Жонка палітвязьня Ігара Лосіка ў кастрычніку апынулася за кратамі.
Дэпутат нямецкага Бундэстагу Робін Вагенэр напісаў адкрыты ліст Дарʼі Лосік, жонцы палітвязьня Ігара Лосіка, якая ў кастрычніку сама апынулася за кратамі.
«Я ад усёй душы жадаў бы, каб цябе асабіста абмінула гэтая несправядлівасьць і каб ты, застаючыся побач з (дачкой. — рэд.) Паўлінай, працягвала змагацца за вызваленьне Ігара. Твая непахісная мужнасьць і твая нязломная воля на працягу ўсяго гэтага часу глыбока краналі мяне і рабілі на мяне глыбокае ўражаньне. Мне хацелася б, каб ты ведала, што я не забыўся і не забуду ніколі ні Ігара, ні цябе, ні Паўліну», — цытуе ліст Вагенэра «Вясна».
«Мая глыбокая павага і ўдзячнасьць, мая салідарнасьць і падтрымка вашай нястомнай прыхільнасьці дэмакратыі і правам чалавека ёсьць нязьменнымі — і яны застануцца такімі. Паўліне патрэбныя бацькі. Беларусі патрэбныя такія сьмелыя дэмакраты, як вы зь Ігарам. Эўропе патрэбная дэмакратычная Беларусь», — піша дэпутат Бундэстагу.
«Ад усёй душы, дарагая Дарʼя, зычу табе ўсіх сіл, неабходных для будучага часу, падзеі якога ніколі не павінны былі адбыцца такім чынам. Я цьвёрда стаю на тваім і вашым баку. Мы ніколі ня спынім выступаць за вашу свабоду», — заключае Робін Вагенэр.