У гэтым годзе ўдзел у міжнародным арт-форуме ўзялі 96 галерэй з 17 краін свету (Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Германія, Расія, Украіна і інш.). У дзень адкрыцця спецыяльнае журы, у склад якога ўвайшлі кіраўнікі і куратары найбуйнейшых культурных інстытуцый краін Балтыі, назвала праект, прадстаўлены галерэяй сучаснага мастацтва «Ў», лепшай экспазіцыяй, падрыхтаванай замежнай галерэяй. Падчас кірмашу праект «Яна не можа сказаць НЕБА» наведала вялікая колькасць гледачоў, сярод якіх былі Прэзідэнт і прэм’ер-міністр Літоўскай Рэспублікі, дырэктар і асноўны куратар Цэнтра сучаснага мастацтва (Вільнюс), куратар Латвійскага павільёна на 54-й Венецыянскай біенале, замежныя куратары і мастакі.
Цэнтральная тэма выставы — унутраная міграцыя мастака. Самаізаляцыя, выяўленая ў эскапізме, экзістэнцыйных, але заўжды крохкіх формах увасаблення. Мастацтва як сублімацыя, эмпірычная форма пазнання, спосаб супрацьстаяння вонкавай агрэсіі. У Беларусі сёння склалася палітычная сітуацыя, якая нагадвае ўмовы варожай акупацыі, калі ўсе агульнапрынятыя чалавечыя свабоды аказваюцца пад пагрозай, у хісткім стане. У такіх умовах мастакі як надзвычай успрымальная частка грамадства вымушаныя выбіраць асабістыя стратэгіі творчага выжывання: іронія, крытыка альбо поўнае ігнараванне наяўнай сітуацыі.
На фоне вонкавай агрэсіі асабліва каштоўна сфакусавацца на прыватных праблемах і на кожным асобным чалавеку. Незалежна ад таго, якую стратэгію абіраюць удзельнікі выставы ў сваёй творчасці, для праекта «Яна не можа сказаць НЕБА» былі выбраны працы, якія адлюстроўваюць глыбока асабістыя праблемы мастакоў.