Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як Алесь Адамовіч змагаўся за праўду пра Чарнобыль

26.04.2009 общество

Алесь Адамовіч ва ўсім, за што ні браўся, быў першапраходцам. Першым у Беларусі ўзняў атамную праблему яшчэ за 5 гадоў да Чарнобыля.

«Адным з першых у свеце рэальна асэнсаваў і ацаніў маштабы найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагоддзя, яе наступствы для лёсаў ягонай роднай зямлі і нашай планеты», — пісаў расійскі акадэмік, прэзідэнт Курчатаўскага інстытута Яўген Веліхаў. Потым першым ці не ў адзіночку кінуўся змагацца з камуністычнай сістэмай, каб паведаміць суайчыннікам страшную праўду, якую ад іх хавалі: з 350 умоўных хірасімскіх бомб 300 упалі на Беларусь.

Алесь Адамовіч пачаў думаць пра атам яшчэ ў 1981 годзе. «На планеце няма надпісу на нейкіх дзвярах: «Запасны выхад». Не будзе куды бегчы ў выпадку ядзернага пажару», — чытаем у ягоным нататніку «От не убий человека до не убий человечество». У 1985-м ён складае «Катехизис ядерного века», які і сёння гучыць востра і надзённа.

У ноч на 27 красавіка 1986 года Алесь Адамовіч, яшчэ нічога не ведаючы, ляцеў на самалёце з Мінска ў Жалезнаводск. А ўжо 7 траўня ён адказваў на ліст свайго сябра Васіля Быкава: «Дарагія пацярпелыя — Васілёк, Ірына і ўвесь народ цяпер ужо двойчы хатынскі! Ці так: хатынскі і плюс хірасімскі… Я павінен ехаць да навукоўцаў у Маскву. Цікава б запытацца ў высакалобых: адказвае ці не адказвае навуковец-фізік, хімік і г.д., калі яго небяспечную штучку даводзіць, рэалізуе безадказна п’яны «дзядзька Вася»? Думаю, што яны ў адказе».

Адамовіч вяртаецца дадому, сустракаецца з навукоўцамі ў Мінску і ў Маскве, здабывае і аналізуе засакрэчаную інфармацыю аб наступствах аварыі на ЧАЭС. Ягоная мэта — як мага хутчэй данесці жахлівыя факты да грамадскасці.

1 чэрвеня 1986-га Алесь Адамовіч прывёз асабісты ліст генсеку ЦК КПСС Міхаілу Гарбачову: «Не будзем шумець «на ўсю Еўропу», але ж мы разумеем, что Беларусь перажывае нешта супастаўляльнае толькі з яе трагедыяй у гады мінулай вайны. Пад пытаннем само існаванне (фізічнае) 10-мільённага народа. Радыяцыя ўдарыла найперш па нашай рэспубліцы”. Зварот разглядалі на Палітбюро, і ўжо праз два дні ў Мінск прыбыла дэлегацыя маскоўскіх спецыялістаў. Але БССРаўскі партактыў вырашыў праблему па-свойму.

«Таварышы Слюнькоў (першы сакратар ЦК КПБ), Барташэвіч (другі сакратар ЦК КПБ), Кавалёў (старшыня Саўміна БССР) проста-такі сценку выбудавалі супраць усякай дапамогі рэспубліцы… Калі кіраўнікоў УССР і БССР паклікалі ў Маскву, Ляшко (украінскі прэм’ер) паўтары гадзіны енчыў і плакаўся, як у іх усё кепска і трэба ім дапамагчы. А наш Кавалёў за дзесяць хвілін скончыў справаздачу. Мікалай Іванавіч Рыжкоў (старшыня Саўміна СССР і Камісіі па Чарнобылі) паляскаў яго па плячы: “Вось, вучыцеся ў беларусаў», — прыгадваў Адамовіч.

Літаратара-мысляра, які дабіваўся, каб паўмільёна чалавек тэрмінова адсялілі з забруджанай зоны, абвінавацілі ў «пацифизме, паникерстве, святотатстве и кликушничестве», прымусіўшы з’ехаць з Беларусі. Часопіс «Политический собеседник» тады пісаў: страшней ворагаў перабудовы за Адамовіча і Быкава няма. Пазбавіліся сваіх месцаў і аднадумцы, якія забяспечвалі Адамовіча сакрэтнай інфармацыяй, — дырэктар Інстытута ядзернай энергетыкі Васіль Несцярэнка, прэзідэнт Акадэміі навук Мікалай Барысевіч і сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Аляксандр Кузьмін.

Ягоны першы «чарнобыльскі» артыкул у прэсе выйшаў толькі праз тры гады пасля катастрофы - раней не дазвалялі.

«Бацька раней за іншых пабудаваў лагічны ланцуг» Курапаты — Хатынь —Чарнобыль», — кажа дачка літаратара, складальніца кнігі «…Имя сей звезде Чернобыль» (2007) Наталля Адамовіч. — «Вінаватых Чарнобыля трэба судзіць, — пісаў ён. — Непазбежны экалагічны Нюрнберг, бо калі не спыніць гэтую безадказнасць, кругавую паруку і вялікую хлусню на ўсіх узроўнях, мы не ўратуемся ні ад Чарнобыля, ні ад непазбежных новых катастроф».

Пасля Чарнобыля Адамовіч дапускаў будаўніцтва атамных станцый толькі пад скальным грунтам (праект Сахарава), а паратунак чалавецтва бачыў у альтэрнатыўнай энергіі, якая не атручвае і не разбурае навакольнае асяроддзе.

— Упэўнена, бацька быў бы супраць цяперашняга будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Ён быў перакананым праціўнікам «мірнага атаму» і лічыў, што пакуль навука не дасягне новага ўзроўню бяспекі, будаўніцтва АЭС трэба забараніць, — дзеліцца Наталля Аляксандраўна. — Сёння, калі атам трапіў у рукі недэмакратычных рэжымаў, ўсё, пра што пісаў бацька, як ніколі актуальна. Веліхаў аднойчы сказаў мне: «Памёр Адамовіч, і ў свеце не стала чалавека, які б змагаўся за нашу будучыню».

«Чарнобыль не ззаду, ён наперадзе. Нам жыць і жыць (і паміраць) побач з ім дзесяцігоддзі, стагоддзі нават пасля таго, як усе блокі чарнобыльскага “мільённіка” прыбяруць з вачэй. Цяпер Чарнобыль у глебах, у вадзе, у прадуктах харчавання. Потым ён выяўляць сябе будзе праз гены — цягам стагоддзяў», — па-прарочы пісаў Адамовіч амаль два дзесяцігоддзі таму.

Дарэчы

Адамовіч пісаў для Галівуда

У 1987 годзе Адамовіч скончыў сцэнар для мастацкага фільма «…Имя сей звезде Чернобыль», рэжысёрам якога мусіў стаць вядомы амерыканскі спецыяліст Стэнлі Крамер. Стужку ўзялася здымаць кінакампанія Columbia Pictures. Амерыканцы зацвердзілі тэкст, але ў Крамера (яму тады было за 70) нешта здарылася ў сям’і, і праект так і застаўся неажыццёўлены. Шкада, бо мог атрымацца эпахальны фільм, які данёс бы да чалавецтва маштаб аварыі і бяду беларускага народа.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]