Ён навучыў правільнаму сцэнічнаму маўленьню цэлыя пакаленьні беларускіх актораў.
Памёр Андрэй Каляда — вучоны і пэдагог, знаўца беларускага тэатру і беларускай мовы, які навучыў правільнаму сцэнічнаму маўленьню цэлыя пакаленьні беларускіх актораў. Прафэсар Каляда і сам зрабіў узорныя аўдыёзапісы многіх выдатных твораў беларускай літаратуры, паведамляе «Радыё Свабода».
Андрэй Каляда нарадзіўся 3 чэрвеня 1940 у вёсцы Панямонь Наваградзкага раёну Горадзенскай вобласьці. Вядомы беларускі літаратуразнавец, тэатразнавец, пэдагог. Кандыдат пэдагагічных навук.
Быў прарэктарам Беларускай акадэміі мастацтваў (1989–2008). У 1993 годзе атрымаў ступень прафэсара.
Пасольства Вялікай Брытаніі ў Рэспубліцы Беларусь фінансавала стварэньне пры «Беларускім свабодным тэатры» студыі гуказапісу, адукацыйнага праекту «Fortinbras», а таксама выданьне зборнікаў п’ес і аўдыёспэктакляў на кампакт-дысках. Дзякуючы гэтаму Андрэй Каляда зрабіў аўдыёзапісы раманаў Івана Мележа «Людзі на балоце», Уладзімера Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» і «Каласы пад сярпом тваім», аповесьці Вольгі Іпатавай «Прадслава».
Рэдакцыя Charter97 выказвае шчырыя спачуваньні родным і блізкім Андрэя Каляды.