У гэтым годзе па краіне ўжо ўзбуджана 673 справы аб банкруцтве.
Усяго на стадыі ліквідацыі альбо санацыі на дадзены момант знаходзяцца 1427 суб’ектаў гаспадарання.
Такія дадзеныя прыводзіць Адзіны дзяржаўны рэестр спраў аб банкруцтве.
У спісе ёсць не толькі дробныя прыватныя фірмы, але і дзяржаўныя прадпрыемствы, якія ўлады ратавалі гадамі. Напрыклад, «Птушкафабрыка Меднаўская» ў Брэсцкім раёне, «Птушкафабрыка Слонімская», «Брэсцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў», «Мінскі завод будаўнічых матэрыялаў», «Мотавела», «Міёрскі льнозавод», «Баранавічыдрэў», «Сукно», «Дываны Брэста», «Маладзечанскі завод металаканструкцый», «Бярэзінскі мясакамбінат», Завод «Праммеханіка» і іншыя.
Некаторыя справы цягнуцца гадамі. Напрыклад, легенду айчыннай лёгкай прамысловасці ААТ «Сукно» Эканамічны суд Мінска яшчэ ў лютым 2018 года прызнаў эканамічна неплацежаздольным і прызначыў прадпрыемству санацыю працягласцю 18 месяцаў.
Заяву аб банкруцтве падалі асноўныя акцыянеры, што было абгрунтавана «неплацежаздольнасцю прадпрыемства, якая набывае ўстойлівы характар». План санацыі уключаў у сябе нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці, аптымізацыю арганізацыйнай структуры, спагнанне дэбіторкі, рэалізацыю неліквідных актываў і тых актываў, якія выкарыстоўваліся неэфектыўна. Але не дапамагло. З дня на дзень можа быць абвешчана аб канчатковай ліквідацыі прадпрыемства і продажы яго памяшканняў. Вытворчасць перанеслі на ААТ «Камволь».
Альбо возьмем яшчэ адну легенду – ААТ «Мотавела». Справа цягнецца з 2017 года і ўжо таксама дайшла да «ліквідацыйнай стадыі». Канчатковае рашэнне можа быць прынята 30 жніўня гэтага года.
Набліжаецца дата і вырашэння лёсу «Дываноў Брэста» – тут часам ікс пазначана 20 ліпеня гэтага года.
Алена Новiкава, «Народная воля»