Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Топ-5 антыкамуністычных паўстанняў у краінах сацлагеру

30.08.2022 политика
Топ-5 антыкамуністычных паўстанняў у краінах сацлагеру

У 1956-ым годзе працоўныя познаньскіх заводаў паўсталі супраць нізкага ўзроўню жыцця.

Увод савецкіх войскаў у Чэхаславакію 54 гады таму канчаткова разбурыў міф аб дэмакратычнасці СССР сярод заходняй левай інтэлігенцыі. Але Прага 1968-га хоць і з’яўлялася найбольш знакавай падзеяй свайго часу, але была толькі адным з цэлай серыі масавых антыўрадавых выступленняў, што перыядычна ахоплівалі Усходнюю Еўропу ў перыяд панавання там камуністычных дыктатур, піша «Новы час».

Народная Рэспубліка Албанія. Абшчына Пастрыба акругі Шкодэр, 9 верасня 1946 года

Пасля Другой сусветнай вайны ў Албаніі ўсталяваўся дыктатарскі камуністычны рэжым Энвера Хаджы. Камуністычная партыя Албаніі, якую ўзначальваў Хаджа, праводзіла ў краіне палітыку, цалкам перанятую са сталінскага СССР. Абсалютнай уладай у дзяржаве карысталася палітычная паліцыя «Сігурымі», разгарнуўшая класавы тэрор і масавыя рэпрэсіі ў лепшых традыцыях сталінізму.

Гэта не магло не выклікаць народнага супраціву. Цэнтрам антыкамуністычнага руху стала абшчына Пастрыба, якая аб’ядноўвала вёскі ў акрузе Шкодэр, адным з раёнаў горнай Албаніі, паблізу ад мяжы з Югаславіяй.

Ідэя барацьбы са сталінісцкай дыктатурай Хаджы звяла разам людзей абсалютна розных палітычных поглядаў. Адзінае, што іх аб’ядноўвала — радыкальны антыкамунізм і мара аб свабоднай Албаніі. Камандаваў падрыхтоўкай да паўстання аўтарытэтны землеўладальнік Асман Хаджыя. З ім супрацоўнічаў рэспубліканскі нацыяналіст Юп Казазі, які нейкі час нават узначальваў Албанскую фашысцкую партыю, але з 1942-га ваяваў супраць нямецкіх і італьянскіх акупантаў. Камуністы былі для Казазі прадаўжальнікамі нацысцкай дыктатуры. Ідэйным лідарам руху выступаў юрыст-дэмакрат Рыза Дані, дэпутат албанскага парламента.

9 верасня паўстанцы напалі на вайсковыя казармы і турму ў Шкодэры з мэтай вызвалення палітычных зняволеных і захопу зброі. Але тут выявілася, што паўстанне было слаба падрыхтавана. Хутка стала зразумелай відавочная перавага ўрадавых войскаў у арганізаванасці, колькасці і ўзбраенні. Салдаты паступова выбілі паўстанцаў са Шкодэра і затым прыступілі да зачысткі Пастрыбы.

Пачаліся рэпрэсіі супраць цывільнага насельніцтва Пастрыбы. Пайшлі шматлікія палітычныя працэсы, расстрэлы, заключэнні і інтэрнаванні падазроных у спачуванні паўстанню з боку камуністычнай дыктатуры.

Пастрыбскае паўстанне захлынулася. Але яно мела вялікае значэнне як адзін з першых антыкамуністычных выступаў у пасляваеннай Усходняй Еўропе.

Германская Дэмакратычная Рэспубліка. Берлін, чэрвень 1953 года

У сакавіку 1953-га памёр Іосіф Сталін. Гэта падзея выклікала вялікі рэзананс сярод нямецкіхх сацыялістаў. Пачалі з’яўляцца патрабаванні «дэсталінізацыі» сацыяльна-палітычнай сістэмы Усходняй Германіі. Многія пачалі выказваць адкрытае незадавальненне палітыкай тагачаснага генсека САПГ Вальтэра Ульбрыхта і патрабаваць дэмакратычных зменаў у краіне.

Да палітычных пытанняў дадаліся і праблемы ў эканоміцы. У красавіку таго ж года былі ўзняты кошты на тавары першай неабходнасці і павялічаны нормы выпрацоўкі на вытворчасці. Жыццёвы ўзровень усходніх немцаў пачаў імкліва зніжацца.

17 чэрвеня на плошчы Штраусбергерплац у Берліне сабралося каля 100 000 чалавек. Дэманстранты былі моцна незадаволены сітуацыяй у краіне і патрабавалі ад ураду ГДР неадкладнага вырашэння крызісу. Даволі хутка побач з эканамічнымі патрабаваннямі пачалі з’яўляцца і палітычныя лозунгі.

