Службы на беларускай мове пры Украінскай царкве адбываюцца ў Беластоку раз на месяц.
У парафіі Прысвятой Тройцы Украінскай грэка-каталіцкай царквы ў Беластоку, што месціцца пры касцёле Святога Духа на вуліцы Сібіракаў, прайшла літургія на беларускай мове. Службу для вернікаў беларускай уніяцкай царквы адслужыў – айцец Яўген Усошын, паведамляе racyja.com.
«Магчымасць маліцца па-беларуску, гэта вельмі важна і духоўна вяртае на Радзіму», прызнаецца адзін з удзельнікаў Святой літургіі.
– Уражанні такія ўзнёслыя, таму што я будучы ў Беластоку, я ўпершыню менавіта на беларускай службе, бо раней праходзіла на ўкраінскай, але сёння ў нас адбылася свая родная літургія святая. Я вельмі ўсцешаны гэтым, што магу і тут за мяжой сваёй бацькаўшчыны служыць Богу. Такое адчуванне, што быццам бы ў Маладэчне на сваёй літургіі, у сваёй парафіі быў.
Службы на беларускай мове па грэка-каталіцкім абрадзе пры Украінскай царкве адбываюцца ў Беластоку раз на месяц. Наступная такая літургія плануецца напрыканцы ліпеня.