Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Магу на Новы год працаваць, але на Раство — ніколі»

24.12.2022 общество
«Магу на Новы год працаваць, але на Раство — ніколі»

Як беларусы сустракаюць Божае Нараджэнне.

У нядзелю каталікі і пратэстанты адзначаюць адно з самых важных і атмасферных свят — Божае Нараджэнне, але даволі кранальная і атмасферная падзея адбываецца напярэдадні Раства, калі сям'я з першай зоркай сядае за стол, а пасля рушыць у храм. Называецца такая перадкалядная вячэра вігілія, альбо посная куцця. Журналісты onliner.by даведаліся пра яе сэнс, сімволіку і паглядзелі, якія стравы гатуюць у гэты дзень.

Звычай збірацца ўсёй сям'ёй дома напярэдадні Божага Нараджэння мае даўнейшыя карані і насычаны вялікай колькасцю рэлігійных і народных сімвалаў.

— Вігілія — пярэдадзень Божага Нараджэння ў каталікоў, які мае пры гэтым ужо святочны характар, — кажа ксёндз Кірыл Бардонаў. — У розных краінах ён адзначаецца са сваімі адметнасцямі, і тыя традыцыі, якія мы можам убачыць у Беларусі, адсутнічаюць нават у другіх краінах Усходняй Еўропы. Гэта відавочна сямейная падзея. Гасцей прымаюць і падарункі дораць 25 снежня, а напярэдадні ўсе збіраюцца сем'ямі.

Фото: onliner

Сярод беларускіх каталікоў прынята сядаць за стол са з'яўленнем першай зоркі на небе. Як тлумачыць ксёндз Кірыл, гэта сімвал зоркі, якая, паводле Бібліі, з'явілася на небе ў момант нараджэння Ісуса Хрыста і паказала шлях тром мудрацам. Яны вырашылі, што на свет з'явіўся новы цар Іўдзейскі, і пайшлі за зоркай пакланіцца народжанаму Хрысту ў Віфлеем.

— Перад тым як сесці за стол, пад белы абрус гаспадары кладуць сена, — працягвае ксёндз Кірыл. — Гэта падкрэслівае тую беднасць, у якой нарадзіўся Хрыстос. Некаторыя лічаць, што гэта быў хлеў, аднак Ісус нарадзіўся ў пячоры — побач з жывёламі, якія спажывалі сена. Перад вячэрай прынята, каб галава сям'і зачытаў урывак пра нараджэнне Хрыста з Евангелля і малітву, а пасля кожны з кожным дзеліцца аплаткай — тонкай пліткай белага поснага хлеба, складаючы адно аднаму віншаванні.

Фото: onliner

Што цікава, калі вы раскажаце пра аплатку каталікам з Францыі ці Іспаніі, то яны наўрад ці вас зразумеюць. Гэта цалкам мясцовая традыцыя, якая характэрна для Беларусі і некаторых суседніх краін.

На стале традыцыйна павінна быць 12 страў — па колькасці апосталаў. У цэнтр стала часта ставяць свечку і маленькія яселькі з Хрыстом — мініяцюрныя копіі буйных кампазіцый, якія ў гэтыя дні можна пабачыць каля касцёлаў. Такія сцэнкі ўпершыню з'явіліся яшчэ ў 13-м стагоддзі ў Італіі дзякуючы намаганням святога Францыска.

Пра стравы пагаворым яшчэ асобна, але ўсе яны мусяць быць поснымі. Дарэчы, у некаторых краінах гатуюць тлустую ежу, але сярод беларускіх каталікоў (магчыма, пад уплывам праваслаўных) прынята спажываць выключна посныя стравы. Ну і яшчэ адна важная традыцыя — за сталом абавязкова пакідаюць адно вольнае месца для нечаканага госця. Тут таксама ёсць свой падтэкст. У Евангеллі сказана, што цяжарную Марыю з Юзафам, якія былі ў дарозе, ніхто не хацеў прымаць. Таму нараджаць прыйшлося ў пячоры, але хрысціянін павінен даць прытулак самотнаму чалавеку, які заблукаў у гэты дзень.

«Святкуем гэтак, як і нашыя бацькі, дзяды»

Што гатуюць на вігілію? Пра гэта нам падрабязна распавяла і ўсё паказала спадарыня Алена Захарэвіч. Яна жыве ў аграгарадку Людвінова, што ляжыць у маляўнічых лясах каля Вілейскага вадасховішча. Разам з мужам Леанідам яна 39 гадоў, і, як запэўнівае жанчына, яшчэ не было такога, каб у сям'і не адзначылі Божае Нараджэнне і не сабраліся на вігілію. Леанід ужо даўно працуе дальнабойшчыкам, за 24 гады аб'ездзіў амаль усю Еўропу і Расію, але заўжды загадзя дамаўляўся з кіраўніцтвам, каб на свята адпускалі дадому. Мужчына падкрэслівае, што гатовы рабіць хоць на Новы год, але толькі не на Божае Нараджэнне — гэта для яго, як кажуць, святое.

