Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«На нашым баку Божая воля і нашая бясконцая любоў да свайго краю»

31.12.2022 общество
«На нашым баку Божая воля і нашая бясконцая любоў да свайго краю»

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла з навагоднім зваротам да беларусаў.

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў з нагоды надыходзячага 2023-га года, паведамляе «Радыё Свабода».

«Дарагія мае суродзічы-беларусы, чым цяжэйшае нашае жыцьцё, тым лягчэй пераадольваюць бяду тыя з нас, хто верыць у будучыню, — гаворыцца ў звароце. — Шмат дзесяцігодзьдзяў беларусы, раскіданыя пасьля Другой сусьветнай вайны па сьвеце, верылі, што дачакаюцца таго дня, калі вернуцца ў свой родны край. На кожным сьвяткаваньні Дня Волі ці Дня Герояў прыпаміналі, што не было тае імпэрыі, якая з часам не развалілася. Разваліцца і гэтая, і тады адродзіцца наш вольны незалежны край.

І яны дачакаліся. Хаця воля нашая доўга не пратрывала, усё ж мы памятаем той слаўны дзень 25 жніўня 1991 году, калі наш край зноў абвясьціў сябе вольнай і незалежнай дзяржавай.

На жаль, мы не былі яшчэ гатовыя, каб абараніць гэтую волю і незалежнасьць. Вораг зноў адабраў іх у нас. Але мы дасюль верым, што і цяперашняя няволя ня будзе вечнай. Як кажа наш нобэлеўскі ляўрэат Алесь Бяляцкі, «я веру, бо ведаю, што пасьля зімы прыйдзе вясна».

Мае дарагія суродзічы, разваліцца й гэтая імпэрыя зла, і мы будзем зноў «людзьмі звацца». Я моцна веру ў гэта, бо я дакладна гэта ведаю. І гэтым разам мы будзем гатовыя бараніць сваю дзяржаву. Гора нас навучыла цаніць вялікую каштоўнасьць, якой ёсьць воля.

Дык з глыбіні сэрца жадаю ўсім вам: не губляйце веры! Бо на нашым баку Божая воля і нашая бясконцая любоў да свайго краю.

З Новым годам, мае дарагія суродзічы! Жыве Беларусь, і будзе жыць!».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]