Iерарх Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі звярнуўся да вернікаў напярэдадні Раства Хрыстовага.
Са святам Раства Хрыстовага, з Калядамі павіншаваў вернікаў біскуп Гарадзенскі Аляксандр Кашкевіч – іерарх Гарадзенскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі.
Асобнае месца ў віншавальным слове гарадзенскі ўладыка прысвяціў міру ў нашым свеце, нашай зямлі. Ён засяродзіў думку на тым, што ўсе несмяротныя душы пакліканы ў свеце да будавання, а не разбурэння, да міру, а не вайны.
– Мы павінны ўносіць мір у нашыя сэрцы ў нашыя сем’і, грамадства, паўсюль, дзе мы жывем, дзе мы ёсць, каб чалавецтва прыняло пасланне міру, якое нясе Божае нараджэнне.
Мы молімся ў гэты час асабліва за тыя месцы, дзе ідуць канфлікты, дзе пакутваюць нявінныя людзі. Просім, каб народжаны Езус, Князь супакою, адорваў усіх супакоем сэрца, шчырай любоўю, сардэчным позіркам, каб усе людзі на Зямлі здолелі супольна шукаць шляхі любові і міру.
Біскуп Кашкевіч заўважыў, што «ў нашыя сённяшнія часы жаданнем кожнага чалавека з’яўляецца тое, каб разам з Бэтлеемскім святлом нашыя дамы і сем’і, нашую краіну і ўвесь свет агарнуў доўгачаканы мір», «каб мы былі здольныя дараваць адно аднаму, падаць руку, пазбягаць гневу і нянавісці, а думкі нашыя, каб заўсёды былі поўныя дабрыні».