Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся да беларусаў з пастырскім словам на ўрачыстасць Божага Нараджэння 2022 года.
Сайт catholic.by апублікаваў пастырскае пасланне арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі звярнуўся на ўрачыстасць Божага Нараджэння 2022 года з наступнымі словамі:
— Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Божае Нараджэнне — час асаблівай радасці
Бог прыходзіць, моц трухлее,
Цар нябёс у чыстым ззянні!
Змрок гарыць, святло цямнее
За мяжой абмежавання.
Быў смяротны, стаў трывала
Ў вечнасці па-над вякамі,
Калі Слова Целам стала,
Нарадзіўшыся між намі.
(Францішак Карпіньскі, Песня пра Божае Нараджэнне)
У сённяшняе свята мы адчуваем хвалу Езуса ў Касцёле, у свеце, у нашых сем’ях; паўсюль, куды б мы ні паглядзелі. Хрысціяне з радасцю святкуюць спаўненне абяцання Бога Айца паслаць у свет Адкупіцеля. Перад тым, як Езус прыняў чалавечае цела, кожны раз, калі Бог размаўляў са сваім народам, Ён прамаўляў праз прарокаў. Але цяпер, калі Слова Божае канчаткова аб’яўлена нам, дарога, праўда і жыццё адкрыліся нам праз Езуса Хрыста.
Калі Езус прыйшоў у свет, многія не пазналі Яго, таму што ў іх былі зацвярдзелыя сэрцы. Яго ўласны народ адкінуў Яго і ўкрыжаваў, як найгоршага злачынцу. Аднак знайшліся тыя, хто прыняў Хрыста, таму што яны адкрылі свае сэрцы на ласку і праўду Божую. Тым, хто паверыў, Езус даў моц стаць дзецьмі Божымі праз веру і сакрамэнты.
Праз Езуса мы пазналі любоў і дабрыню Бога. Мы пазналі прабачэнне і міласэрнасць Бога, які ніколі не забываўся пра свой народ. Мы пазналі Бога, які чакае ўсіх нас, каб быць Яго усыноўленымі дзецьмі праз настойлівасць нашай веры.
Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння мы збіраемся разам, каб падзякаваць Езусу за тое, што Ён прыйшоў у свет. Праз нашую малітву і пакланенне мы праслаўляем Хрыста. Божае Нараджэнне — асаблівая пара года; гэта час, калі наш дух, перапоўнены радасцю, узвышаецца да Бога. Гэта дзень, калі хвала Божая вельмі выразна праяўляецца ў кожным з тых, хто святкуе прыйсце Езуса ў свет. Сёння мы молімся, каб хвала Пана была з намі на працягу наступнага года, каб мы заўсёды ззялі яркімі зоркамі ў любові Езуса.
2. Бог гаворыць праз прарокаў
У кнізе прарока Ісаі, мы чытаем прадказанне пра тое, як было абвешчана людзям, што Бог прыйдзе ў свет праз Езуса Хрыста. Прарок Ісая часта і шмат кажа пра тое, што час адкуплення грахоў выбранага народа скончыўся, што Ерузалем і размешчаная там Святыня хутка будуць адноўлены, а Бог вернецца ў свой дом.
Прыведзенае тут прароцтва мела гістарычны сэнс: пасля ўказу персідскага валадара Кіра і вяртання габрэяў з Вавілона ў Юдэю, Ерузалем і Святыня сапраўды былі адноўлены, і Ерузалем стаў буйным эканамічным, палітычным і культурным цэнтрам старажытнага Блізкага Усходу. Але Ісая кажа не толькі аб гісторыі. У цэнтры яго прапаведвання не вяртанне народа, а вяртанне Бога туды, адкуль Яго калісьці выгналі. Аднак Яго вяртанне не будзе азначаць вяртання ў мінулае. Цяпер Бог вяртаецца як Валадар, а значыць надыходзіць час урачыстасці таго Валадарства, аб якім казалі прарокі.
На старонках Старога Запавету мы можам прачытаць, што ў даўнія часы Бог многімі і рознымі спосабамі прамаўляў да людзей праз прарокаў, але калі нарадзілася Дзіцятка Езус, усё змянілася. Цяпер Бог гаворыць з намі праз свайго ўмілаванага Сына.
