Паэту, празаіку і грамадзка-палітычнаму дзеячу сёньня споўнілася 76 гадоў.
Уладзімеру Някляеву, паэту, празаіку і грамадзка-палітычнаму дзеячу, сёньня споўнілася 76 гадоў. У свой дзень народзінаў ён апублікаваў у Фэйсбуку новую паэму. Падаем яе цалкам у аўтарскім правапісе.
ВАЙНА, ЯКОЙ НЯМА
1
Сонца над Токіа. А над Нью-Ёркам агні.
Каваю пахне Парыж. А Стамбул пахлавою.
Ціха плывуць над зямлёю
Апошнія мірныя дні
Перад апошняй сусветнай вайною.
Марш Мендэльсона ў палацы Манака гучыць,
Правіцца баль, на вяселлі гуляе паўсвета,
Соладка п’ецца віно,
але ўсё-ткі на вуснах гарчыць
Перад апошняй вайною апошняе лета.
У Ватыкане моліцца Папа за мір,
У Аль-Хараме малітвы над храмам, як ветразі,
Ніл працякае, як вечна ён цёк, праз Каір –
Ды ўжо паціху вада чырванее пры беразе.
Ціша над Крэвам, дзе лес поўны спелых суніц,
Але ўзгулі бамбавозы над замкам над Крэўскім –
І асыпаюцца ягады, падаюць кнігі з паліц:
Дантэ з Шэкспірам і Ніцшэ з Ф.М.Дастаеўскім.
Колькі прарокаў! І ўсе – пра канец. Пра сыход.
Піфія ў Дэльфах. Ісая і Аўдзій. І Ванга.
Вось і танцуе Дэтройт свой апошні факстрот,
І Аргенціна танцуе апошняе танга.
Бліскае срэбрам на рынку Пусана луска,
Заўтра ўжо сейнеры выйсці не з могуць на ловы,
Новы “Лятучы галандзец” – крэйсер “Масква”
Сёння ўваходзіць ва Ўсходняе мора...
Сталёва
Бліскаюць лодкі падводныя там, дзе кіты
Шляхам адвечным плывуць, дзе гарэзяць дэльфіны...
Піфія з Дэльфаў! Прарочыла гэта не ты!
І не Ісая прарочыў
Кроў Украіны!
Можна прарочыць такое, калі звар’яцець,
І калі ўбачыць, ступіўшы за ўсе небасхілы,
Як перад смерцю ўкраінскай красуецца руская смерць
Каля магілы.
На піраміды Егіпта цярушыцца вечнасці пыл.
Сцёрта чытаецца надпіс на фіўскіх грабніцах:
“Жні, што пасееў!” – і ўзносяцца прахам з магіл
Дзеці і ўнукі, якім ужо не нарадзіцца.
А ў рэстаранах, у барах і пабах, ва ўсіх кабарэ,
Дзе куртызанка Еўропа спявае і грае,
Break. Перапынак. Бо жах куртызанку бярэ:
Божая Маці ў яе на руках памірае.
2
Быў просты шлях. Я рушыў наўскасяк.
Да надпісу на бронзавай скрыжалі:
“Шляхі жыцця і смерці аніяк
Не супадаюць. Але тут супалі”.
“Дзе гэта тут?..”
Быў надпіс: “На судзе”.
Ён сам з’явіўся з неадкуль. З-пад спуду.
Ён плыў па бронзе, быцца па вадзе.
“А дзе той суд?”
І надпіс быў: “Паўсюду”.
Палі палалі за маёй спіной,
Гарэлі гарады перада мною,
Усё наўкол мяне было вайной,
Апроч вайны, што не была вайною.
3
Шлях ад Дабра да Зла
Паклаўся недарма.
Па ім яна прыйшла:
Вайна, якой няма.
З абодвух-двух бакоў
Забітыя сыны
І плач сірот і ўдоў,
Але няма вайны.
Няма людскіх пакут,
Крыві, што як вада...
Але ёсць Божы суд,
Калі няма суда.
4
Вінаваты, прыйшоў я на суд,
Сеў адзін на судовую лаву.
“Тут занята, – сказалі мне. – Тут
Судзяць Пыху, Гардэчу і Славу”.
“Славу судзяць? За што?..”
“Спакушала
Ваяроў і тыранаў яна.
Пасялілася ў свеце здаўна
І крывавіла меч Ганібала,
Тамерлана і Кіра мячы,
Прымушала галовы сячы,
Чым іх болей – тым большая слава
Паўставала жахліва, крывава
За Атылам, Мурадам, Вардой,
Поўных пыхі і поўных гардэчы,
Што прайшлі са сваёю ардой,
Быццам смерч, па шляхах чалавечых,
Што спяшалі ў крыві па калена,
Пасяваючы попел і тлен,
Ад сцен Рыма да сцен Карфагена,
Каб руінамі стаў Карфаген!”
5
Я жыву, бо я жыць прывык.
Нават мёртвыя хочуць жыць.
Ды сядзіць ува мне, як цвік,
Непрадыхна, бы ў горле косць:
Чым такімі быць, як мы ёсць,
Можа, лепей зусім не быць?
6
Дымны смерч на зямлёй усклубіўся.
Ён узнёс да нябёс Карфаген.
На калені я ўпаў. Памаліўся.
Перад смерчам падняўся з кален.
Пацямнела яго палавіна,
Прасвятлела другая – паміж
У чырвоным узнікла жанчына,
На грудзях абдымаючы крыж.
Я зірнуў ёй у твар. Што за рысы!
Ад анёла і ад сатаны!
Што за вочы ў яе! Як у рысі!
І спажыву шукалі яны.
“Ты чаму пакарала нявінных? –
Я спытаўся. – Ты смерць? Ты вайна?”
“Пакараецца ўсё, што павінна
Пакарацца!” – сказала яна.
І ў вачах яе вузка-рысіных
Палыхнула! Мяне апякло!
І сказала яна: “Я Расія.
Я – што будзе. І я – што было.
Я ў канцы векавечнага шляху
І ў пачатку. Як смерць у жыцці.
Ну ўцячы ад мяне, не сыйсці
Ані зверу, ні рыбе, ні птаху!