Беларускі палітвязні з’яўляюцца сапраўднымі жаўнерамі на рэальнай вайне.
Прысуд журналісту і актывісту «Саюза палякаў у Беларусі» Андрэю Пачобуту выклікаў шырокі рэзананс у польскім грамадстве. Не зважаючы на намаганні Польшчы прымусіць рэжым Лукашэнкі вызваліць Пачобута, палітвязня засудзілі на восем гадоў зняволення.
Сітуацыю пракаментаваў старшыня Управы Беларускага «Радыё Рацыя» Яўген Вапа.
– Як вы ўспрынялі прысуд Андрэю Пачобуту? Ці былі нейкія спадзяванні?
– На жаль прысуд быў спадзяваны, бо сённяшняе геапалітычнае вымярэнне на жаль не паказвае нічога добрага.
Сённяшняе палітычнае вымярэнне адназначна паказвае, што дыктатары-пабрацімы – гэта Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін маюць толькі адзін выхад, альбо яны бяруць верх і перамагаюць, знішчаюць Украіну, Беларусь, ідуць далей, выступаюць за абвастрэнне канфлікту, або яны абсалютна прайграюць.
Тут ужо няма месца на тонкасці, на шэрасці і на нейкія дыверсіфікацыі, гэта ўсё абсалютная гульня. Пры тым, што колькасць злачынстваў здзейсненых за гэты год вайны, памятаючы яшчэ 2014 год, калі была атака на Украіну і анексія Крыму.
Калі яшчэ прыгадаць ранейшыя дзеянні ў Грузіі і тое, што рабілася ў Чачні, а таксама іншыя справы. Гэта адназначна паказвае, што шлях быў вызначаны, шлях быў наканаваны. Гэты шлях можа ісці ў пераможным напрамку або ён проста будзе перакрыты.
Ягоны хаўруснік, ягоны падначалены Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца на тым жа самым шляху. Выканаўца імперскай русіфікацыі Беларусі і знішчэння якіх-кольвек параметраў дэмакратычнасці ў сваёй краіне, а таксама вынішчэння ўсяго, што звязана з нейкім супрацівам.
Самым вялікім супрацівам аказалася беларускасць, гэта значыць выкананне чужых загадаў, а не сваіх. Гэта дзеянне імперыі, а не свае, на карысць чужой улады. Гэта змаганне дыктатараў за сваё выжыванне. Таму я вельмі не люблю, нават звяртаўся з публічным адкрытым зваротам да іншых СМІ, мы не павінны і не можам гаварыць пра тое, што адбывалася і адбываецца, што «беларускія ўлады» прысудзілі Андрэя Пачобута, што «беларускія суды».
Гэта ніякія не беларускія ўлады, гэтая ніякія ні беларускія суды! Бо беларускія ўлады і беларускія суды не выступалі б супраць уласнага народа. Таму мы, як журналісты, павінны добра памятаць і адрозніваць, тыя звароты, тую мову, якой мы карыстаемся.
– Мы часта чуем, што Андрэй Пачобут церпіць за польскасць. Ці сапраўды так?
– Гэта было на прыцэле пракуратуры. Афіцыйнае абвінавачванне паказвае, што элементам прысуду з’яўляецца дзеянне на карысць іншых дзяржаў, значыць на карысць Польшчы, а таксама артыкулы ў польскай прэсе.
Значыць сітуацыя з’яўляецца адназначнай, яго затрыманне разам з Анжалікай Борыс, а таксама разам з іншымі сябрамі «Саюза палякаў у Беларусі», сведчылі пра тое, што гэта было мэтанакіраванае знішчэнне аднаго з важных элементаў грамадства Беларусі, як цэласнага.
Мы, як беларуская нацыянальная меншасць, у маштабе краіны з’яўляемся часткай польскай грамадскасці, таксама палякі ў Беларусі ў тым маштабе з’яўляюцца часткай беларускага грамадства, яны падвяргаюцца рэпрэсіям, як і іншыя грамадзяне. Ведаючы складанаю сітуацыю на памежжы і таго грамадства, то тут адны слабыя моманты.
Увогуле падыход да кожнай сітуацыі на памежжы такая, што мы кожнаму чалавеку адразу прыклейваем нацыянальную латку гледзячы на агульную сітуацыю. Таксама віна вялікай палітыкі, мы з Андрэем вельмі часта сустракаліся і размаўлялі.
Памежжа часта становіцца месцам палітычнай гульні і палітычнага гандлю, палітычных інтрыг. Мы ясна сцвярджалі, што мы не хочам быць тымі, кім гандлююць. Мне заўсёды падабалася і я заўсёды ў гэтым падтрымліваў Андрэя Пачобута, што палітычныя вязні не могуць быць прадметам палітычнай гульні, нельга даваць шанцу Лукашэнку для выйгрышу.
Таму ягонае рашэнне, як і тысячы іншых беларусаў, якія не з’ехалі, якія засталіся ў краіне і іх сем’і, гэта вялікая ім павага. Мы павінны ўсіх палітвязняў і іх сем’і берагчы, дапамагаць, накіроўваць туды нашу ўвагу і падтрымку.
Палітычныя вязні бароняць нас, яны бароняць нас, нават тых, хто жыве ў дэмакратычных краінах, дэмакратычным свеце ў Польшчы. Яны бароняць тых беларусаў, якія з’ехалі, якія па-за межамі.
Беларускі палітвязні, нягледзячы на іх нацыянальнасць, яны з’яўляюцца нашым шчытом і жаўнерамі, якія ёсць у рэальнай вайне. Не будзем забываць, што яны на вайне, гэта вайна на жыццё і смерць.
– Што мы можам зрабіць у справе салідарнасці і падтрымкі?
– Для мяне такой рэччу з’ўяляюцца акцыі, каб улады дэмакратычных краін пра гэта памяталі, каб людзі памяталі, што мы пра іх памятаем.
Нашай справай, якую я зараз лічу самай важнай, гэта наша дапамога ўсім тым, хто зараз знаходзіцца ў Беларусі, а таксама сем’ям тых, хто выходзіць з турмаў.
Адзінае, чаго хоча Аляксандр Лукашэнка, гэта выкінуць за мяжу ўсіх, хто выйшаў з турмы, уключна з іх сем’ямі. Мы павінны дапамагаць людзям у Беларусі – гэта самае важнае зараз. Мы павінны займацца самадапамогай. Салідарнасць – самая лепшая зброя.