Фото: onliner Фото: onliner

Цяпер спадарыня Алена на пенсіі, і часу вольнага паболей, але раней жанчына працавала ў дзіцячым садку, мясцовым ФАПе, вігілія нярэдка прыпадала на працоўны дзень, і, каб усё прыгатаваць, прыходзілася папрацаваць уначы з 23 на 24 снежня. Пакуль муж быў у рэйсе, з гатоўкай ёй дапамагалі сыны. Цяпер, праўда, яны ўжо дарослыя, жывуць у буйных гарадах, але заўжды на свята стараюцца прыехаць да маці з бацькам. Гэтым разам крыху раней да бацькоў з Бараўлянаў вырваўся з дачкой сын Аляксей і прывёз сваю фірмовую і ўлюбёную страву — фаршыраванага шчупака.

Фото: onliner

— Так прынята ва ўсёй вёсцы. Хто адкуль, але ўсё павінны прыехаць да бацькоў. Мы святкуем гэтак, як і нашыя продкі. І як яны рабілі вігілію, так і мы робім. І хоць дзеці прыязджаюць часам з самага ранку, ніхто на стол мясную ежу не падае. Посны дзень значыць посны, — кажа гаспадыня. — А як першая зорачка з'явіцца, значыць, зачынаецца свята, усе сядаюць за стол.

У падрыхтоўцы заўжды ўдзельнічаюць дзеці і ўнукі. Ставім стол, кладзём сена і заўсёды засцілаем самым прыгожым абрусам.

Крыху сянца кладзём на сам абрус і пакрываем ужо абрусам саматканым, ільняным. Гэты старадаўні — ад бабулі застаўся. Далей ставім яселькі, Матачку Боскую, запальваем свечку і побач усталёўваем фігуркі тых, хто прыйшоў павітаць Ісуса. Паўтаруся, пакуль зорка на небе не з'явіцца, мы не сядалі.

— А калі зорак бачна не было? — пытаюся ў гаспадыні.

— Ну тады як цямнела, так і сядалі. Лічылася, што зорка ўжо мусіць быць на небе, — дадае суразмоўца.

Фото: onliner

Якія стравы на вігілію гатуе Алена Захарэвіч? Жанчына запэўнівае, што амаль нічога пакупнога на стол не ставіць — усё прыгатавана са свайго агарода. Парыцца бульба, ставяцца грыбы з цыбуляй, запраўленыя алеем, абавязкова гатуецца поліўка, квашаная капуста, салата з морквы, смажанай цыбулі і грыбоў. Для дзяцей — кісель з ягад і посныя пончыкі на вадзе, пасыпаныя цукровай пудрай.

Фото: onliner

Ну і, безумоўна, куцця — з аўсянкі, груцы, з дабаўленнем курагі, мёду і разыначак для смаку.

Фото: onliner

— Варылі яе даўней вось у такім гаршчочку і ў ім жа кашку прыносілі на стол, — тлумачыць гаспадыня. — Але мы зараз падаём у другіх — у гліняных гаршках. Кожны абавязкова павінен быў з'есці па лыжцы, а астатняе мусіла застацца для продкаў. У нас у такіх выпадках яшчэ прамаўлялі: «Пану Езусу гасцінца трэба пакінуць». Ежа, дарэчы, ніколі не прыбіралася пасля вігілійнай вячэры. Казалі, да раніцы рабіць гэтага нельга, бо лічылася, што ўначы пачаставацца прыходзяць нашыя продкі.

Фото: onliner Фото: onliner

Алена Захарэвіч прыгадвае, што пасля вячэры, калі яшчэ заставаўся час да святочнай службы ў касцёле, людзі спявалі калядкі, жартавалі, гуляліся, дастаючы з-пад абруса па саломінцы.

— Лічылася, якую саломку выцягнеш, такім і будзе ўраджай, — кажа Алена Захарэвіч. — Калі ты даўгую дастанеш, то будзе надта добра.

Ну а пасля ўся сям'я збіраецца на набажэнства ў старадаўні касцёл у суседнюю вёску Касцяневічы.

— Раней [пасля вайны] наш касцёл быў адзіным адкрытым у нашым раёне. Ні ў Даўгінаве, ні ў Вілейцы, ні ў Крывічах — выключна ў Касцяневічах. Далей — толькі ў Красным, што пад Маладзечна. Быў, праўда, час, калі не было ксяндза, і храм закрылі. Дык Юзэфа Карніловіч, якая захоўвала ключ ад касцёла, паехала ў Мінск, абяцала, што крыжам ляжа, але без ключа назад не вернецца. І вярнулі! Потым з'явіўся святар Станіслаў Жук, і ў касцёл — на святы і на імшу — прыязджалі з усяго наваколля.

Фото: onliner

Ну а 25-га будзе свята — са зразамі, каўбасамі, хрэнам, шчупаком, падарункамі, калядоўшчыкамі, з ксяндзом, які выправіцца наведваць вернікаў, паходам у госці. А ў Людвінова, кажуць, жывуць надта гасцінныя людзі, і ў іх можна насамрэч згубіцца на цэлы дзень, але гэта ўжо крышачку iншая гісторыя.

На развітанне Алена Захарэвіч з упэўненасцю кажа, што традыцыі, якія пераняла ў сваіх продкаў, у свякрухі, нікуды не дзенуцца і дзеці, паводле традыцыі, надалей будуць сустракаць Божае Нараджэнне.

— Я ж не перажываю. Дачок у мяне няма, але мае хлопцы ведаюць, як трэба зрабіць і паставіць на стол, бо змалку дапамагалі мне, калі Лёні не было, і ўсё памятаюць. За іх я спакойная, — неяк расчулена, але з задавальненнем кажа спадарыня Алена.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]