Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі: Перад намі распасціраецца дзівосны шлях

06.01.2023 общество
Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі: Перад намі распасціраецца дзівосны шлях

Іерарх павіншаваў вернікаў з Нараджэннем Хрыстовым.

Сайт racyja.com апублікаваў віншаванні са святам Божага Нараджэння ад архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія:

Дарагія айцы, браты і сёстры!

З Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам сардэчна віншую ўсіх вас!

Хрыстос нарадзіўся — Бог уцялесніўся!

«Сёння не час павучанняў, але час услаўленняў; не час настаўленняў, але час падзякі», — сцвярджае свяціцель Тэафан Затворнік. Мы славім і дзякуем Богу, Які стаў дзеля нас Чалавекам!

Нам наканавана жыць на складаным этапе гісторыі. Кожны па-свойму перажывае сэрцам цяжкасці і нягоды гэтага свету, трывожыцца за сябе, за будучыню, за блізкіх, за далёкіх. І часам, калі душа бунтуе, мы крычым у неба: дзе ж Бог, чаму Ён маўчыць?

У ноч Нараджэння Хрыстовага саборны голас Царквы абвяшчае ўсёй паўнаце чалавецтва, што Бог з намі. Ён не маўчыць: па думцы прападобнага Яфрэма Сірына, Вялікае Маўчанне звярнула да нас Слова — і Слова стала плоццю (Ін. 1:14). Як сказана ў адной старажытнай малітве, Гасподзь «не стрываў бачыць, як ад д’ябла мучыцца род чалавечы». Бог не стаў абыякава глядзець на тое, як грэх і смерць, якіх Ён не ствараў, скажаюць хараство свету. Ён прыходзіць у свет, нараджаецца ад Дзевы ў Бэтлееме, каб вызваліць людзей ад улады пекла, «прысваеннем Сабе цела і благадаццю Уваскрасення знішчаючы ў іх смерць, як салому агнём» (свяціцель Афанасій Вялікі).

Можа здавацца, што на Нараджэнне Хрыстова мы ўзгадваем падзеі, якія адбыліся даўно і далёка, у Палестыне эпохі Рымскай імперыі, і не датычацца непасрэдна нас. Але не: Царква прапаведуе, што Гасподзь сышоў з Нябёсаў, каб застацца ў свеце назаўжды! Доказ таму — Боская Еўхарыстыя, якая, як мы закліканы верыць, будзе здзяйсняцца да сканчэння веку. За кожнай Літургіяй мы чуем вокліч «Гэта ёсць Цела Маё», які сведчыць пра Богаўцялесненне. Мы чуем словы «Гэта ёсць Кроў Мая», якія апякаюць рэальнасцю ахвяры Сына Божага і Яго крыжовых пакут. І калі Святыя Тайны злучаюцца ў Чашы, нам адкрываецца ісціна Уваскрасення Хрыстовага і непарушнасць абяцання Госпада: Хто есць Маю Плоць і п’е Маю Кроў, той мaе жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень (Ін. 6:54).

Хрыстос аддае нам усяго Сябе, Сваё жыццё, Сваю крыжовую смерць і Сваё трохдзённае Уваскрасенне. Ён з намі навекі, а ці будзем мы з Ім — гэта залежыць ад нашага свабоднага рашэння! Калі гэтае рашэнне прынята, калі ў нас жыве імкненне перамагаць зло ў сабе і рабіць дабро, то Гасподзь азарыць Сваім нязгасным святлом пячорныя сутарэнні нашых душ. Перад намі распасціраецца дзівосны шлях: прынесці ў дар Богадзіцяці золата і смірну — наша жыццё і вернасць Евангельскім запаведзям да смерці, разам з ладанам богаслужэння, ладанам Літургіі, якая ўзводзіць нас ад зямлі да Нябёсаў.

Слова «Літургія» ў перакладзе значыць «агульная справа». Паспрабуем усведаміць гэта — і няхай свята Нараджэння Хрыстовага стане для нас такой агульнай справай, якая пачынаецца ў храме і працягваецца ў нашых дамах, у сем’ях, на працы і на адпачынку, ва ўсёй разнастайнасці чалавечых стасункаў.

Мноства людзей навокал мае патрэбу ў нашай падтрымцы: дзеці-сіроты і самотныя старыя, бяздомныя і хворыя, інваліды і бежанцы. Праявім да іх увагу, бо яны такія ж уразлівыя, як і Святая Сям’я ў горадзе, дзе для праведнага Язэпа і Прачыстай Дзевы Марыі не знайшлося нават месца ў гасцініцы.

Мудрацоў да ясляў Хрыста-Дзіцяці прывяла Бэтлеемская зорка, пастухам запаветную дарогу паказалі Анёлы. А наша рэчаіснасць наладжана так, што чалавека да Бога прыводзіць чалавек. Для гэтага зусім не абавязкова мець адмысловыя веды: іншы раз дастаткова своечасова абняць бліжняга, каб падзяліцца з ім радасцю аб Народжаным Збаўцы.

Памажы нам, Госпадзі, дзейнай любоўю служыць Табе ў 2023 годзе ад Нараджэння Твайго!

З благаславеннем.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]