Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Васiль увесь час думаў пра Беларусь»

19.07.2022 политика
«Васiль увесь час думаў пра Беларусь»

Шчыры маналёг удавы загінулага добраахвотніка Васіля Парфянкова.

Васіль Парфянкоў меркавана загінуў 26 чэрвеня каля Лісічанску Луганскай вобласьці. Ён быў разам зь іншымі беларусамі з палку імя Кастуся Каліноўскага на заданьні — дапамагаў украінскім салдатам выйсьці з гораду.

Васіль Парфянкоў меркавана загінуў 26 чэрвеня каля Лісічанску Луганскай вобласьці. Ён быў разам зь іншымі беларусамі з палку імя Кастуся Каліноўскага на заданьні — дапамагаў украінскім салдатам выйсьці з гораду.

Парфянкоў ад пачатку 2000-х быў у нацыянальным руху, уваходзіў у незарэгістраваную Беларускую партыю свабоды, удзельнічаў у акцыях «Маладога фронту» і «Зубра».

Удзельнічаў у абароне Курапатаў. Некалькі разоў яго прызнавалі палітвязьнем. У 2014 годзе Васіль зьехаў ва Ўкраіну, дзе далучыўся да батальёну Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). Быў паранены.

У Кіеве Васіль завёў сям’ю, ажаніўся з валянтэркай Аленай Гергель, у іх нарадзіліся двое дзяцей. Удава Васіля пагадзілася расказаць «Радыё Свабода» іх гісторыю.

«Знаёмцеся, гэта беларус, ён прыехаў да нас ваяваць»

У сьнежні 2014 году Васіль выйшаў з калёніі ў Горках, а літаральна праз два тыдні зьехаў ва Ўкраіну. Добрая знаёмая Васіля, рэжысэрка Вольга Мікалайчык перадала Парфянкову кантакты людзей у Кіеве, якія дапамогуць яму ўступіць у добраахвотніцкі батальён. Хлопец вельмі хацеў трапіць у шэрагі «Правага сэктару», але ўзьнікалі пэўныя бюракратычныя пытаньні, таму запісаўся ў батальён АУН, каб хутчэй паехаць на фронт.

«Калі афармляліся дакумэнты, нашы валянтэры адвялі Васіля ў легендарнае ў Кіеве месца — кавярню «Купідон». Яшчэ з часоў Майдану там сустракаліся валянтэры, актывісты, часта свае вершы чытаў Сергій Жадан, была такая літаратурна-вайскова-валянтэрская тусоўка. І я там таксама часта бывала. Наша агульная знаёмая Тацяна падвяла Васіля да мяне і кажа: «Знаёмцеся, гэта беларус, ён прыехаў да нас ваяваць».

Знаёмства адбылося ў Сьвяты вечар — 6 студзеня 2015 году, напярэдадні праваслаўных Калядаў.

«Усе былі занятыя сваімі справамі: нехта нешта прывёз, хтосьці штосьці забраў, а ён такі сьціпленькі, самотны-самотны сядзеў у куточку адзін. Калі пабачыла гэта, то падышла, стала распытвацца ў яго, чаму прыехаў сюды. Ён мне расказваў пра Жызьнеўскага, як яму ў турме паведамілі пра сьмерць Міхася, зь якімі эмоцыямі гэта ўспрыняў. Яны былі знаёмыя яшчэ па УНА-УНСО. Казаў, што ў камэру прыйшоў камэндант з газэтай, маўляў, во яшчэ аднаго вашага забілі. Васіль так разьюшыўся, што хацеў ударыць таго работніка турмы. Сьмерць Жызьнеўскага — гэта была адна з прычын для яго хутчэй ехаць ва Ўкраіну».

З таго моманту Алена і Васіль пачалі стала стасавацца паміж сабой. На наступны дзень — 7 студзеня — яны разам несьлі кветкі да францускага пасольства пасьля страляніны ў рэдакцыі часопіса Charlie Hebdo.

