Ён быў адным з найбуйнейшых і найвядомейшых беларускіх літаратараў у Польшчы.
На 83-м годзе жыцця памёр беларускі паэт і перакладчык з Падляшша Ян Чыквін. Пра гэта паведаміў у Facebook пісьменнік і журналіст Алесь Аркуш.
Ян Чыквін нарадзіўся ў 1940 годзе ў вёсцы Дубічы-Царкоўныя каля Гайнаўкі на Беласточчыне. У 1964 годзе скончыў філалагічны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта, працаваў навуковым супрацоўнікам філіяла Варшаўскага ўніверсітэта ў Беластоку, быў выкладчыкам Варшаўскага ўніверсітэта і ўніверсітэта ў Беластоку.
Шмат гадоў быў старшынёй Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа», галоўным рэдактарам часопіса «Тэрмапілы». З'яўляўся членам Саюза польскіх пісьменнікаў і беларускага ПЭН-цэнтра. Жыў у Бельску-Падляскім.
Ян Чыквін быў адным з найбуйнейшых і найвядомейшых беларускіх літаратараў у Польшчы, аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў. Ягоная паэзія — філасофская, сімвалічная, часам ускладнёна-метафарычная.
Акрамя таго, як літаратуразнаўца вывучаў рускую паэзію «сярэбранага веку», а таксама з'яўляецца аўтарам зборніка «Далёкія і блізкія. Беларускія пісьменнікі замежжа» (Беласток, 1997).