Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Мяне не здаў нават мясцовы святар маскоўскага патрыярхату»

16.05.2022 общество
«Мяне не здаў нават мясцовы святар маскоўскага патрыярхату»

Беларус, капелан Яўген Орда распавёў, як перажыў расейскі палон.

Вайсковы святар Яўген Орда служыць у Чарнігаве, будуе царкву Івана Ваяра на тэрыторыі былога Рэмзаводу. Айцец Яўген распавёў, як перажыў расейскую акупацыю і чаму ганарыцца беларусамі.

Яўген Орда — патрыёт Украіны, часта падкрэслівае, што паходзіць з Беларусі, і лічыць сябе беларусам. Распавядае, што яго продкі колісь ваявалі супраць расейцаў за аднаўленне Рэчы Паспалітай, за што іх саслалі на пасяленне ў сённяшнюю Чарнігаўскую вобласць. Таксама айцец Яўген даведаўся, што яго продкам з'яўляецца вядомы мастак Напалеон Орда.

Пасля пачатку вайны на ўсходзе Ўкраіны ў 2014 годзе Яўген Орда пачаў ездзіць да ўкраінскіх вайскоўцаў на Данбас, каб падтрымаць і прывезці гуманітарную дапамогу. За гэта ў 2015 годзе беларускія ўлады забаранілі святару ўязджаць на тэрыторыю Беларусі — памежнікі паставілі адпаведны штамп у пашпарце а. Яўгена, калі ён ехаў да сваякоў у Гомель.

У пачатку сакавіка 2022 годзе вайна дабралася і да роднага Чарнігава — расейскія войскі падыйшлі да межаў гораду, а Яўген Орда (ужо не першы раз за сваё жыццё) патрапіў у палон. Аб усім падрабязней распавядае далей сам капелан.

«Мяне не здаў нават мясцовы святар маскоўскага патрыярхату»

«Я сустрэў вайну капеланам Нацгвардыі. Шэсць дзён працаваў на Нацгвардыю. Пасля мяне папрасілі, каб я пахаваў бабулю Ганну ў Іванаўцы — гэта вёска за Чарнігавам, правы бераг Дзясны. Я пакінуў дакументы і тэлефон у аднаго мясцовага дзеда. Калі я пахаваў бабулю, мяне ўжо чакалі расейцы. Тэлефон забралі.

Я быў у берцах, хоць і ў расе, але таму мяне трохі пабілі. Ударылі па галаве, па крыжу білі, па спіне. З-за берцаў вырашылі, што я вайсковы. Кінулі ў падвал. Першыя дні я знаходзіўся з вайсковымі. Мяне нават выводзілі адзін раз ва двор, быццам бы расстраляць.

Выжыў, бо мяне не здалі іванаўцы — яны не сказалі, што я святар украінскай царквы. Я думаў, што могуць забіць. Баяўся вельмі за сям’ю. Бо мая памылка, я ўзяў у вёску жонку і дзяцей. Былі дакументы і тэлефон з фотаздымкамі, якія маглі раскрыць мяне. Але мы выжылі і я ўдзячны іванаўцам.

Мяне не здаў нават мясцовы святар маскоўскага патрыярхату. У яго спыталі: якая ў вас царква — украінская ці расейская. Ён сказаў: «Хрыстова». Яго пабілі. Дарэчы, я прыехаў хаваць тую бабулю Ганну на яго тэрыторыю. Але ён мяне не здаў, нават нягледзячы на тое, што яго пабілі. Гэта сапраўдны святар».

«Тое, што раней я чытаў пра фашыстаў, тое я пабачыў у Іванаўцы»

«Калі ўжо вырашылі, што я не вайсковы, то сядзеў з жыхарамі вёскі. Агулам 29 дзён правёў у пограбе. Нас было спачатку 10, пасля 8 чалавек.

Дзеці хацелі жыць, гуляцца, выйсці на волю. Дачка канешне закрылася, маўчала ці плакала. Малы гуляўся, нешта рабіў.

Рана раніцай выпускалі жонку гатаваць. Яна гатавала, а потым вярталася ў падвал, каб усіх накарміць. Вайскоўцы пазабівалі кароў і свіней. Нам пакідалі косткі, ці які шматок заставаўся, тое і елі. Ежы канешне было мала.

У Янаўцы сярод вайскоўцаў былі тувінцы, бураты, якуты. Яны шмат рабавалі, забілі на нашай вуліцы 8 чалавек. Адбылося гэта так. Загадалі людзям здаць грошы (каб здалі долары ці еўра, у каго былі). Людзі аддавалі грошы. А пасля былі вобшукі і знайшлі 20 тыс. долараў. Вывелі і расстралялі. Стралялі і па іншых прычынах. У аднаго знайшлі вайсковую форму — расстралялі. Дзеда аднаго расстралялі, бо ён не пускаў у сваю хату. Гвалтавалі жанчын. Адну дзяўчыну вывезлі за вёску і там гвалтавалі. Гэта ўсё вайсковыя злачынствы. Вось тое, што раней я чытаў пра фашыстаў, тое я пабачыў у Іванаўцы.

Я ўжо казаў, што ў нас былі якуты, тувінцы, бураты. А вось усе афіцэры быццам сібіракі, але казалі, што ў іх ёсць родзічы ва Украіне: у каго ў Львове, у каго ў Палтаве. Яны ўсім кіравалі і хваліліся, што ў іх продкі з Украіны. Але што я магу сказаць, гэтыя афіцэры закрываліся ў штабе ўначы, бо гэтыя п’яныя тувінцы хадзілі па сялу і рабавалі, гвалтавалі жанчын. І было такое, што самі гэтыя афіцэры забілі тувінца, бо ён крычаў п’яны.

Таксама расейскія вайскоўцы вельмі шмат рабавалі. Цягнулі «плазмы», трусы жаночыя, крэмы і маскі. Рабавалі ўсё што можна. Нават выкінулі сабаку з будкі і забралі будку. Гэта быў чацвёрты тыдзень, калі нас пачалі выпускаць на вуліцу, а расейскія войскі адступалі.

Тады яны ўсміхаліся, нават на «Вы» ўжо пачалі звяртацца да нас. Запытваліся, што нам патрэбна: можа быць камусьці лекі якія патрэбныя, можа мы галодныя і нам трэба есці даць. А перад гэтым кароў усіх парэзалі ў вёсцы».

«Вельмі ганаруся, што беларусы сёння дапамагаюць украінцам»

«Зараз я адбудоўваю царкву Івана Ваяра. Служу набажэнствы тройчы на тыдзень. Так, баліць сэрца, што ракеты ляцелі з нашай зямлі. Але варта ведаць, што ў Беларусі Лукашэнка і шмат хто можа думаць, што мы з-за яго дрэнная нацыя. Але гэты чалавек забіваў беларусаў і ён нясе адказнасць за ўсё, што адбываецца.

Вельмі ганаруся, што беларусы сёння дапамагаюць украінцам: валанцёрат, ваююць. Ёсць беларускі полк «Пагоня». Я бачыў нашых з батальёна Кастуся Каліноўскага, чуў як яны трушчаць расейцаў.

Я цешуся, што сапраўды шмат беларусаў ваюе за Украіну. Я з імі размаўляў ужо. Яны бывае сварацца, спрачаюцца, а ваююць шыкоўна. Калісьці нашыя ваяры вернуцца ў Беларусь і будуць будаваць сапраўдную краіну».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]