Паступова хваляванні перакінуліся на ўсю Усходнюю Германію. У індустрыяльных цэнтрах краіны стыхійна ўзнікалі забастовачныя камітэты, якія бралі ў свае рукі ўладу на фабрыках і заводах. Але галоўным цэнтрам паўстання працягвала заставацца сталіца.

Рэакцыя ўсходнегерманскіх уладаў не прымусіла сябе доўга чакаць. У Берліне было абвешчана ваеннае становішча. У горад была сцягнута савецкая цяжкая тэхніка і вайсковыя падраздзяленні, па дэманстрантах быў адкрыты агонь на паражэнне.

Паводле архіваў «Штазі», якія былі апублікаваны пасля падзення камуністычнага рэжыму ГДР, за два тыдні чэрвеня 1953-га года ў Берліне загінулі каля 125 чалавек, арыштаваны былі дзясяткі тысячаў. Многія з іх былі пасля расстраляныя. Да пачатку ліпеня, дзякуючы рэпрэсіям і тэрору, антыўрадавыя выступленні ў Берліне былі задушаны.

Польская Народная Рэспубліка. Познань, чэрвень 1956 года

28 чэрвеня 1956 года працоўныя познаньскіх заводаў паўсталі супраць дрэнных умоў працы, мізэрнай заработнай платы і нізкага ўзроўню жыцця. Яны выйшлі на вуліцы і пратэставалі супраць камуністычнай дыктатуры і паліцэйскіх метадаў кіравання краінай, у якой, паводле афіцыйнай прапаганды, павінна была панаваць сацыяльная справядлівасць.

У горадзе ўспыхнулі баі, якія паступова перараслі ў паўнавартаснае паўстанне. Дэманстранты выкарыстоўвалі бутэлькі з бензінам і трафейную вогнепальную зброю, якую яны адабралі ў міліцыянтаў ці вынеслі са складаў Цэнтральнай турмы горада.

У гэтай сітуацыі Палітбюро ЦК Польскай аб'яднанай працоўнай партыі ўхваліла рашэнне аб прымірэнні горада з ужываннем войска. Камандаванне было даручана намесніку міністра нацыянальнай абароны генералу Станіславу Паплаўскаму. Супраць паўстанцаў з Познані ў сталіцу Вялікай Польшчы былі накіраваныя: 19-я танкавая дывізія, 10-я танкавая дывізія 2-га танкавага корпуса, 4-я і 5-я пяхотныя дывізіі 2-га вайсковага корпуса. З'яўленне танкаў на вуліцах горада пагоршыла становішча дэманстрантаў, і арміі ўдалося паступова ўзяць Познань пад свой кантроль. Усяго на ўтаймаванне рабочых было адпраўлена больш за 13 000 салдат, 359 танкаў і амаль 900 вайсковых аўтамабіляў і матацыклаў. У выніку падаўлення паўстання ў горадзе загінула сама меней 50 цывільных жыхароў, сотні былі арыштаваныя.

Венгерская Народная Рэспубліка. Будапешт, 23 кастрычніка - 11 лістапада 1956 года

Падзеі ў Познані адгукнуліся ўвосень таго ж году ў іншай краіне сацыялістычнага лагеру — Венгрыі. У гэтай рэспубліцы была ўсталявана жорсткая дыктатура Мацьяша Ракошы, якога называлі «лепшым вучнем Сталіна». Але пасля смерці «правадыра народаў», улетку 1956 года савецкае кіраўніцтва таксама адчула напружаную абстаноўку ў ВНР. Ракошы быў адхілены ад кіраўніцтва. Яго месца заняў былы міністр дзяржбяспекі Эрнэ Геро. Але гэта была чыста фармальная ракіроўка. Геро быў не меншым сталіністам за адхіленага Ракошы.

Гэта выклікала моцнае супраціўленне з боку венгерскага грамадства. На чале руху супраціву сталі студэнты мясцовых універсітэтаў. 16 кастрычніка ва ўніверсітэце горада Сегед была заснавана Нацыянальная асацыяцыя венгерскіх студэнтаў і студэнтаў каледжаў MEFESZ, да якой далучыліся студэнты з Будапешта, Мішкальца, Печа і Шапрона. Студэнты ВНУ сфармулявалі свае патрабаванні ў 16 пунктах.

23 кастрычніка 1956 года ў Будапешце адбылася буйная дэманстрацыя студэнтаў. Рабочыя сталіцы таксама падтрымалі студэнтаў універсітэта. Агулам у акцыі ўдзельнічалі больш за 200 000 чалавек. Спачатку прамаўляліся прапольскія і антыракошскія лозунгі, пазней дэманстранты запатрабавалі вываду савецкіх войскаў. З дзяржаўных сцягоў пачалі выразаць камуністычны герб. Паралельна падзеям у Будапешце адбыліся акцыі ў некалькіх іншых буйных гарадах.

