Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Рада БНР: У выніку злачыннай змовы Лукашэнкі з Пуціным фактычна адбылася вайсковая акупацыя Беларусі

24.02.2023 политика
Рада БНР: У выніку злачыннай змовы Лукашэнкі з Пуціным фактычна адбылася вайсковая акупацыя Беларусі

Вайна павінна скончыцца вызваленьнем Украіны і Беларусі.

Рада Беларускай Народный Рэспублікі да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны прыняла заяву, у якой заклікала «любымі магчымымі спосабамі дапамагаць барацьбе Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі».

Прыводзім тэкст заявы:

«Год таму Расея пачала поўнамаштабовую вайсковую агрэсію супраць Украіны, што сталася найбольш крывавым збройным канфліктам у Эўропе з часоў Другой Сусьветнай вайны і ўжо прывяла да сьмерці соцень тысячаў чалавек.

Рэжым узурпатара Лукашэнкі ў Беларусі зьяўляецца саўдзельнікам расейскае вайсковае агрэсіі.

Рада БНР канстатуе, што ў выніку злачыннай змовы Лукашэнкі з Пуціным фактычна адбылася вайсковая акупацыя Беларусі з боку Расеі. Войскі РФ актыўна выкарыстоўваюць беларускую тэрыторыю, паветраную прастору, транспартную, мэдычную і іншую інфраструктуру для мэтаў агрэсіі супраць Украіны.

Сярод іншага, рэжым Лукашэнкі зрабіў магчымым расейскую атаку на Кіеў на раньнім этапе цяперашняе вайны. Гэты наступ суправаджаўся ваеннымі злачынствамі, якія расейцы зьдзяйсьнялі ў мястэчках Буча, Ірпінь і іншых, і якія шакавалі ўвесь сьвет. Лукашэнка і ягоныя набліжаныя нясуць пэрсанальную адказнасьць за гэта і за тое, што Беларусь знаходзіцца ў кроку ад поўнасаштабовага ўвязваньня ў вайну, што азначала б гібель беларусаў дзеля інтарэсаў шавіністычнага рэжыму ў Расеі.

Рада БНР надалей заклікае ўсіх беларусаў любымі магчымымі спосабамі дапамагаць барацьбе Ўкраіны супраць расейскае агрэсіі. Такая дапамога была і ёсьць у інтарэсах Беларусі і беларускага народу.

Рада БНР выказвае сваю глыбокую пашану ўсім беларусам, якія на покліч свайго сумленьня, ідэалаў справядлівасьці, і дзеля беларускіх нацыянальных інтарэсаў пайшлі збройна абараняць Украіну; хто выказваў салідарнасьць з Украінай і чыніў практычны супраціў расейскай агрэсіі ў самой Беларусі ў акалічнасьцях надзвычайнае асабістае небясьпекі.

Рада БНР таксама выказвае шчырую падзяку сотням тысячаў беларусаў у замежжы, якія падтрымліваюць Украіну і беларускіх дабраахвотнікаў, што ваююць на яе боку, выразамі салідарнасьці і матэрыяльнымі ахвяраваньнямі.

Рада БНР заяўляе, што вайна павінна скончыцца ня толькі вызваленьнем усёй міжнародна прызнанай тэрыторыі Ўкраіны, але і поўным сыходам войск РФ зь Беларусі і забаронай іх вяртаньня зь якой-колечы прычыны. Лукашэнка і вайскова-палітычная вярхушка ягонага нелегітымнага рэжыму павінны быць у поўнай меры прыцягнутыя да юрыдычнае адказнасьці за саўдзел у злачыннай вайне пуцінскай Расеі супраць Украіны.

Свабодная Беларусь была і заўсёды будзе хаўруснікам Украіны ў барацьбе супраць нашага агульнага ворага. Гэтая барацьба ёсьць таксама барацьбой за вызваленьне беларускага народу ад марыянэткавай прорасейскай дыктатуры, якая пры наўпроставай падтрымцы Масквы пануе ў Беларусі з 1995 году».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]