Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Андрэй Саннікаў: Лукашэнкаўскія пачвары будуць судзіць Нобелеўскага лаўрэата

11.12.2022 политика
Андрэй Саннікаў: Лукашэнкаўскія пачвары будуць судзіць Нобелеўскага лаўрэата

Алеся Бяляцкага трэба вызваляць намаганнямі ўсяго свету.

У Осла адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння Нобелеўскай прэміі міру.

За цырымоніяй назіраў і лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў.

Палітык адказаў на пытанні «Радыё Рацыя»:

- Якія ўражанні ў Вас пакінула прамова Наталлі Пінчук?

- Па-першае, хацеў бы нас з вамі павіншаваць з гэтай узнагародай. Гэта сапраўды вялікі гонар і вялікая падтрымка і Алеся, і тых, хто за кратамі, і ўсіх беларусаў.

А што тычыцца прамовы – як яна называецца лекцыя – то вельмі моцнае ўражанне зрабіла. Сапраўды, узровень Нобелеўскага лаўрэата. І тое, што гэта гучала на беларускай мове, гэта было цудоўна!

- На Вашую думку, як дыпламата, неяк пасадзейнічае гэта прыцягненню ўвагі зноў да Беларусі? Магчыма, хутчэйшаму вызваленню палітвязняў? Ці змяненню ўмоваў утрымання?

- Я думаю, відавочна, пасадзейнічае. Відавочна, зараз зноў ёсць увага, і я думаю, што гэта ж не адзін дзень будзе. Наталля ў складаных умовах, таму што яе муж Алесь сядзіць за кратамі, і яна будзе таксама сустракацца і з журналістамі, і з палітыкамі. Я лічу, гэта вельмі важна.

Хацеў бы адзначыць, што яна больш не называла гэтую лічбу палітвязняў, якія ў нас ёсць, якая гуляе па медыях, а казала пра тое, што ў нас тысячы палітвязняў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных. Гэта сапраўды так, і я хацеў бы адзначыць гэты момант.

Свет павінен на гэта рэагаваць і павінен рэагаваць на словы Нобелеўскага лаўрэата. То бок, і сам выступ быў моцны, і тыя моманты, якія там прагучалі, і тыя словы, якія цытаваліся і Алесем, і Наталляй, гэта было настолькі годна, настолькі ў кропку трапіла, што я проста ў захапленні.

Хачу адзначыць, што Алесь Бяляцкі – адзіны ў гісторыі Нобелеўскі лаўрэат, якога будуць судзіць. Іншыя, якіх мы ведаем, ужо былі асуджаныя, былі за кратамі.

Уявіце сабе, вось гэтыя лукашэнкаўскія пачвары будуць судзіць Нобелеўскага лаўрэата! Усе справы сфабрыкаваныя супраць палітвязняў, усе гэта ведаюць цудоўна. І супраць Алеся асабліва.

Таму яго трэба вызваляць і дазволіць Алесю атрымаць гэтую прэмію. І трэба на гэта націскаць і звяртаць увагу міжнароднай супольнасці.

Я б хацеў яшчэ таксама ўзгадаць, што спадарыня Аляксандра Матвійчук з Украіны, сказала таксама, што злачынцы – Пуцін і Лукашэнка (яна ўзгадала Лукашэнку), павінны быць асуджаны. І вось тры Нобелеўскія лаўрэаты кажуць пра Пуціна і пра Лукашэнку як пра злачынцаў, як пра забойцаў. І гэта кажуць на ўвесь свет. І будуць яшчэ казаць.

Гэта вельмі моцная падтрымка па-першае, змаганню нашага народа за свабоду, за правы чалавека, за незалежнасць, а па-другое, гэта ўжо вельмі рашучы крок да Міжнароднага трыбуналу, які павінен паўстаць, каб асудзіць гэтых злачынцаў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]