Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларускі дзэн

31.12.2022 политика
Беларускі дзэн

Рост насуперак гвалту - важкі струмень жыцця.

І чаму ж, здавалася б, я дасюль гляджу на падзеі з прыхаваным аптымізмам? Вось сапраўды, як можна захоўваць спакой і нават шукаць нейкі пазітыў нягледзячы на гэта вось усё? Можа проста оптыка збілася… Як у «павыехаўшага». Ну здавалася б, год выдаўся такім, што крыжа няма на чым ставіць: і братазабойчая вайна проста побач, дзе стары свет спрабуе зацягнуць у труну новы, і рэжым скінуў апошнюю маску і паказаў свой фашысцкі аскал напоўніцу, напаўняючы турмы тысячамі людзей, забараняючы арганізацыі і кнігі, аб’яўляючы сотні людзей і медыя экстрэмістамі, дабіваючы апошнюю рэшту прыватнай эканомікі і павяртаючы краіну ў геапалітычны прыдатак усходняй імперыі. Тут табе яшчэ нацыянальныя сімвалы і мову нішчаць, як ніколі раней, ды і жыццё эмігранцкае далёка не цукар, як бы хто адваротнае не думаў. Але…

Чалавек такая істота, што заўсёды канцэнтруецца на адчуваннях моманту і тым самым здраджвае погляду sub specie aeternitatis. Вось і мы, беларусы, такія: вельмі блізка прымаем да сэрца ўласную сітуацыю, а вось калі крыху ад яе у думках аддаліцца, аптымізму куды больш назіраецца.

Вайна, кажаце. Так, боль, скруха, сорам, безнадзейнасць – увесь спектр эмоцый ад назірання таго, калі тысячы людзей забіваюць за трызненні людажэрных ідэалогій. Бясконца шкада забітых і захапленне мужнасцю ўкраінцаў, якія не пабаяліся стаць косткай упоперак горла імперыі. І з адваротнага боку, кожная вайна – парушэнне статус кво, якое ў нашым рэгіёне было куды як незайздросным. Саўковы і калгасна-дэспатычны рэжым у Беларусі, маніякальна-паранаічны і зладзейскі рэжым у Расіі, карупцыйна-алігархічная палітыка ва Украіне і Малдове, здавалася нічога добрага краінам постсавецкага ладу чакаць не варта. Цяпер жа Україна - з’яднаная і моцная як ніколі раней нацыя, якая адчувае дынаміку ўласнай гарызанталі, якая больш не ахвочая мірыцца з дэпутатамі-карупцыянерамі і агентамі варожых уплываў, што ў палітыцы, што ў царкве, што ў грамадстве. Беларусы ж таксама зусім не здаліся і не зліліся у барацьбе супраць сістэмы, хутчэй ўзялі сабе перапынак і назапашваюць сілы перад наступным рыўком. Дзве таталітарныя аўтакратыі чым далей, тым больш заганяюць сябе у тупік, выйсцем з якога з’яўляецца хіба поўны дэмантаж сістэмы. Бо на простае пытанне: ці можа Україна сёння прайграць? – ёсць просты адказ, напэўна не, занадта вялікая стаўка яна цяпер у сусветнай гульні. А на пытанне: ці можа Расія застацца пры сваіх, калі яна прайграе – такі ж просты адказ, хіба не, бо ўся яе гісторыя сведчыць, што так немагчыма. Адсюль і чаканне перамен: не проста пасіўнае назіранне за падзеямі, а актыўнае ўгляданне ў будучыню ў чаканні зручнага моманту, калі бег падзей падорыць новыя магчымасці.

Далей, тысячы рэпрэсаваных, пераслед усё новых і новых людзей, пакуты тых, хто знаходзяцца ў вязніцах. Гэта насамрэч цяжка. Але ізноў такі роўна да моманту, калі не ўзняцца на прыступку вышэй. Калі чытаеш навіны з Ірану пра сотні пратэстоўцаў асуджаных на смерць (з падступным - добра, што мы усё ж Еўропа), калі вяртаешся думкамі да вайны ва Украіне, разумееш, што да дна нам яшчэ куды далёка, што самае галоўнае – гэта падтрымліваць іх там, нават нягледзячы на слабасць і адчай, бо галоўнае, каб выжылі і вынеслі, а цана за свабоду ніколі не бывае празмернай. Гэта не абясцэньвае пакуты ці боль тых, хто зараз прымае меч, гэта простае разуменне – што за усё даводзіцца плаціць, крывёй, слязьмі, потам… Нацыі нараджаюцца ў пакутах, а беларусы часта любяць сябе называць не да канца народжанай нацыяй. Таму нараджаемся не толькі праз перамогі і салідарнасць, але праз супольную траўму і боль, з разуменнем простае праўды: тое, што не забівае, тое робіць нас мацней. Хай забараняюць і ціснуць, задушаюць свабоду слова і сходаў, нішчаць свабоду асацыяцый і творчасці, гэтым яны дасягаюць толькі эфекту сціскання спружыны. Якая насуперак ціску нараджае новых лідараў заміж тых, хто трапляе за краты, новыя песні і новыя кнігі, бо ўсё не забароніце, новыя аб’яднанні і новыя ідэі, бо ўсё новае вам не забіць. Гэты рост насуперак гвалту - важкі струмень жыцця, сіла дзьмухаўца, якая раздзірае інертны асфальт, што забівае здавалася б усё жывое. Чым больш лютуе сістэма, тым больш яна паказвае сваю выродлівасць і аскал мерцвяка, тым больш разумення, што за ёй няма будучыні, толькі магіла і некрафілія таго сссру, куды мы ніколі не вернемся зноў. У тую ж раку не ўвойдзеш двойчы – шкада, што дыктатарам і іх спецслужбам гэтай мудрасці не зразумець.

