Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Чаму нашыя продкі плакалі ад шчасця, калі Напалеон напаў на Расію ў 1812 годзе

05.07.2022 общество
Чаму нашыя продкі плакалі ад шчасця, калі Напалеон напаў на Расію ў 1812 годзе

Гісторыя войнаў Беларусі з усходнім суседам.

Сёння мы разбярэмся з мітам, у які паверыла шмат беларусаў, і паглядзім, чаму словы Лукашэнкі пра тое, што беларуская зямля блізкая для расіян, натуральна, здзек над расейцамі, — распавядае ў сваім новым відэа на «Радыё Свабода» журналіст Дзмітры Гурневіч.

— Менавіта з гэтага «клочка земли» ішлі спусташальныя набегі з захаду на землі сучаснай Расіі, і пачаліся яны яшчэ ў XV стагоддзі. Трэба разумець, што традыцыйна беларускія землі былі слаба звязаныя са старажытным цэнтрам усходніх славянаў Кіевам. Наша гісторыя — зусім не пра гэта, — сцвярджае Гурневіч.

Ён кажа, што ўсходнеславянскае насельніцтва ў басейне Дзвіны і Нёмана жыло ў тыя часы ўперамешку з балцкім:

— Арыстакратыя практыкавала міжэтнічныя шлюбы, і князі ўсходнеславянскага паходжання маглі мяняцца на балцкіх. Славяне-беларусы і балты-літоўцы жылі мірна.

Пры пагрозе нападу азіяцкіх качэўнікаў і ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае. Гісторыкі вядуць адлік ВКЛ ад 1248 года.

Яно праіснавала пяць стагоддзяў, і менавіта ВКЛ было Айчынай для беларусаў ажно да падзелаў напрыканцы XVIII стагоддзя. І ўсе гэтыя 500 з нечым гадоў галоўным ворагам нашай дзяржавы была Масква.

З канца XV стагоддзя яна развязвала вайну за вайной супраць Вялікага Княства. Абвясціўшы сябе ўладарамі ўсяе Русі і прыкрыўшыся дактрынай «Масква — трэці Рым», маскоўскія манархі ўзяліся ажыццяўляць свае захопніцкія планы. Але і войскі ВКЛ хадзілі на Маскву, — заўважае журналіст.

— Возьмем, напрыклад, вайну 1368-1372. Так званыя паходы Альгерда на Маскву.

У Альгерда, як і ў ягонага бацькі Гедзіміна, была выразная стратэгія — абарона на захадзе і наступ на ўсходзе. А на ўсходзе — Масква. Таму, інакш кажучы, стратэгіей князёў ВКЛ былі войны з Масковіяй, таму што там менш супраціўляліся, чым на захадзе.

У канцы XV стагоддзя Масква пачала наступаць на землі ВКЛ, і менавіта таму ВКЛ пайшло на саюз з Польшчай, так званую Люблінскую унію. У выніку ўтварылася федэрацыйная дзяржава Польшчы і ВКЛ — Рэч Паспалітая. Гэта сёння прыдумляюць казкі пра захоп палякамі нашай дзяржавы, што Расія быццам бы вызваляла братоў-беларусаў. Факты сведчаць пра адваротнае.

Нашы продкі ішлі на саюз з палякамі, каб абараніцца ад Масквы. Сёння самай раскручанай вайной паміж ВКЛ і Масквой лічыцца Аршанская бітва, якая даводзіць да шала расійскіх гісторыкаў на паслугах Крамля. Але падобных войнаў паміж продкамі беларусаў і расійцаў тады была процьма.

Падчас гэтай вайны войскі Івана Жахлівага захапілі Полацк. Акупанты абвясцілі ўсіх месцічаў палоннымі, панішчылі полацкае рыцарства, якое адмовілася перайсці на службу да іх. Цар наказаў без усялякага суда пазбаўляць жыцця ўсіх, хто хрысціцца не па-праваслаўнаму. Царскія татары пасеклі шаблямі манахаў-бернардзінаў і спалілі іхні храм. Былі знішчаны і мясцовыя іудэі.

