Аэраразведчык Палка Каліноўскага расказаў, як яны выяўляць месцы дыслакацыі ворага.
Да вайны Аляксандр (імя зменена) працаваў айцішнікам у Беларусі. Пасля нападу Расіі на Украіну хлопец запісаўся ў Полк Каліноўскага. «Разумеў, што магу быць там карысным у такой жа альбо сумежнай сферы». Так ён трапіў у аэравыведку. Аляксандр расказаў «Нашай Ніве», якое абсталяванне ў іх ёсць, якія перашкоды чыніць вораг і да чаго ў пачатку вайны ён не быў гатовы.
«Звычайныя дроны ўкраінцы змаглі пераўтварыць у баявыя»
Перад гутаркай Аляксандр папярэджвае, што на беларускую мову ён перайшоў яшчэ не цалкам, але хоча адказваць на роднай мове.
«Украінцы вельмі рады, калі размаўляеш з імі па-беларуску», — кажа ён.
Аляксандру 28 гадоў. Хлопец звольніўся з IT-кампаніі, у якой працаваў у Беларусі, і ў сакавіку выехаў у Польшчу. А праз некалькі тыдняў быў ужо ў Палку Каліноўскага.
Там ён стаў старшынёй групы па аэравыведцы. Яго каманда з дапамогай дронаў выяўляе месцы, дзе базуецца вораг.
«Разумеў, што магу быць карысным у ІТ альбо сумежнай сферы, — кажа ён. — Яшчэ ў Варшаве купіў дрон, там паспрабаваў палётаць. Потым перадаў некалькі ў Полк».
Сабраныя відэадоказы і каардынаты Аляксандр перадае ў пункт паражэння агнём. Там ужо вырашаюць, ці трэба біць па цэлі.
«Снарадаў і артылерыі не шмат, траціць іх на пяхоту не хочуць, таму стараюцца больш біць па тэхніцы, камандных пунктах, складах», — тлумачыць хлопец.
Сказаць, колькі ў аэравыведцы чалавек і адзінак тэхнікі, Аляксандр не можа — гэта закрытая інфармацыя.
«Але людзей дастаткова шмат, нават калі параўноўваць з украінскімі падраздзяленнямі. Сярод нашых большасць айцішнікі. Чаму яны? Праца звязана з тэхналогіямі, рознымі праграмамі. Магу сказаць, што ў нас досыць кампетэнтныя хлопцы», — расказвае ён.
Разам з камандай Аляксандр займаецца падрыхтоўкай ноўтбукаў, планшэтаў, дронаў, іх прашыўкай (гэта трэба для таго, каб дронаў не было бачна на радарах ворага), закупкамі абсталявання.
«Маем вялікія тэлевізары, каб займацца дэшыфроўкай відэа. На такіх экранах лепш усё бачна. Ёсць абсталяванне па сувязі.
Нам даецца заданне, едзем на месца, займаем пэўныя пазіцыі і пачынаем з дапамогай дронаў выяўляць дыслакацыю ворага, яго тэхнікі. Гэтыя даныя мы перадаем. Потым кантралюем працэс, сочым, па якіх каардынатах будуць біць. Калі нешта не так — карэктуем», — кажа Аляксандр.
Па словах хлопца, аэравыведка ў Палку была сфармавана ў самым пачатку вайны.
Былі цяжкасці ў пачатку з навучаннем: усе кваліфікаваныя інструктары знаходзіліся на фронце. Многім байцам прыходзілася вучыцца самім з адкрытых крыніц.
«На першых выездах узровень падрыхтоўкі ў нас быў нізкі. Пасля знайшлі ўкраінскія суполкі, дзе пачалі ствараць курсы, сталі абменьвацца досведам.
Я вучыўся працаваць з дронамі сам. Было некалькі лекцый, але далёка не сістэматычна. Цяпер мы наладзілі сістэму па навучанні, эфектыўнасць якой вялікая.
Лекцыі — гэта добра, але яны не рыхтуюць да выканання практычных задач. З перашкодамі, якія ладзіць вораг, напрыклад, калі глушаць частоты, сутыкаешся непасрэдна на месцы», — дзеліцца ён.
Наколькі блізка пілоту трэба знаходзіцца ад дрона, залежыць ад тэхнічных асаблівасцей прылады.
«Дроны ёсць розныя, — расказвае Аляксандр. — Ёсць такія, якія лепш не адпускаць далей за кіламетр, іх выкарыстоўваюць пяхотныя падраздзяленні для каардынацыі і агляду поля бою. Ёсць крыху больш прасунутыя, якія выкарыстоўвае як пяхота, так і аэравыведка — лётаюць на 5-10 кіламетраў. Ёсць разведвальныя крылы — далёкасць іх палёту можа дасягаць дзясяткаў кіламетраў. Усё залежыць ад задач.
