Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Памёр патрыярх беларускай дыяспары ў ЗША Янка Запруднік

26.05.2022 общество
Памёр патрыярх беларускай дыяспары ў ЗША Янка Запруднік

Этапы жыцьця і выбраныя цытаты.

На 96-м годзе жыцьця памёр адзін з найстарэйшых і самых вядомых дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, гісторык, публіцыст, шматгадовы супрацоўнік Радыё Свабода, сябра Рады БНР Янка Запруднік.

Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі) нарадзіўся 9 жніўня 1926 году ў Міры (у той час — Стаўпецкі павет Наваградзкага ваяводзтва Польскай Рэспублікі, цяпер Карэліцкі раён), паведамляе сайт «Радыё Свабода».

Быў адным зь першых супрацоўнікаў радыё «Вызваленьне» (пазьней — Радыё Свабода) у Мюнхэне, шмат гадоў узначальваў Нью-Ёрскае бюро. Аўтар перадач на тэмы актуальнай палітыкі, беларускай гісторыі, літаратуры і культуры.

Некаторыя этапы жыцьця і дзейнасьці Янкі Запрудніка

1940-я: жыцьцё ў савецкай Беларусі, вучоба, Саюз беларускай моладзі, раптоўны ад’езд у Нямеччыну, беларускія лягеры ўцекачоў у Рэгенсбургу і Міхэльсдорфе, гімназія імя Янкі Купалы, скаўцкі рух, урэшце выезд на шахты ў Вялікую Брытанію.

1950-я: пераезд у Бэльгію, на стыпэндыю Лювэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту. Вучоба, легендарная суполка беларускіх студэнтаў «Дванаццатка», беларускія канцэрты ў Вэстмінстэрскім абацтве, царкоўныя хоры, студэнцкія зьвязы, беларускі часопіс, Парыж.

Беларуская сэкцыя радыёстанцыі «Вызваленьне» у Мюнхэне (ад 1964-га — Радыё Свабода), тут Запруднік адпрацаваў ад 1954 да 1991 году. Кіраваў Нью-Ёрскім бюро беларускай службы Радыё Свабода.

У 1957-м пераехаў у ЗША, дзе працягваў працу ў Нью-Ёрку на той жа радыёстанцыі. У 1969-м у Нью-Ёрскім унівэрсытэце абараніў дысэртацыю і атрымаў ступень доктара гістарычных навук. Выкладаў гісторыю Расеі і СССР у Квінскім каледжы Нью-Ёрскага гарадзкога ўнівэрсытэту (1970–1975), гісторыю і сучасную палітыку Беларусі ў Калюмбійскім унівэрсытэце (1994).

Пасьля дасягненьня незалежнасьці Беларусьсю ў 1991-м рэгулярна наведваў радзіму, апісваў свае ўражаньні на старонках найстарэйшай газэты дыяспары «Беларус». Быў актыўным удзельнікам Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына».

Аўтар шматлікіх кніг і артыкулаў па гісторыі Беларусі. Сярод іх кнігі «Беларускія фэстывалі й выстаўкі. Палітычная інфармацыя мовай мастацтва (1948–2011)» — пра беларускія фэстывалі ў Амэрыцы, якія рэгулярна праводзяцца; «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Лісты 1952–1959 гг.», «Кантакты», заснаваная на лістах, што пісалі беларусы з мэтраполіі Янку Запрудніку, «Берагу майго зарніцы».

Успаміны «Дванаццатка», прысьвечаная беларускай студэнцкай суполцы ў Лювэне, была адной з апошніх кнігаў, якую прачытаў Васіль Быкаў.

Ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтру.

Сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, узнагароджаны мэдалём «100 гадоў БНР».

Выбраныя цытаты Янкі Запрудніка

«Аптымізм — рэч неабходная ў наш час. Часта абставіны складаюцца так, што няма іншага выйсьця, як толькі быць аптымістам. Таму што альтэрнатывы няма. Альтэрнатыва на аптымізм —— пэсымізм. А пэсымізм зьбівае запас тых сіл, якія чалавек мае. Пэсымізм па сваёй прыродзе — вельмі шкоднае адчуваньне. А аптымізм дапамагае. Гэта як у той показцы пра жабу, якая хацела не ўтапіцца ў масьлянцы, лопала-лопала лапамі і ўрэшце села на кучку масла. Так што будзем аптымістамі».

«Мы з жонкай Надзяй шчасьлівыя, бо дажылі да паважнага веку й можам памагаць тым, хто скрайне патрабуе дапамогі. Шчасьце ў няшчасьці».

«Жыць далей клопатам пра Беларусь, пра будучыню, працаваць над гэтым і верыць у тое, што іхныя намаганьні, іхныя пакуты і трывога, любоў да краіны ня пройдуць марна. Тым, хто апынуўся за межамі Беларусі — верыць, што ў іх будзе магчымасьць вярнуцца дамоў і працаваць далей на карысьць нашага народу і нашай краіны».

«Усякі беларускі замежны ўрад будзе найбольш эфэктыўным, калі ён будзе сфармаваны на ідэйнай базе Беларускай Народнай Рэспублікі. Дзейнасьць замежнага ўраду мусіць мець пад сабой гістарычны грунт, ідэйную спадчыну, лёсы папярэдніх дзеячоў-патрыётаў, а таксама прэцэдэнты прызнаваньня Рады як інстытуцыі й Рады як носьбіта ідэі незалежнае беларускае дэмакратычнае дзяржавы».

«Новая хваля беларускіх эмігрантаў у ЗША складаецца з розных асобаў. Ёсьць шмат людзей, адданых беларушчыне, прыхільных, адданых людзей, актыўных у грамадзкім беларуска-амэрыканскім жыцьці. Але гэта далёка ня ўсе. Некаторыя прыяжджаюць, кажуць, што будуць падтрымліваць, але вельмі хутка зьнікаюць, зашываюцца ў свае норы, дзе стараюцца абрасьці далярам і дабрабытам. На жаль, іхныя абяцаньні становяцца пустым гукам і пэўнага роду хлусьнёй. На шчасьце, ёсьць людзі і вельмі шчырыя, працавітыя, і яны папаўняюць беларускую грамаду. Я спадзяюся, што дзякуючы гэтым новым людзям беларушчына ў Амэрыцы захаваецца».

«Бачу вынікі нашых супольных намаганьняў у тым кірунку, у якім мы пачалі і ідзём далей. Далучаюцца маладыя, не зважаючы на ўсе цяжкасьці, на ўсе трагедыі, якія навокал нас. Ёсьць парасткі здаровага жывога грунту, і гэтым жывём. Жывём надзеяй! — мая ўлюбёная фраза».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]