«Ён быў у такой сіненькай шапачцы з украінскім трызубцам, якую яму падарылі, і потым зь ёй не разьвітваўся шмат гадоў. Яна і цяпер ляжыць у нас дома. Ён узяў мой нумар тэлефона. Пачалі тэлефанаваць адно аднаму, цікавіліся, як справы. Ён мне набіраў зь Пескаў, куды паехаў на баявыя. Фактычна вось так цэлы год і стасаваліся, час ад часу бачыліся, калі ў Васіля была ратацыя і ён прыяжджаў у Кіеў, хадзілі кудысьці разам».

«Мы ўжо разумелі, што проста так для нас усё ня скончыцца»

Алена кажа, што ці не найважнейшым момантам у іхных адносінах стала раненьне Васіля ў верасьні 2015 году.

«Мне трэба было ехаць у Львоў хрысьціць дачку сяброўкі, і ніяк не магла да яго ў адэскі шпіталь трапіць. А мне так хацелася паехаць да яго! Я зьвязалася з адэскімі валянтэрамі, якія мяне супакойвалі, што булён Васілю зварылі, даглядаюць яго. Потым расказваў мне, што да яго столькі людзей прыходзіла, а ў яго ўсё баліць, вакол усё ходзяць людзі, нешта расказваюць, дзеці малюнкі паказваюць, а яму хацелася проста паляжаць і каб перастала балець. І так я да яго тады і не паехала. Шмат гадоў за гэта сябе грызла. Калі ён прыехаў у Кіеў, то і ён разумеў, і я разумела, што проста так для нас гэта ня скончыцца. Ну вось тады мы і пачалі сустракацца».

Алена родам з Кіева. На момант знаёмства з Васілём шмат рабіла ў валянтэрскім кірунку, потым пачала рэалізоўвацца ў тактычнай мэдыцыне, уступіла ў арганізацыю «Белыя барэты».

«Нават у пэрыяды, калі грошай было небагата, то заўжды імкнуўся мяне сустрэць аднекуль з кветачкай, з ружай стаяў. Я не скажу, што ён быў надта рамантычны, але адчувалася, што каханьне ў ім гарыць».

«Пытаньне легалізацыі — складаная рэч»

Пажаніліся Алена і Васіль толькі 30 ліпеня 2021 году. Раней гэта зрабіць было немагчыма празь юрыдычныя складанасьці.

«Пытаньне легалізацыі беларусаў — гэта складаная рэч, усе беларусы тут ведаюць гэта. Бывае, што адна міграцыйная служба просіць даведку ў іншай міграцыйнай службы, і такая даведка робіцца тры месяцы. Апошняе, чаго мы чакалі, — гэта „Дазвол на міграцыю“. Пасьля яго можна ўжо прасіць сталы від на жыхарства альбо падавацца на грамадзянства. Мы ўсё зрабілі, чакалі год, а ў выніку прыйшла адмова. Дэпартаваць яго не маглі па законе, бо ён быў добраахвотнікам, але фактычна ён стаў нелегалам. А чаму была адмова? Бо беларускія спэцслужбы падалі яго і іншых хлопцаў-добраахвотнікаў дакумэнты ў Інтэрпол, нібыта іх пашпарты нядзейныя, бо былі згубленыя. І наша міграцыя нічога з гэтым не магла зрабіць».

Спачатку Парфянкоў нават ня ведаў, чаму яму адмовілі. Зьвяртаўся да дэпутатаў Рады, тыя адпраўлялі запыт у Офіс прэзыдэнта, а ўжо адтуль перанакіроўвалі зноў у міграцыйныя службы. Васіль нават наймаў юрыста, каб зьвесткі пра яго былі выключаныя з базы Інтэрполу.

