Алесю Бяляцкаму, Зьміцеру Дашкевічу, Паўлу Севярынцу, Міколу Статкевічу.
Паэт Уладзімір Някляеў прысвяціў верш сапраўдным абаронцам Айчыны — Алесю Бяляцкаму, Зьміцеру Дашкевічу, Паўлу Севярынцу, Міколу Статкевічу:
Няма людзей з жалеза, з іншай цвёрдасці,
Але ёсць людзі гонару і годнасці,
Ёсць людзі духу, што цвярдзей ад сталі,
Якіх не знішчылі, як ні знішчалі,
Як ні каралі, каб іх дух скарыць,
Ды не скарылі!..
Вечны Зьніч гарыць
У сэрцах іх – і асвятляе шлях
У самых цёмных і глухіх часах,
Каб не зблукаў народ, каб не прапаў,
На сцюжах часу не схіліўся долу,
А выпрастаўся — і ў сабе пазнаў
Алеся,
Паўла,
Зьміцера,
Міколу!..