Вы можаце вярнуць самы паганы савок, а нават ваенны камунізм, збаёдаць незалежнасць краіны і прадаць яе за трыццаць срэбных манет інтэграцыі, гэта не на хвіліну не зменіць маю веру ў тое, што народжанае для жыцця – выжыве, а сканаванае да скону – сканае. Нават калі хворая на ўсю башку недабітая расійская імперыя праглыне апошнім адчайным каўтком маю краіну, разумею, што яна стане першым, што выйдзе птушкай феніксам з разяўленай пашчы забітага мядзведзя. Калі нацыя нарэшце ўсведамляе свае месца і пакліканне, яе можна толькі фізічна знішчыць, але нельга адабраць імкненне да свабоды і будучыні. Адсюль маю гістарычны аптымізм. Хай мы не выйгралі свой 20-ы тактычна, мы тады цалкам перамаглі стратэгічна – таму на новых мапах Еўропы месца для Беларусі заўсёды знойдзецца, як зрэшты і для Украіны. І ніякай больш блытаніны, ці рускія мы, ці не. Хаця пра гэта можна не думаць.

З аднаго боку, ведаеце, канешне бясконца крыўдна, што ў сваёй краіне можна сесці ці быць выкінутым з працы толькі за ўжыванне роднай мовы або гістарычнай сімволікі, што гэту мову і спалучэнне колераў хутчэй сустрэнеш на вуліцах еўрапейскіх гарадоў, чым Мінска, але з іншага боку, узгадваеш бел-чырвона-белае мора дваццатага, якое ўзялося невядома адкуль і адначасова вядома, і разумееш, што для вялікай колькасці людзей менавіта страх згубіць нешта - робіць яго самым дарагім. Што інтарэс людзей да сваёй гісторыі, мовы робіцца цяпер не штучным і банальным, бо так у школе казалі, а сапраўдным і натуральным, тым, што зыходзіць знутры. Так, я добра ведаю, што далёка не для кожнага беларуса родная мова – гэта каштоўнасць, што частка з нас цалкам добра адчувае сябе ў рускай культуры, разумею, але позірк усё адно схіляе да іншага: таго, што дадае аптымізму і сведчыць пра рост нацыянальных пачуццяў, працяг кансалідацыі беларусаў і пошук імі сваёй ідэі. Яна нібыта і ёсць ужо даўно адшуканая намі, але кожнага разу яе даводзіцца пераствараць нанова і ў гэтым жывым працэсе творчасці – няспынны агонь нацыі.

Ну і канешне ж, так, гугл, ок: разарваная краіна, падзелены народ. Нас ізноў разарвала, нібы сто гадоў таму, на ўсходнюю і заходнюю Беларусь. І над адной працягваюць панаваць нашчадкі ранейшых камуністаў, а другія зноў «пад панскай Польшчай» (праверана, дасюль тут адзін аднаго «панамі» клічуць), толькі праз чарговы кульбіт гісторыі гэтыя захад і ўсход нібыта адпрацоўваюць папярэднюю карму. На захадзе пануе беларусізацыя і развой культуры, на ўсходзе ж нацыянальны прыгнёт і кволыя расткі супраціву. Пры гэтым, як і раней, гэта дзве часткі тае самае Беларусі. Так, культурная сталіца Беларусі цяпер Варшава, палітычная сталіца – Вільня, сталіца рэсентыменту – Мінск, але гэта не робіць для мяне гэта рознымі Беларусямі. Канешне ў Варшаве гучаць беларускія песні ці выходзяць новыя спектаклі або новыя кніжкі ў той час, як ў Мінску ці Гародні беларусы змушаныя пісаць у стол альбо ладзіць кватэрнікі. Але дыфузіі культуры не спыніць, толькі не ў ХХІ ст, толькі не ў эпоху глабальнага інтэрнету і сацыяльных медыяў. Таму якім бы не быў горкім эмігранцкі хлеб, ён не дае забыць, што сёння Беларусь жыве ў кожным беларусе, і кожны з нас насычае яе цела крыху і сваёй энергіяй.

Два гады – мізэрна малы тэрмін для гісторыі, хаця і досыць балюча даўгі для змучанага чалавека. Мая будучыня поўная аптымізму, бо проста тут і цяпер я назіраю працэс гартавання нацыяў і развіцця новай культуры, культуры Новай Беларусі, якая паводле запавету Абдзіраловіча адкідае старую скуру і творыць новае, творыць сваё. У жыцці чалавека – найвышэйшы момант існавання – адшукаць яго ўласны сэнс. Калі такое атрымліваецца зрабіць на ўзроўні чалавечай супольнасці – гэта натхняе яшчэ нават болей. Беларусы і ўкраінцы знаходзяць сябе, а цэлае чалавецтва прыходзіць паступова да ідэі свабоднага свету, у якім не павінна заставацца месца для імперскасці, агрэсіі і прыгнёту. Гэта няпросты шлях, але ёсць надзея, што адольны. Таму проста сціскаеш у кулак свае цяперашнія эмоцыі і спрабуеш думаць на дзесяцігоддзі наперад.

Такі сабе новы беларускі дзэн.

Павал Баркоўскі, Facebook

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]