Абвяшчэньне Незалежнасьці – найвышэйшае, чаго можа дасягнуць у сваім жыцьці палітык (а не прэзыдэнцтва ці дэпутацтва), бо краіна нараджаецца толькі адзін раз.
Дэклярацыя Незалежнасьці ЗША з подпісамі яе стваральнікаў знаходзіцца пад браніраваным шклом у адмысловым памяшканьні ў Вашынгтоне з асобным рэжымам экспазыцыі; ніводны дакумэнт ніводнага амэрыканскага прэзыдэнта гэтак не ахоўваецца.
Калі б у Беларусі быў выстаўлены падобны дакумэнт з подпісамі 256 дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, якія 25 жніўня 1991 году прагаласавалі за Незалежнасьць, сярод іх не было б подпісу дэпутата, які найбольш чым хто іншы скарыстаўся сувэрэнітэтам.
Бо будучы прэзыдэнт краіны за незалежнасьць сваёй краіны не галасаваў.
Падрабязна пра гэта пазьней. А пакуль – рэтраспэкцыя тых жнівеньскіх дзён.
У 1990 годзе, 27 ліпеня, была прынятая Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце, але тады большасьць дэпутатаў Вярхоўнага Савету адмовіліся надаць ёй статус канстытуцыйнай сілы (гэта значыць, прызнаць вяршэнства беларускіх Канстыуцыі і законаў над “саюзнымі”, што дэ-юрэ азначала б незалежнасьць краіны). І больш як год – з ліпеня 90-га па жнівень 91-га – мы, дэпутаы Апазыцыі БНФ, дамагаліся ад ВС абвясьціць незалежнасьць і прыступіць да стварэньня атрыбутаў дзяржавы – грошаў, войска, мытні і г.д.
Спрыяльны момант узьнік у жніўні 91-га пастля правалу путчу, калі камуністы былі напалоханыя, і 22 жніўня Прэзыдыюм ВС на нашае патрабаваньне прызначыў надзвычайную сэсію – наа 24-га жніўня.
У нас заставаліся два дні. І дзьве ночы. І вось за гэтыя сорак ці колькі гадзін мы падрыхтавалі два дзесяткі зконапраектаў, якія падводзілі юрыдычную базу пад абвяшчэньне Незалежнасьці.
23-га жніўня ўвечары Зянону Пазьняку, Валянціну Голубеву, Уладзімеру Заболоцкаму і мне кіраўніцтва Дзяржтэлеоадыё было вымушана даць гадзіну прамога эфіру па тэлебачаньні. Мы заклікалі ўсіх мінчанаў прыходзіць да Дому ўраду, каб падтрымаць дэпутатаў БНФ у супрацьстаяньні з парлямэнцкай большасьцю. Раніцай 24 жніўня на плошчы былі тысячы людзей (усяго ж колькасьць тых, што прыйшоў да Дому ўраду у гэтыя два дні сэсіі, ацэньваюць ад 30 да 50 тысяч). Голас народа быў досыць добра чуваць у Авальнай залі.
Было два пераломных моманты, якія паўплывалі на вынік сэсіі.
Першы – калі да трыбуны важна пайшоў 1-шы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў; ён ня быў дэпутатам ВС БССР, але мог выступіць як народны дэпутат СССР – ды толькі гаварыць яму пасьля падтрымкі праімэрскага путчу, мы лічылі, не было пра што. І мы, чалавек дзесяць – Галіна Сямдзянава, Ігар Гермянчук, Павал Холад, Алесь Шут, Яўген Глушкевіч, Іван Герасюк, Віктар Ганчар, ды аўтар гэтых радкоў – рванулі да трыбуны, а Сямдзянава проста стала паміж мікрафонам і першым сакратаром і выцісьнуа яго (потым, калі я паглядзеў кіназапіс, убачыў тое, чаго не заўважыў ля трыбуны: Аляксандар Лукашэнка мітусіўся паміж Дземянцеем і Сямдзянавай і спрабаваў угаварыць Галіну не перашкаджаць Малафееву. Пройдзе час, і Лукашэнка зробіць Малафеева сьпікерам сваго “сэнату”).
Потым Станіслаў Шушкевіч абураўся нашымі паводзінамі – я ж перакананы, што выштурхоўваньне Малафеева з трыбуны было моцным псыхалягічным ударам па камуністычнай большасьці. Груба кажучы, камуністы дэмаралізаваліся – босу, які займаў самы галоўны ў рэспубліцы, “машэраўскіа-сьлюнькоўскі” кабінэт, далі высьпятка як пацанёнку.
