Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Варшаве ўрачыста адкрылі Беларускую школу

03.09.2022 культура
У Варшаве ўрачыста адкрылі Беларускую школу

Навучаньне ў ёй цалкам бясплатнае.

У новую школу ўжо набралі больш за 150 дзетак рознага ўзросту, а жадаючыя ўсё ідуць і ідуць. Веды па асноўных прадметах дзеці будуць атрымліваць у польскіх школах і ліцэях, а па прадметах беларускага кампанэнту — у фармаце онлайн- і офлайн- урокаў, перадае «Радыё Свабода».

Сьвяточнае адкрыцьцё школы прайшло 3 верасьня ў памяшканьні Варшаўскага інстытуту юстыцыі (Szkoła Wyższa Wymiaru Sprawiedliwości).

На 150 вучняў — 6 прафэсараў

Вывучаць беларускую мову і літаратуру, гісторыю і геаграфію Беларусі, а таксама культуру і мастацтва ў гэтай школе таксама будуць беларускія дзеткі з Альбаніі, Беларусі, Нямеччыны, Грузіі, ЗША, Латвіі, Літвы, Расеі, Турэччыны, Чэхіі і іншых краін.

«Мы не чакалі такой цікавасьці і запатрабаванасьці — на сёньняшні дзень у школу набралі ўжо больш за 150 дзетак рознага ўзросту, а жадаючыя ўсё ідуць і ідуць», — кажа адзін зь ініцыятараў стварэньня Беларускай школы Алесь Лозка.

«На 15 настаўніцкіх вакансій прэтэндавалі больш за 100 чалавек. Мабыць, давядзецца пашырацца. У Беларускай школе ў Варшаве будуць выкладаць найлепшыя пэдагогі: настаўнікі-мэтадысты, вопытныя выкладчыкі. Сярод іх шмат кандыдатаў навук і нават 6 прафэсараў», — з гонарам падкрэсьлівае спадар Лозка.

На адкрыцьці школы было шмат ганаровых гасьцей. Дзяўчаты са Школы традыцыйнай культуры ў Варшаве адразу ж ўцягнулі ўсіх прысутных у інтэрактыўныя гульні, заахвоцілі танчыць і дзяцей, і дарослых.

Першыя ўрокі ва ўсіх клясах — інтэрактыўныя

У першы навучальны дзень пасьля ўрачыстасьцяў дзетак падзялілі на чатыры групы — паводле ўзросту. І настаўнікі правялі першыя інтэрактыўныя ўрокі.

Спачатку ўсе перазнаёміліся паміж сабой. Самыя маленьнія асвоіліся імгнена, гулялі ў гульні і шмат сьмяяліся са сваімі новымі маладымі настаўніцамі.

У дзетак сярэдняга школьнага ўзросту быў нейкі «містычны урок»: яны спачатку загадвалі жаданьні, задзьмувалі сьвечкі, а потым рабілі прыгожыя аплікацыі.

У самых старэйшых быў сур’ёзны прадмет — «Чалавек і сьвет». На самым пачатку ўроку маладыя людзі зьбянтэжыліся, калі настаўнік загадаў называць яго проста «Андрэй», без імя па бацьку. Потым, здаецца, усё ж спыніліся на форме звароту да настаўніка «спадар Андрэй».

Некаторыя дзеткі нядаўна прыехалі ў Польшчу і яшчэ ня ведаюць польскай мовы. Ёсьць і такія, якія авалодалі польскай, а вось зь беларускай у іх праблемы.

«Мы тут жывём ужо 6 гадоў, наша дачка Ганна ў Беларусі правучылася толькі 1 год. Сёлета яна ідзе ў 8 клясу, цудоўна ведае польскую мову, у яе добрыя адзнакі па ўсіх прадметах. А вось зь беларускай мовай цяжкавата. Мы вельмі рады, што адкрылася такая школа. Да таго ж, яна цалкам бясплатная. І будуць гурткі па народнай творчасьці, танцавальныя — нам гэтага тут вельмі не хапае», — кажа Вольга, маці 8-клясьніцы Ганны.

«Васьмігадовы Ян пойдзе ў другую клясу, па-польску ўжо добра размаўляе — малыя дзеці ўсё схопліваюць на ляту. Беларускую мову ён таксама ведае — мы дома паміж сабой размаўляем па-беларуску. Але ён вельмі жвавы, актыўны, яму не хапае кантактаў з аднагодкамі-беларусамі. Тут ужо пазнаёміўся зь іншымі хлопчыкамі», — распавядае Кацярына, маці Яна.

Дзеці таксама могуць наведваць мастацкія гурткі і студыі на шматлікіх пляцоўках беларускіх арганізацый культуры. Навучаньне ў новай Беларускай школе ў Варшаве цалкам бясплатнае.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]