«Пакуль ён яшчэ легальна знаходзіўся ва Ўкраіне, то мы пажаніліся, каб у выпадку чаго ў яго былі нейкія правы. Можна сказаць, што гэта быў не рамантычны, а прагматычны ўчынак. У Васіля было толькі беларускае грамадзянства. Пашпарт ягоны застаўся ў мяне».

«Увесь час думаў пра Беларусь»

Жонка ніколі не ўгаворвала Васіля ня ўдзельнічаць у вайне, так пытаньне ў іх сям’і нават не магло стаяць.

«Інакш бы не былі разам. Мы ва ўсім былі аднадумцамі. Апроч каханьня, мы былі яшчэ і найлепшымі сябрамі. Багата хто яго не разумеў, магчыма, хтосьці лічыў яго дзіваком, але я заўжды разумела ягоныя ўчынкі і матывы гэтых учынкаў».

Нягледзячы на тое, што Васіль ужо восем гадоў жыў ва Ўкраіне, Беларусь, па словах жонкі, для яго ўсё адно заставалася на першым месцы.

«Усе думкі былі пра Беларусь, адзначаў беларускія сьвяты, як Дзень Волі. Так, натуральна, ён трошку асыміляваўся. Мог сказаць „паляниця“ без акцэнту і „дякую“ без „дз“, але ўвесь час думаў пра Беларусь. Хацеў хутчэй вярнуцца і гуляць па вуліцах Менску».

У жыцьці Васіль выкарыстоўваў тры мовы: беларускую, украінскую і расейскую.

«Моўнае пытаньне для нас ніколі не было актуальным. Патрыятызм — гэта ня мова, а ўчынкі. Ёсьць шмат украінскамоўных людзей, якія зьехалі сёньня, і іх не хвалюе, што адбываецца ў іх краіне. Я нядаўна чытала сыну Мілану верш па-беларуску і пытаюся: „А ты разумееш беларускую?“ — „Натуральна“, — адказвае. „Што такое „помнік“?“ — „Памятнік“, — кажа. Магчыма, пэўныя словы не зразумее, але ўвесь кантэкст выдатна».

«Дзеці кажуць, што ніхто не гатуе смачней амлет, чым тата»

У Васіля і Алены нарадзіліся сын Мілан і дачка Саламея. Таксама разам зь імі жыў старэйшы сын жонкі Любамір.

«Так атрымалася, што апошнім часам я больш працавала, а Вася займаўся побытам і дзецьмі. Адводзіў іх у школку, садочак, на курсы, на футбол. Усе прагулкі былі на ім. Гатаваў таксама ён у асноўным. Дзеці кажуць, што ніхто так ня ўмее смачна гатаваць амлет і блінцы, як тата. Прыбраць нешта ў хаце, зрабіць якую палічку — усё было на ім».

Што тычыцца працы, то тут былі пэўныя праблемы. Васіль доўгі час працаваў у фірме, якая займалася пераездамі офісаў, кватэраў. Аднаго разу, калі перавозілі боўлінг, Парфянкоў сарваў сабе сьпіну. Пасьля гэтага доўга лячыўся, яму выдалялі міжхрыбетную грыжу. Вяртацца да фізычнай працы ўжо ня мог.

«Ён працаваў разам са мной — гэта быў маніторынг СМІ, магла быць пра нейкую палітычную кампанію замова ці пра запраўкі. Замоўцам трэба было штодня ведаць, што пра іх пішуць СМІ і ў сацсетках. Я даўно там працую, то дапамагла яму асвоіцца. Гэта было не зусім легальна, але працу ён заўжды меў. Атрымлівалася ў яго вельмі добра, хоць гэта была і ўкраінская мова».

«Ён жа такі нецярплівы»

Ад пачатку вайны 24 лютага 2022 году Васіль адразу далучыўся да свайго батальёну АУН. Удзельнічаў зь імі ў баях у Кіеўскай вобласьці. У красавіку, калі Кіеўшчына ўжо была вызваленая, ён прыйшоў у батальён імя Кастуся Каліноўскага.

