Жонка Андрэя Кузьнечыка сустрэлася зь ім пасьля прысуду.
8 чэрвеня палітзьняволенаму журналісту Андрэю Кузьнечыку прысудзілі 6 год калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаньні ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК). Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін.
Пасьля прысуду жонка палітзьняволенага журналіста Алеся сустрэлася з мужам у магілёўскай турме.
Як распавяла Алеся, пасьля суду Андрэй Кузьнечык так ацаніў сваю справу і судовы працэс: тыя, хто «дасьледаваў» ягоную справу і хто судзіў, «можа і ня самыя дрэнныя людзі, што маглі яму трапіцца ў цяперашніх абставінах — адчувалася, што „працу“ сваю яны робяць безь вялікай ахвоты, — але гэта ня значыць, што ён павінен іх любіць. Бо выбар свой яны зрабілі».
Пра прысуд сказаў, што не прызнае сваёй віны, бо «не разумее, што яму прызнаваць».
«Кіраўніцтва „экстрэмісцкім фармаваньнем“ ён ня можа прызнаць, бо сьпіс „кіраўнікоў“ не сакрэт, ён разьмешчаны нават на сайце Свабоды. А пра арганізацыю — ўвогуле сьмешна», — кажа Алеся.
Андрэй будзе абскарджваць вырак, на наступным тыдні да яго паедзе адвакат.
Паводле жонкі журналіста, вялікі тэрмін пакараньня ня стаў для яго нечаканасьцю:
«Андрэй даўно маральна рыхтаваў нас да прыкладна такога выраку, пры гэтым казаў, што наўрад ці давядзецца яго адбываць цалкам», — адзначае Алеся. Вядома, «асаблівай радасьці ад прысуду не адчуў», але больш Андрэй Кузьнечык нэрваваўся з той нагоды, што на абвяшчэньне прысуду прыйшла ягоная маці, кажа Алеся.
Сама яна пра вырак мужу кажа так:
«Я адчуваю, што пэрыяд выпрабаваньняў працягваецца, але сумняваюся, што ён будзе такім доўгім.
Я як жонка свайго мужа, зь якім у мяне ёсьць нейкая нават мэтафізычная сувязь, і за гэты час нават назьбіралася гэтаму дастаткова пісьмовых доказаў, адчуваю сваю задачу трымаць эмацыйную раўнавагу, напаўняць наша агульнае псыхаэмацыйнае поле станоўчымі эмоцыямі».
Да таго ж, у іх з Андрэем двое дзетак — васьмігадовая Яніна і двухгадовы Мацьвей — якія, паводле Алесі, цяпер «не даюць ні часу, ні магчымасьці занурацца ў нейкія сумныя думкі». Цяпер Андрэй рыхтуецца да калёніі.
Сустрэча з мужам атрымалася нейкая душэўная, «хатняя», у адрозьненьне ад папярэдняй, кажа Алеся, у іх было каля 2 гадзінаў. Андрэй вельмі перажываў, што цяпер родным далёка да яго дабірацца.
«Выглядае Андрэй нармальна, і ўвогуле як і не было гэтага паўгадовага расстаньня па адчуваньнях. Вельмі непасрэдна пагаварылі, як раней», — кажа яна.
Андрэй казаў, што ён надзіва хутка асвойваецца ў досыць любых умовах, нават сам не чакаў. Суседзі ў яго розныя, давялося нават пасядзець з кілерам, кажа, што трапляюцца і «вельмі незвычайныя кадры, але калі сам ты нармальны і спакойны, то праблем асаблівых не ўзьнікае, бо і добрых людзей там дастаткова, асабліва зараз».
Пачуваецца для сваёй сытуацыі ён цяпер нядрэнна, ёсьць з кім пагаварыць, у турме добрая бібліятэка добрая, ёсьць радыё, чакаецца тэлевізар. Паводле Андрэя, у Магілёве камэры і двары большыя, «сонца ёсьць і птушак чуваць».
Лісты яму сталі даходзіць лепш, зазначае Алеся. Што да ўмоваў у калёніі, «экстрэмісты» там ходзяць зь месца на месца ў кайданках, у адрозьненьне ад забойцаў, але ў цэлым умовы нармальныя, ніякага ціску ці асаблівага стаўленьня да яго няма.
«Казаў, шмат ходзіць рознай інфармацыі сярод зьняволеных, у тым ліку непраўдзівай. Радуецца, што ўмее яе фільтраваць і ня браць да галавы ўсялякае глупства», — распавядае яна.
Хацеў бы даведацца, што пра яго пішуць, цікавіўся падзеямі ва Ўкраіне, але сказаў, што з тэлевізара зразумее агульную карціну.