З гэтага моманту нашыя аргумэнты неяк лягчэй даходзілі да камуністаў; неўзабаве Дземянцей пайшоў у адстаўку, і сэсію вёў першы намесьнік старшыні ВС Станіслаў Шушкевіч.
Другі момант: перад галасаваньнем па Незалежнасьці Станіслаў Шушкевіч выказаў сумнеў, што ўдасца сабраць канстытуцыйную большасьць. І тады, і цяпер лічу такое выказваньне абсалютна недарэчным – для значнай часткі дэпутатаў Шушкевіч ужо успрымаўся як “начальнік”. І калі начальнік выказвае сумнеў – можна і не галасаваць. Сытуацыя узьнікла крытычная.
І вось тады да мікрафону выйшаў лідэр Апазыцыі БНФ Зянон Пазьняк і сказаў сваю прамову, якая, без перабольшваньня, вызначыла хаду беларускай гісторыі. Прычым выступаў ён спантанна, без паперы, але вельмі аргумэнтавана – у абсалютнай, мёртвай цішыні Авальнай залі.
Заяўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ на распаўсюджваньне падрыхтаваных да сэсіі законапраектаў, 23 жніўня 1991 г.
Пазьняк казаў пра “маладую агрэсіўгую імпэрыю”, якая фармуецца Расеяй пад кіраўніцтвам Ельцына (для камуністаў, якія чакалі ад Пазьняка філіпікаў у бок пераможцы КПСС і тагачаснага куміра шмат якіх дэмакратаў Ельцына, тое было шокам), пра тое, што суседнія рэспублікі абгоняць нас і скарыстаюцца нашымі рэсурсамі (у залі было шмат дэпутатаў-гаспадарнікаў, і такая небясьпека не здавалася ім надуманай). “А сувэрэнітэт дасьць нам магчымасьць стаць свабоднымі і незалежнымі... Я прашу вас паставіць гэтае пытаньне на галасаваньне і вырашыць яго сёньня. Бо заўтра можа быць позна” – сказаў Пазьняк.
А далей пачалося нешта неверагоднае – адзін за другім сакратары абкамаў і райкамаў выступалі ў падтрымку прапановы Пазьняка; пачаў другі сакратар Гомельскага абкаму КПБ М. Мачуленка: “Я стопроцентно поддерживаю народного депутата Пазьняка и предлагаю здесь же, сайчас же проголосовать за то, что он сказал”. Падтрымаў лідэра БНФ і прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч.
У выніку, дэпутаты аднагалосна ( 256 “за”, “супраць” – 0, “устрымалася” – ) прагаласавалі за наданьне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы. Беларусь зрабілася незалежнай дзяржавай.
Канстытуцыйнасьць Дэклярацыі прымалася ў некалькі этапаў. Праект браўся “за аснову”, асобна галасаваліся некаторыя артыкулы, потым – прымаўся закон “у цэлым”, далей уносіліся зьмены ў Канстытуцыю –адпаведна 31, 32 і гэтак да 39 пытаньня галасаваньняў. Галасаваньне па ўсіх гэтых пунктах было пайменным. Гэта значыць, што ў стэнаграме супраць прозьвішча кожнага дэпутата зафіксавана пяць варыянтаў: “За”(за), “Су” (супраць), “Ус (устрымаўся), “Нг” (не галасаваў) і “Ад” (адсутнічаў).
Фрагмэнт стэнаграмы пятай нечарговай сэсіі ВС БССР 25 жніўня 1991 г (пайменнае галасаваньне па пытаньнях наданьня Дклярацыі аб сувэрэнітэце статусу Канстытуцыйнай сілы).
Супраць графы “Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч, выбарчая акруга 310”, па ўсіх дзевяці галасаваньнях стаіць – Ад Ад Ад Ад Ад Ад Ад Ад Ад.
Дэпутата Лукашэнкі з Авальнай залі ў той вечар не было.
Перакананы, што стаўленьне былога майго калегі па парламенту да незалежнасьці не зьмянілася, і тут я толькі магу паўтарць тое, што казаў у фільме Юрыя Хашчавацкага “Дзень волі”. Калі прэзыдэнту Літвы, Латвіі, ці хоць бы Украіны (нават цяперашняму) прапануюць: “Аб’ядноўвай сваю краіну з Расеяй і ты робішся прэзыдэнтам у Маскве” – тыя пакруцяць пальцам ля віска. Цяперашняму кіраўніку Беларусі для такога аб’яднаньня спатрэбіца роўна столькі часу, колькі зойме, каб узяць ручку і паставіць подпіс.
І гэта застаецца самай вялікай пагрозай для беларускай незалежнасьці праз 20 гадоў пасьля яе абвяшчэньня.
Сяргей Навумчык, naviny.by