Нядаўна валанцёры перадалі нам некалькі высокаякасных дронаў, якія дазваляюць з большай дыстанцыі рабіць аэравыведку.
У апошні час, дзякуючы валанцёрам, мы практычна закрылі асноўныя патрэбы ў дронах усіх тыпаў. Але шмат з іх губляецца ў баявых умовах, так што дапамога валанцёраў нам патрэбна пастаянна.
Я бы сказаў, што ў дадзены момант ва Украіне вельмі добрая сістэма аэравыведкі. Гэта без жартаў. Па-першае, тут знаходзіцца шмат кваліфікаваных спецыялістаў, у якіх ёсць баявы досвед. Па-другое, нават нейкія звычайныя дроны ўкраінцы змаглі пераўтварыць у баявыя. І іх шмат. Па-трэцяе, амаль што на кожнай пазіцыі ёсць свая аэравыведка».
«Спадзяваўся, што людзі ў Беларусі адзіным рухам выступяць супраць вайны»
Падчас першага абстрэлу Аляксандр адчуў адрэналін.
«Пачынаеш інакш успрымаць сусвет, падзеі навокал, складана сканцэнтравацца. Але да гэтага таксама прывыкаеш, вучышся кантраляваць такія выплескі.
Стала адбываюцца дастаткова блізкія ад нас прылёты. Да гэтага таксама прыстасоўваешся, проста глыбей акоп капаеш», — расказвае ён.
У пачатку вайны значная перавага па колькасці ваенных дронаў была ў расіян. Цяпер — ва ўкраінцаў.
«Вораг таксама спрабуе выкарыстоўваць цывільныя дроны, але ў іх няма супольнасці па распрацоўцы тэхналогій, — тлумачыць хлопец. —
Дроны-камікадзе ў расіян распаўсюджаны, але ва ўкраінцаў яны таксама ёсць. Праблема ў тым, што ракета, якой іх можна збіваць, даражэйшая, чым сам дрон.
У нас у камандзе ёсць людзі, якія такія дроны распрацоўваюць. Магчыма, у будучыні зможам запусціць серыйную вытворчасць, гэта павысіць эфектыўнасць нашай працы».
На пытанне, чаму Аляксандр вырашыў ехаць у Полк, ён адказвае, што адчуваў боль за Украіну яшчэ ў 2014-м. Цяпер, падчас поўнамаштабнай агрэсіі, хлопец не змог застацца ў баку.
«Быў вельмі абураны, — дзеліцца ён. — Спачатку думаў зрабіць нешта ўнутры Беларусі, дачакацца так званага рэферэндуму. Спадзяваўся, што людзі адзіным рухам выступяць супраць вайны, але зразумеў, што з-за тэрору ў краіне немагчыма нешта рабіць. Таму вырашыў ехаць ва Украіну».
У пачатку Аляксандр не разумеў, што такое вайна і як на фронце ўсё уладкавана.
«У першы час я не быў гатовы забіваць. Усё ж такі цывільны чалавек, айцішнік», — кажа ён.
Цяпер погляды хлопца змяніліся.
«Не забіваючы ворага, немагчыма дасягнуць перамогі, — лічыць ён. — З аўтамата я сам ніколі не забіваў. Проста разумею, што з маёй дапамогай ўжо пазабівалі дастаткова шмат ворагаў».
«Да сваёй працы на вайне я прызвычаіўся»
Пасля 2020-га ў Аляксандра было жаданне з’ехаць з Беларусі, але ён лічыў, што яшчэ можа ладзіць супраціў унутры краіны.
«Чаго баяцца крымінальнай адказнасці? Камусьці ж трэба было рабіць такія рэчы», — дзеліцца ён.
Сваім родным хлопец не казаў, што паехаў ваяваць, бо так для іх бяспечней.
«У мяне была дзяўчына, ёй я расказаў. Яна была часткова супраць, але я ўсё ж вольны чалавек, адстойваю свае прынцыпы.
Да сваёй працы на вайне я прызвычаіўся. Рэчы, якія раней лічыў важнымі, перасталі для мяне такімі быць. Напрыклад, грошы. Яны не маюць ніякага значэння, калі ты на вайне», — расказвае ён.
Знаходзіцца на фронце вельмі доўга — небяспечна для псіхікі. Таму Аляксандр стараецца браць адпачынкі.
«Калі не будзеш пераключацца, то пасля вайны не зможаш вярнуцца ў нармальнае жыццё, вызваліцца ад вайны.
Першы раз неяк было дзіўна: раніцай яшчэ па табе страляюць, сядзіш у акопе, а вечарам ужо прыязджаеш у спакойны горад, дзе мірнае жыццё. Некамфортна».