«Ён жа такі вельмі нецярплівы, хацеў хутчэй усё. Пайшоў у Каліноўскага, бо яны ўжо ехалі на заданьні: спачатку ў Мікалаеўскую вобласьць, а потым ужо Севераданецк. Штовечар, а калі і ранкам, тэлефанаваў. Саламея вельмі любіла размаўляць з татам у такія моманты. Таксама штомесяц ён да нас заяжджаў на дзень-два. Перад апошнім заданьнем мы правялі тры дні разам. Яны тады прыехалі зь Севераданецку, пазваніў, кажа: „Мы едзем“. Адказваю: „Клясна, буду варыць боршч“».

Апошнюю размову Алена і Васіль мелі 25 чэрвеня, напярэдадні таго заданьня.

«Ён мне сказаў, што гуляем на базе, ямо чурчхелу, якую прывезьлі валянтэры. Пытаўся ў мяне, з чаго яна зробленая. Марылі неяк разам зьезьдзіць у Грузію, на мора. Ён мне нічога не казаў, што нешта плянуецца. Магчыма, і не хацеў, каб я хвалявалася».

Жонка Парфянкова кажа, што на вайне пачуцьцё трывогі і страху за роднага чалавека прысутнічае заўжды.

«Ты ня можаш зьмяніць хаду падзей. Я была ўпэўненая ў Васілю, што ён ведае, як аказаць дапамогу параненаму, як накласьці на сябе жгут. Я ведаю, што ён ня будзе рабіць ніякіх глупстваў. Але ў той дзень усё было супраць іх. Хіба толькі вельмі хуткая эвакуацыя магла б дапамагчы ім выжыць, але такой магчымасьці не было».

«Мама Васіля па сёньня не ўспрымае ўсё»

Жанчына расказвае, што спадзяваньняў, што Васіль жывы, у яе не было ўжо пасьля сюжэту на беларускім тэлебачаньні, дзе паказалі фатаздымкі Васіля зь месца бою.

«Я не маленькае дзіцё, бачу, што была крытычная страта крыві, якую своечасова не спынілі. З плямы на назе бачна, што там вельмі шмат крыві выцекла. Магчыма, рука не крытычна параненая, а вось з нагой усё кепска. Што тычыцца твару, то мэдыкі мне патлумачылі, што ён упаў на кроў, а ня снайпэр працаваў па ім».

У Менску ў Васіля засталася старэнькая маці. Ня так даўно дзяржаўныя каналы паказалі відэазапіс зь ёй, у якім яна асуджае дзейнасьць сына.

«Мама Васіля па сёньня да канца не ўспрымае ўсё. Яна літаральна ў дзень нашай размовы патэлефанавала на нумар Васі. Пытаецца: «А дзе Вася? Зь ім можна паразмаўляць?» Кажу, што не. Яна ўвесь час плача. Яна і да гэтага званіла, выбачалася перад сынам за тое відэа, ён казаў: «Мама, няма за што выбачацца. Я сам сказаў гаварыць што хочаце, абы адчапіліся ад вас».

Алена патлумачыла дзецям, што тата загінуў і яны больш не пабачацца.

«Вадзіла дзяцей да псыхоляга. Хлопцы трымаюцца, яны старэйшыя. А дачка Саламея ходзіць цэлы дзень з фотам Васіля, плача шмат. Пытаецца ў мяне, а можа мы ўсё ж яшчэ калісьці пабачымся з татам? Мы хадзілі адмыслова на могілкі, каб дзеці бачылі, якія далей будуць нашы стасункі з Васілём. Там цяпер вельмі шмат сьвежых магіл. Вельмі цяжка. Пойдзем яшчэ да псыхоляга, ім трэба выгаварыцца. Мне выпісалі антыдэпрэсанты, я яшчэ трымаюся на нейкіх рэсурсах унутраных, але гэта ня значыць, што мяне не накрые заўтра ці пасьлязаўтра».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]