Сёння дзень народзінаў прафесара Адама Мальдзіса.
Ён мог стаць паэтам, бо, нарадзіўшыся на Астравеччыне, на памежжы дзяржаў і культур, яшчэ школьнікам пісаў вершы. Ён мог стаць журналістам, бо пасля заканчэння школы паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. Але нярэдка так здараецца, што не мы выбіраем лёс — лёс сам выбірае нас, незаўважна падводзячы да той ролі, якая недзе звыш была напісана пярэдадне нашага нараджэння.
Вось і Адам Мальдзіс, апынуўшыся ў Радашковічах і пазнаёміўшыся з удавой Браніслава Тарашкевіча, аўтара першай граматыкі беларускай мовы, зразумеў, што няма ў Беларусі мясцін нецікавых і бедных на гісторыю, — проста мы часам не ведаем гэтую гісторыю.
Гэта і перадвызначыла далейшы яго шлях: пройдзе час, і колішні малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры, стаўшы доктарам філалогіі і непераўзыдзеным даследчыкам беларускай культуры і літаратуры ХVІІ-ХІХ ст., створыць Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Фрацыска Скарыны і спрычыніцца да ўзнікнення Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Працуючы ў архівах Мінска і Вільнюса, Масквы і Пецярбурга, Львова і Кракава, Варшавы і Лондана, ён будзе старанна і карпатліва вяртаць у кантэкст беларускай гісторыі і культуры не толькі асобныя дакументы і імёны (у ліку якіх Міхал Клеафас Агінскі, Ігнат Дамейка, Станіслаў Манюшка, Казімір Сваяк), а цэлыя гістарычныя перыяды, нітуючы паміж сабой пакаленні, эпохі і культуры…
Ён ва многім стане першапраходцам і вынаходнікам, арганізатарам і пачынальнікам. У выніку само гэтае словазлучэнне — прафесар Мальдзіс — даўно зрабілася хрэстаматыйным і класічным. Напісанае, прамоўленае ім ужо апрыёры не падлягала сумненню, бо за гэтым словазлучэннем непахісна стаялі імя і рэпутацыя вучонага, якога пры жыцці называлі рыцарам Беларускай культуры, тытанам асветніцтва і чалавекам Адраджэння.
Ён насамрэч быў і рыцарам, і асветнікам, і тытанам — гэтыя і іншыя іпастасі цалкам арганічна ўжываліся ў гэтым на дзіва сціплым чалавеку, які не толькі ўсё сваё немалое жыццё аддана служыў беларускай культуры і вяртаў Беларусі Беларусь — ён, па сутнасці, і сам быў Беларуссю. Той Беларуссю, якая была ў мінулым і якая ёсць цяпер. І якая абавязкова яшчэ будзе.
Сёння дзень народзінаў прафесара Мальдзіса. Адаму Восіпавічу было б 90.
Сяргей Шапран, «Фэйсбук»