Палітык лiчыць, што Беларусь трэба прызнаць акупаванай дзяржавай.
Лiдар КХП-БНФ Зянон Пазняк у канцы студзеня — пачатку лютага наведаў Украіну. Пра вынікі паездкі, а таксама стварэнне новай ваенна-палітычнай структуры ён распавёў падчас прэс-канферэнцыі па вяртанні ў Варшаву, пiша nashaniva.com.
Візіт Зянона Пазянка ва Украіну рыхтаваўся некалькі месяцаў.
Палітык расказаў, што ён сустракаўся ў Вярхоўнай радзе з камітэтам знешняй палітыкі і міжпарламенцкага супрацоўніцтва.
«Было пытанне аб тым, ці магчыма прызнаць Беларусь акупаванай дзяржавай. Мы напісалі лісты ва ўсе ўкраінскія ўстановы. Камісія падрыхтавала праект, які пастаўлены на чаргу. Сутнасць гэтага праекта ў тым, што гэта будзе заява, якая асуджае акупацыю Беларусі расійскімі войскамі».
Палітык таксама падзяліўся дэталямі сустрэчы з каліноўцамі. Такіх сустрэч было шэсць.
«Тры разы — з кіраўніцтвам палка. Сутыкаліся з батальёнам «Волат», «Ліцвін» і вучэбкай. Былі ў Бахмуце непасрэдна. На нулявую лінію мы не ездзілі, але былі ў Бахмуце на адлегласці прыблізна двух кіламетраў.
Нам пашанцавала: была імгла, туман, дроны не лёталі, па нас не стралялі, хоць стральба там ідзе ўвесь час», — распавёў Зянон Пазняк.
Ён наведваў таксама шпіталь у Кіеве, дзе знаходзяцца параненыя ваяры.
«Мы лічым, што полк — гэта тая баявая адзінка, якая з’яўляецца адначасна адзінка палітычнай», — дадаў ён. Палітык абмяркоўваў там супрацоўнітва «Вольнай Беларусі» і іншых нацыянальна-дэмакратычных арганізацый з палком Каліноўскага.
Зянон Пазняк агучыў галоўны вынік паездкі:
«Вядуццца кансультацыі пра стварэнне ваенна-палітычнай структуры Рады Бяспекі з мэтай абароны нацыянальных інтарэсаў Беларусі ва ўмовах вайны ва Украіне і акупацыі Беларусі Расейскай Федэрацыяй».