Калі я гляджу Беларускае тэлебачанне, мяне ахоплівае непераадольнае жаданне падзякаваць Прэзідэнту за «наше счастливое детство».
Але калі перад вачыма паўстаюць сухія лічбы незалежных сацыёлагаў, пачуццё глыбокай удзячнасці знікае.
Шалёна растуць цэны. Нечаканая (для тэлебачання) дэвальвацыя моцна панізіла сярэднестатыстычны заробак. І да жаданых 500 долараў у месяц нам цяпер далёка, як і 10 год таму. А сярэднестатыстычная пенсія апусцілася да мары некаторых афрыканскіх краін — 100 долараў.
Аднак мы маўчым, бо размаўляць яшчэ не навучыліся.
Падчас апошняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі многія кандыдаты заклікалі нас «у Еўропу». Мы не паслухаліся і засталіся ў Азіёпе. Там, дзе народ «безмолвствует». Аднак жа Еўропа побач. І яе прыклад не можа быць для нас нецікавым. Як не згадаць дзясяткі тысяч працоўных на вуліцах Афін, Мадрыда, Рыма і нават Лондана. А нагодай для масавых пратэстаў станавіліся зусім нязначныя паніжэнні ўзроўню іхняга жыцця. І нічога дзіўнага, бо народы гэтых краін даўно пакінулі дзіцячы ўзрост, навучыліся гаварыць і бараніць свае інтарэсы.
Але я не заклікаю выйсці на вуліцы са сцягамі і транспарантамі. Для гэтага трэба атрымаць дазвол ва ўлад, бо інакш па нашых спінах пагуляюць дубінкі нашых праваахоўных органаў. Яны ж размаўляць таксама не ўмеюць. Толькі біцца ўмеюць.
Не заклікаю я і да рэвалюцый у сацыяльных сетках. Маўчаць і мычаць, як гаворыць Лукашэнка, неканструктыўна. Практыка сведчыць, што ні ён, ні хтосьці з ягонай «вертыкалі»маўклівых пратэстаў не разумеюць. Ім немагчыма здагадацца, чаго хочуць гэтыя людзі, якія пляскаюць у далоні. А асабісты вопыт прэзідэнцкай наменклатуры зусім не сведчыць пра рост жабрацтва ў краіне.
Але ёсць трэці шлях. Разумныя людзі гавораць, што закон дазваляе правядзенне народных сходаў жыхароў горада, раёна, мястэчка і г.д. На іх правядзенне не трэба дазволу. І што такія сходы добра правесці ў адзін дзень — 8 кастрычніка — па ўсёй краіне. Яны прапанавалі для агульнага абмеркавання такія пытанні, як адмена прымусовых кароткатэрміновых кантрактаў, якія ператвараюць працоўнага ў прыгоннага. Як барацьба з інфляцыяй шляхам індэксацый заробкаў і сацыяльных выплат і спынення росту цэн, а таксама стымулявання гаспадарчай ініцыятывы і нармалізацыі сітуацыі з валютай.
Да шэрагу эканамічных праблем можна аднесці і праблему палітзняволеных. Шматразовымі мантрамі пра адсутнасць у Беларусі людзей, арыштаваных па палітычных матывах, здаецца, Лукашэнка пераканаў найперш самога сябе. Захад яму не верыць і патрабуе вызвалення Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Зміцера Усса і плоймы маладых «дзекабрыстаў». Калі Народны сход дазволіць Аляксандру Рыгоравічу, сабраўшы ў кулак усе свае інтэлектуальныя і валявыя рэсурсы, вырашыць гэтую праблему не ў сваіх прыватных інтарэсах, а ў інтарэсах усяго народа, то Беларусь пазбавіцца ад пагрозы ўсеабдымных эканамічных санкцый. У дадатак з’явіцца магчымасць атрымаць тэрміновую фінансавую дапамогу.
Гэтым самым Народны сход прадэманструе сваю канструктыўнасць і гатоўнасць падтрымаць заклікі да дыялогу з уладай, якія гучаць з усіх бакоў. Але праграма дыялогу не выклікае адчування паўнаты, нават калі пералік асобных праблем будзе працягнуты. Ва ўсім цывілізаваным свеце да адказнасці прыцягваюць галоўных асоб. Выканаўчую ўладу ў Беларусі ўзначальвае Кабінет (Савет) міністраў. Ён абавязаны на практыцы рэалізоўваць беспамылковыя ўказанні Прэзідэнта. Таму галоўным патрабаваннем Народнага сходу павінна стаць адстаўка ўсяго Кабінета міністраў на чале з яго старшынёй, вучоным-эканамістам Міхаілам Мясніковічам. Яго вучонасці стае толькі на тое, каб патлумачыць знешнія прычыны крызісу, а не справіцца з ім.
Можа быць, толькі ў гэткім выпадку наш народ перастане быць статкам маўклівых ягнят.
Юрый Хадыка, «Народная воля»