Сустрэча адбылася ў Мадрыдзе.
Сёння, 19 траўня, падчас афіцыйнага візіту ў Іспанію Святлана Ціханоўская сустрэлася з іспанскай каралевай Летысіяй, паведамляе «Белсат».
Сустрэча адбылася падчас міжнароднага форуму «Жанчыны будуюць масты» у Мадрыдзе, на які прыехалі былыя лідары і дыпламаты краінаў Афрыкі і Азіі. Каралева паабяцала Святлане падтрымаць беларускія праекты і арганізацыі, а таксама ўзнімаць пытанні палітвязняў.
Таксама Ціханоўская сустрэлася з прэм’ерам Іспаніі Педра Санчэсам, з якім паразмаўляла пра сітуацыю ў Беларусі, санкцыйную палітыку ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і падтрымку беларусаў урадам Іспаніі.
Да гэтага яна правяла сустрэчы са старшынём іспанскага Сенату і прэзідэнтам Кангрэсу, на якіх абмяркоўвалі санкцыі, дапамогу беларусам і неабходнасць аддзяляць рэжым Лукашэнкі ад беларусаў.