Галоўны рэдактар буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza выказаўся пасьля суровага выраку палітзьняволенаму Анджэю Пачобуту.
Польскі дысыдэнт, грамадзкі дзеяч, заснавальнік і галоўны рэдактар буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza Адам Міхнік выказаўся пасьля суровага выраку палітзьняволенаму Анджэю Пачобуту.
Адам Міхнік напісаў у «Газэце Выборчай» ((пераклад - svaboda.org), што прысуд Пачобуту настолькі ж жорсткі, наколькі і ганебны, параўнаў яго з тымі выракамі, якія выносілі ў нацысцкім рэйху, у прыватнасьці нобэлеўскаму ляўрэату Карлу фон Асецкі, а таксама ў сталінскім СССР, у камуністынай ПНР.
«Гэтае рашэньне — прысуд незалежнаму слову, бо Анджэй Пачобут — аўтар выдатнай кнігі пра Лукашэнку. Гэты прысуд такая ж помста Лукашэнкі Анджэю, як і найлепшая рэцэнзія на кнігу Анджэя пра Лукашэнку.
Анджэй — гераічны і сьмелы чалавек. Гэта, можна сказаць, вольны грамадзянін вольнай Беларусі, таксама ён увасабляе гонар і высакароднасьць даўніх палякаў. У пэўным сэнсе ён ўвасабляе найважнейшыя каштоўнасьці сучаснай Эўропы. Таму ўся Эўропа павінна сёньня стаць побач з Анджэем Пачобутам і робіць усё, каб вырваць яго з лап жорсткіх катаў, годных спадкаемцаў Сталіна і Гітлера».
Міхнік згадаў, што ў Расеі забаронены «Мэмарыял», побач з якім знаходзіўся цэнтар Андрэя Сахарава, помнікі якому да гэтага часу стаяць у многіх гарадах Расеі.
«Таксама ў Горадне будзе помнік Анджэю Пачобуту — я ў гэтым упэўнены. Але перад гэтым ён выйдзе з гэтай турмы, бо павінен пакінуць там вакансію для Аляксандра Лукашэнкі», — піша Міхнік.
8 лютага журналісту і лідэру польскай нацыянальнай меншасці Беларусі Анджэю Пачобуту прысудзілі 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Працэс над Анджэем Пачобутам праходзіў у Горадзенскім абласным судзе з 16 студзеня ў закрытым рэжыме. Дату пачатку разгляду справы двойчы пераносілі зь невядомых прычын. Яго абвінавацілі сярод інашага ў «закліках да санкцыяў» і «ў зьдзяйсьненьні дзеяньняў для рэабілітацыі нацызму».