3. Прыніжэнне Божага Сына
Сын Божы, калі стаў чалавекам, не перастаў быць Богам. Езус Хрыстус застаўся тым, кім быў на працягу стагоддзяў — абяцаным Месіяй. Бог стаўся чалавекам, таму ў адной асобе злучаюцца дзве прыроды: боская і чалавечая — гэта значыць, што Езус Хрыстус з’яўляецца і сапраўдным Богам, і сапраўдным Чалавекам. Богачалавек нарадзіўся не ў палацы за трыумфальнай брамай, Ён нарадзіўся без ганаровай варты, без слугаў, без залпаў салютаў… Замест трона — халодная пячора, замест балдахіна — дзіравы дах.
Абставіны нараджэння Хрыста нагадваюць нам яслі-стаенкі — мастацкія кампазіцыі, якія размяшчаюць у касцёлах, дамах і на вуліцах нашых гарадоў.
Традыцыя ствараць яслі, распачатая святым Францішкам з Асізі, «дапамагае нам па-новаму перажыць гісторыю, якая адбылася ў Бэтлееме , абуджае пачуцці, заахвочвае стаць удзельнікамі гісторыі збаўлення, сучаснікамі падзеі, якая жыве і з’яўляецца актуальнай у розных гістарычных і культурных кантэкстах» (Папа Францішак. Апостльскі Ліст Admirabile signum).
Чалавек праз пыху захацеў быць роўным Богу. Таму Бог праз пакору і ўбоства Нованароджанага выпраўляе зло. Бог сышоў на зямлю, каб чалавек мог трапіць на неба. Ён стаў бедным, каб мы былі духоўна багатымі.
4. Аддаваць жыццё за Езуса і несці любоў
25 снежня — дзень вялікай радасці з нагоды Нараджэння Езуса Хрыста. Але ўжо на наступны дзень, у свята першамучаніка Стэфана, Нованароджаны спытае нас, што мы будзем рабіць далей. Ці гатовыя мы аддаць сваё жыццё за Яго? Ён будзе вучыць нас гэтаму, паказваючы на прыкладзе святога Стэфана, што прыняцце дару збаўлення звязана з канкрэтнымі ўчынкамі, з адмовай ад сябе — ад сваіх планаў, часам ад мараў або амбіцый, калі яны не адпавядаюць волі Бога — ажно да аддачы жыцця за Хрыста: за Таго, хто аддаў сваё жыццё за нас.
У Нованароджаным Хрысце мы бачым праяву Божай любові да кожнага чалавека. Нічога не трэба рабіць, каб заслужыць Божую любоў.
Каб Божая любоў магла дакрануцца да нас не толькі ў нашых фантазіях, Хрыстус запрашае нас дазволіць Богу любіць нас і дазволіць нам з любоўю адказваць на патрэбы іншых людзей, трымаць дзверы свайго сэрца адкрытымі, асабліва на тых, хто церпіць.
Дарагія браты і сёстры, ва ўрачыстаць Божага Нараджэння мы адчуваем блізкасць і моц Бога, якой бы складанай ні здавалася сітуацыя, у якой мы знаходзімся. Няхай радасць і супакой Пана Езуса заўсёды будуць у вашых сэрцах, так, як сёння. Нягледзячы на разнастайныя цяжкасці і праблемы, будзем старацца даручаць нашую будучыню Божаму Провіду. Будзем жа абвяшчаць сучаснаму свету дар бэтлеемскай весткі супакою і справядлівасці, салідарнасці і прабачэння. Няхай у нашых сэрцах запануе дабрыня да бліжніх і надзея на штодзённую блізкасць Збаўцы. Жадаю кожнаму, каб Езус Хрыстус нарадзіўся ў глыбіні сэрца.
Злітуйся, нябесны Сыне,
З нашай бацькаўшчыны мілай!
Хто жыве ў Тваёй краіне,
Ахіні святлом і сілай.
Абмінае хай навала
Нашы вёскі з гарадамі,
Калі Слова Целам стала,
Нарадзіўшыся між намі!
(Францішак Карпіньскі, Песня пра Божае Нараджэнне)
Свае пажаданні на радаснае святкаванне Божага Нараджэння і на ўвесць новы 2023 год падмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.