Уначы 23 кастрычніка 1956 года кіраўніцтва Венгерскай партыі працоўных прыняло рашэнне прызначыць прэм'ер-міністрам рэпрэсаванага да гэтага папулярнага ў народзе мясцовага палітыка Імрэ Надзя, але пры гэтым Эрнэ Герр і былы прэм'ер-міністр Андраш Хегедзюш звярнуліся з афіцыйнай просьбай аб увядзенні савецкіх войскаў у Венгрыю, якія прыбылі ў Будапешт ужо ў ноч на 24 кастрычніка.

Раніцай 25 кастрычніка на плошчы Лаёша Кошута сабраўся вялікі натоўп людзей. Мірная дэманстрацыя ператварылася ў крывавую лазню, узброеныя сілы адкрылі агонь па прысутных на плошчы. Колькасць загінуўшых пераваліла за дзвесце чалавек, а параненых была нашмат болей.

Але афіцыйна 28 кастрычніка рэвалюцыя ўсё ж перамагла. У сваім выступе па радыё Імрэ Надзь аб'явіў падзеі папярэдніх дзён нацыянальна-дэмакратычным вызвольным рухам і загадаў неадкладна спыніць супрацьстаянне. Ён аб'явіў аб вывадзе савецкіх войскаў з Будапешта.

Але савецкае кіраўніцтва мела іншыя меркаванні наконт гэтай сітуацыі. Вырашана было правесці ваенную аперацыю з мэтай змяніць урад Надзя на «рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад» на чале з Янашам Кадарам.

На досвітку 4 лістапада 1956 года савецкая армія нанесла ўдар па Будапешце і найважнейшым вайсковым аб'ектам. Надзь збег у пасольства Югаславіі. Але быў падманным шляхам выманены адтуль і пакараны смерцю 16 чэрвеня 1958 года.

Агулам у выніку падаўлення венгерскай рэвалюцыі было забіта каля 3000 чалавек.

Сацыялістычная Федэратыўная Рэспубліка Югаславія. Белград, чэрвень 1968 года

Даволі цікавы і нетыповы выступ адбыўся ў Югаславіі летам 68-га года. У адрозненні ад усіх іншых пратэстаў у сацыялістычных краінах, якія насілі яскравую антыкамуністычную афарбоўку, выступленне студэнтаў Белграду было падобным хутчэй на «Чырвоны май» Парыжскай Сарбоны, чым на бунт у Познані ці Будапешце.

Студэнты не выступалі супраць сацыялізму і не вылучалі антыўрадавых лозунгаў. Яны групаваліся вакол часопіса «Праксіс» — неартадаксальнага марксісцкага філасофска-сацыялагічнага выдання. Моладзь абуралася засіллем старой партыйнай наменклатуры і адыходам той ад «сапраўднага сацыялізму». На ўваходзе ў Бялградскі ўніверсітэт вісеў партрэт прэзідэнта Ціта, а самі студэнцкія выступленні праходзілі пад лозугам «Далоў чырвоную буржуазію».

Тым не менш 2 чэрвеня адбыліся вулічныя сутычкі паміж студэнцкай моладдзю і міліцыяй югаслаўскай сталіцы. Сваіх калег падтрымалі студэнты іншых універсітэтаў краіны і частка рабочых на прадпрыемствах. Падзеі пагражалі выйсці з-пад кантролю.

У гэтай сітуацыі кіраўнік СФРЮ Ёсіп Броз Ціта аказаўся значна больш дальнабачным за шмат каго са сваіх калег. Ён не стаў ужываць у дачыненні да студэнтаў татальны гвалт, а замест таго выступіў са зваротам да нацыі, у якім прызнаў справядлівымі іх патрабаванні і паабяцаў змагацца з «капіталістычнымі схільнасцямі» сярод дзеячоў партыі. Атрымаўшы падтрымку і прызнанне з боку вышэйшага дзяржаўнага кіраўніцтва, пратэсты паступова заціхлі.

Але ў наступныя гады Ціта ўсё ж расправіўся з найбольш актыўнымі студэнцкімі лідарамі, заключыўшы тых у турму. Таксама рэпрэсіі закранулі і крытычна мыслячых прафесараў, якія ў свой час падтрымалі студэнтаў.

Можна сказаць, што югаслаўскі рэжым у параўнанні з іншымі прасавецкімі дыктатурамі выглядае больш мяккім і ліберальным. Шмат у чым гэта на самай справе так і было. Але гэты лібералізм працаваў толькі да пэўнага ўзроўню. Як толькі з’явілася нават такая мінімальная пагроза абсалютнай уладзе правячаму Саюзу камуністаў Югаславіі, хутка пачаліся рэпрэсіі. Розніца была толькі ў больш акуратных і павольных метадах, а не ў канчатковых мэтах. Так што схільнасць да максімальнага кантролю за грамадствам, хутчэй за ўсё, ёсць агульнай рысай для ўсіх падобных сістэм. І іншымі яны ніколі не будуць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]