Для маскоўцаў ВКЛ была, вядома ж, блізкай па мове і рэлігіі, але ўсё роўна чужой і варожай дзяржавай. У маскоўцаў парадкі ВКЛ, талерантнасць і адкрытасць, выклікалі культурны шок, — апавядае Гурневіч.

У 1636 годзе расійскі патрыярх, які вярнуўся ў Масковію з ваколіцаў Менска быў уражаны і пісаў «у іхных дамах бацькі і сыны, мужы і жонкі, нават паны і служкі, часта дзеляцца на тры, а нават і чатыры веры. Прынамсі адзін заўсёды хрысціянін, рэшта трымаецца веры папы, веры лютэра, арыянаў або жыдоў. Яны супольна сядзяць за сталом, ядуць, п’юць і жэняцца паміж сабою. А некаторыя нават супольна моляцца» – дзівіўся расійскі патрыярх.

У сваім відэа Дзмітры Гурневіч таксама ўзгадвае пра падзелы Рэчы Паспалітай:

— Калі Рэч Паспалітая паспрабавала скінуць пратэктарат царыцы Кацярыны ІІ, тая абвясціла вайну. Праз год ізноў ваенны канфлікт з Расіяй, і пачынаецца паўстанне Касцюшкі.

Супраць Рэчы Паспалітай ваюе Аляксандр Сувораў, той самы, у гонар якога названа вайсковая вучэльня ў Менску і вуліцы ў беларускіх гарадах, а ў Кобрыне ёсць нават музей. Нашыя землі тады ўсё ж такі сталі часткай Расіі, і вы думаеце, што людзі скарыліся?

У 1806 годзе расійскія ўлады пачалі ствараць аддзелы паліцыі, якія меліся дапамагаць рэгулярнай арміі, але ад гэтага абавязку былі вызвалены Віленская, Гродненская і Менская губерніі. Расія жыхароў ВКЛ проста баялася. І ў 1812 годзе, калі на Расію напаў Напалеон, тыя пацвердзілі, што не дарма.

Гурневіч узгадвае той факт, што яшчэ за пару год да вайны 1812 года 12 тысяч маладзёнаў з былога ВКЛ ўцяклі на захад, каб уступіць у армію Напалеона. Усё таму, што французкі імператар абяцаў аднавіць ВКЛ.

— У Вільні і ў іншых гарадах ВКЛ Напалеона віталі, як збаўцу, — адзначае Гурневіч. — Некалькі чалавек, як пісалі тады газеты, нават страцілі прытомнасць ад шчасця. У яго гонар ладзілі балі і застоллі. У Ашмянах на ўрачыстасць сабралася больш за тысячу чалавек.

Імгненна пачалося стварэння нацыянальнай гвардыі. У яе склад увайшлі шэсць батальёнаў. У вялікіх гарадах і мястэчках былі створаны хлебныя склады. Усё — для Напалеона, усё — дзеля перамогі над Расіяй. На імяніны Напалеона ў гарадах Вялікага Княства запякалі цэлых валоў, надзявалі іх курацінай, кабанінай, баранінай, гарэлку і піва раздавалі бясплатна.

Бясплатна працаваў і тэатр. У Менску на маскарад сабралася 6 тысяч чалавек. А ўвесь даход быў накіраваны на патрэбы вайсковага шпіталя.

Нават Магілёўскі архіепіскап яшчэ ў ліпені 1812 прысягнуў Напалеону і па ягонаму прыкладу гэта зрабілі дзве траціны мясцовага духавенства, — Гурневіч узгадвае факт, які сведчыць, што не толькі жыхары заходняй часткі Беларусі падтрымлівалі французаў, і дадае — праўда, гэта Напалеону не дапамагло.

Але ідэя барацьбы з Расіяй нікуды не знікла. У 1830-ым пачынаецца чарговае антырасійскае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай, яно атрымала назву «лістападаўскае».

А праз 30 год — чарговае паўстанне — Каліноўскага, якое хоць і пацярпела паразу, але падчас яго з’явілася палітычная ідэя беларушчыны.

Таму цяпер мы ведаем, адкуль на Беларусь гістарычна рыхтавалася наступленне. І калі б беларусы стагоддзямі не бараніліся, то сапраўды б сталі адным народам с расійцамі, — робіць высновы журналіст.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]