае з кампутарнымі справамі ў прамоцыі падляскай мовы, лічыць, што найлепшым выданьнем Яна зьяўляецца электронная кніжка «Pudlaśkie słovo na kažny deń» — асаблівы слоўнічак падляскай мовы, у якім больш за тысячу спэцыфічных падляскіх словаў разам з прыкладамі іх выкарыстаньня ў кантэксьце. Сапраўды файнае і ўнікальнае выданьне, якое я паволі завучваю на памяць.
Калі выдавецтва Struha і мае нейкія стратэгічныя задумы і мары, то нічога мне пра іх не паведамляе. Мяркуючы сваім хатнім розумам, я магу зрабіць здагадку, што выдавецтва імкнецца выдаваць такія тэксты, якія магчыма чытаць увадначас тром розным пакаленьням — дзядам, бацькам і ўнукам.
— Як успрымаюць твае кнігі людзі, якія прывыклі чытаць па-польску або па-беларуску? Ці чытаюць твае кнігі «чужынцы», іншамоўныя людзі — палякі, беларусы, украінцы — як у Падляшшы, так і за яго межамі?
— Я б сказала, што людзі ўспрымаюць мае кніжкі вельмі прыхільна. Прыйшоўшы на сустрэчу і паслухаўшы некалькіх урыўкаў, яны купляюць кніжку, нярэдка па некалькі асобнікаў, сваёй сям’і і сваякам ды знаёмым. Мне няма чаго наракаць. Я не спадзяюся, што прадам тысячу асобнікаў. Але змагу ўжо прадаць 300–400 штук, а гэта дазваляе мне вярнуць кошты друку і некаторыя выдаткі, зьвязаныя з прамоцыяй. І за гэта я ўдзячная лёсу.
Найбольш мяне радуе, што ні я, ні Ян не пачулі ні аднаго нараканьня, ні адной скаргі на тое, што запісваем падляскую мову лацінкай. Усе чытаюць падляскі альфабэт, заснаваны на беларускай лацінцы, як бы чыталі на ім заўсёды, ад маленства. Мая мама (83 гады) прачытала маю апошнюю кніжку за тры дні і толькі запыталася: Halinko, to vsio pravda, čy ty vydumała? Канешне, мама, гэта найпраўдзівейшая праўда, якая толькі можа быць на гэтым сьвеце — праўда літаратуры. Іншай неаспрэчнай праўды, бадай што, не існуе…
Без праблемаў чытаюць мае падляскія апавяданьні польскія знаёмыя і сяброўкі. Часам толькі пытаюць пра значэньне таго ці іншага слова…
Чытаюць мае кніжкі і некаторыя ва Ўкраіне, асабліва філёлягі. І хочуць мяне запісаць у аўтаркі ўкраінскай мовы…
— Ці ёсьць у падляскай літаратурнай акцыі свае апанэнты? Калі ёсьць — то якімі аргумэнтамі яны апэруюць?
— На жаль, ёсьць. Найбольш прыкра, што якраз сярод нашых блізкіх знаёмых, зь якімі мы некалі рабілі адну справу — дбалі якраз пра беларускую літаратуру на Падляшшы. Ніхто адкрытым тэкстам не паслаў нас на тры літары, як паслалі той рускі карабель, але пасьля таго, як Ян стаў намаўляць нашых землякоў пісаць таксама па-падляску, «каб ня ўмёрлі», вакол нас стварылася зона замоўчваньня і ігнараваньня. Мы як быццам з «роўных і чыстакроўных» беларусаў перайшлі ў касту «недакранальных»… Фактычна ні тэлебачаньне, ні радыё, ні газэты, дзе працуюць беларускія журналісты, не спрабавалі, праз увядзеньне падляскай мовы у рэгулярнае карыстаньне, ратаваць ад сыходу ў магілу тую частку нашага народу, якая нарадзілася і памірае ў гэтай мове…
Ды ладна, ня будзем пра сумнае і пустапарожняе. Аптымістычнае ў гэтым тое, што я атрымала магчымасьць публікаваць свае тэксты па-падляску ў беластоцкім месячніку «Czasopis». Вялікі дзякуй за гэта ягонаму рэдактару Юрку Хмялеўскаму. І дзякуй нашым маладым сябрам — Асі і Міхалу Троцам — за тэатар на падляскай мове.
— Зь якімі цяжкасьцямі і праблемамі даводзіцца сутыкацца падляскай аўтарцы? Ці хапае моўнага арсэналу — бяз слоўнікаў, граматык, корпусу тэкстаў?
Граматыка больш-менш ёсьць — у кніжцы «Čom ne po-svojomu?» і ў новай кніжцы, якую Ян рыхтуе пад пагрозьлівым загалоўкам «Gramatyka i pisownia języka podlaskiego. Poradnik teoretyczno-praktyczny». Я б сказала, што з падляскай граматыкай усё ОК. Са слоўнікам горай — польска-падляскі слоўнік, разьлічаны недзе на 50 тысяч артыкулаў, Ян давёў да літары К і спыніўся гадоў таму чатыры-пяць. Корпусу тэкстаў няма, дый відаць ня будзе пры нашым жыцьці.
Але літаратурная падляская справа неяк рухаецца ўперад. Уся наша сям’я ангажаваная ў прыгадваньне і пошук словаў, якія калісьці ўжываліся і цяпер ужо забыліся. Дзякуючы гэтай дапамозе мы выцягнулі з забыцьця, напрыклад, словы bułaviêti (сьвітаць, разьвідняцца) і korziêj (вядзьмар, шаптун).
Ды падляскія тэксты пішуць і іншыя, і яны прыгадваюць іншыя словы са сваіх засекаў забыцьця і цёмных камораў. Я аптымістка. Ян стаў крычаць пра стварэньне літаратурнай падляскай мовы ў той момант, калі яна яшчэ не зьбіралася ў магілу, хоць і цяжка занядужала. Літаратурная падляская мова, хоць і зь няпоўным слоўнікам, ужо існуе. І мне робіцца цёпла на душы, калі падумаю, што ў гэтым можа быць і мой невялічкі ўклад.