Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Наста Лойка даслала з СIЗА кранальны лiст да свайго сабакі

02.04.2023 политика
Наста Лойка даслала з СIЗА кранальны лiст да свайго сабакі

Яна развіталася са сваім сябрам.

Праваабаронца Наста Лойка даслала з СIЗА кранальны лiст, у якiм яна развiтваецца са сваiм сабакам. Лiст апублікаваў Instagram-аккаўнт let_nasta_go

- Дарагі Эрык!

Яшчэ зь першых дзён майго знаходжаньня на маім часовым месцы жыхарства я хацела напісаць табе разьвітальны ліст, але не знаходзіла сілаў, бо гэта балюча і сьлёзна.

Але мне гэта важна, каб закрыць гештальт адносна нас з табой.

Калі я бачу іншых сабак па тэлебачаньні, чорную аўчарку тут у СІЗА, калі прыгадваю гук тваіх крокаў па нашай кватэры, тваю мордачку на маім ложку з просьбай пагладзіць цябе, альбо як ты кладзешся на жывот перад іншымі сабакамі (твой знак прымірэньня), або на сьпінку, каб пагладзіла табе жывот - я пачынаю плакаць! А хочацца, каб гэтыя ўспаміны выклікалі эмоцыі радасьці й усьмешку. Спадзяюся, гэты ліст дапаможа прайсьці гэтую трансфармацыю.

Пра ўспаміны. Я вельмі добра памятаю, як нас знаёміла Марфа ў сабачым прытулку пад Гатава. Ты тады на мяне рычаў ад страху, але потым узяў печыва з рукі. Усю кароткую прагулку ты цягнуў павадок і хадзіў зігзагамі перада мной.

Праз тыдзень мы прыехалі за табой. Іра сказала, што ты страшны й падобны на мяне. Я вельмі сьмяялася. Але мы ў чымсьці падобныя - цяжкае дзяцінства, не давяраем людзям і ня ўсіх блізка падпускаем. І любім любых сабак (акрамя агрэсіўных).

Памятаю, як першыя ночы ты мяне лізаў у твар - і я прачыналася. У гэтым было столькі ўдзячнасьці. Потым я адвучыла цябе лізаць мяне, а ты адрываўся на іншых людзях, якіх пераставаў баяцца.

Мне шкада, што першыя месяцы я мала надзяляла табе ўвагі праз працу, кнігі пра сабак і ад’езды. Памятаю на твой страх гуку грузавых цягнікоў - ад яго прыгаў на шафу і дзьверы. Ты хутка навучыўся хадзіць побач, чакаць мяне да вечара.

Празь табе я нарэшце зьехала ад маці, вы занадта адна аднаго баяліся. І ў нас пачалося новае жыцьцё з нашым любімым паркам.

Яшчэ прыгадваю як ты «ахоўваў» тэрыторыю лецішча ў нашыя рэдкія заезды, я злавалася ад твайго лаю.

Мне вельмі шкада, што мы з табой больш не пабачымся (табе ў ліпені будзе 7 гадоў, а я буду ў палоне гадоў 7-8). Я адчуваю віну, што не ўберагла сабе для цябе, што змагла прысьвяціць табе нават менш за 5 гадоў.

Шкада, што ты/мы больш не пабачым Ральфа, Барез й іншых нашых любімых сабак на раёне. Але я веру й давяраю людзям і сабакам, якія зараз разьдзяляюць тваё новае жыцьцё.

Іранічна, што пры тваім дварняным і прытулкавым паходжаньні (якім я заўжды ганарылася), ты апынуўся на прарадзіме сабак, да якіх ты падобны - багемскіх аўчарак (сабака Насты зараз знаходзiцца ў iншых людзей у Чэхii. - Рэд.).

Шчасьце сабак у тым, каб радаваць свайго чалавека. Прабач, што гэта больш не я.

Я спадзяюся, што рэшта твайго жыцьця пройдзе спакойна й радасна. Бо на сваім жыцьці я ўжо паставіла пакутлівы крыж.

На разьвітаньне (у апраўданьне) я хачу табе кое-што распавесьці пра дзень нашай апошняй сустрэчы, 28.10.2022.

Праз 30 хв, як я выйшла з дома ў 15.30, я стаяла ў калідоры на вуліцы Рэвалюцыйная, 3 (адрас ГУБАЗiКа. - Рэд.), шырока расставіўшы ногі і ілбом у сьцяну (гэта называецца «ластаўка»), акрамя ўдараў у сьпіну й гуку электрашокера мне сказалі, што цябе ім прыйдзецца забіць - Мікалай Талкачоў «не хацеў рызыкаваць сваімі людзьмі».

Але потым нібыта амапаўцы прапанавалі іншы варыянт - даць мне 20 секунд, каб загнаць цябе ў душавы пакой. Я плакала і баялася, па лесьвіцы са мной ішлі людзі з аўтаматамі. Перад дзьвярыма мне перасцягалі кайданы з-за сьпіны - перад тулавам. Рукі трасліся, калі я адчыняла дзьверы. Глыбокае дыханьне толькі трошкі дапамагло, я чакала, што ты адразу адчуеш небясьпеку ў прысутнасьці злых людзей, але ты выйшаў у калідор да мяне й радасна махаў хвастом. У кайданках я нават не магла ўзяць цябе за ашыйнік - проста адчыніла дзьверы ў душ і стала прасіць цябе зайсьці туды.

Ты нічога не разумеў - я амаль ніколі не заганяла цябе ў гэты малы для тваіх памераў пакойчык. У адчаі я крыкнула на цябе й нагамі запіхнула ў душ. Амапаўцы заблакавалі дзьверы крэслам з кухні, бо ты рычаў і прыгаў на дзьверы ў вузкай прасторы. Падчас «агляду» без майго дазволу кнігі й паперы кідалі на тваю ляжанку й міскі, а я нерухома сядзела на канапе ў поўнай апатыі.

Перад сыходам я доўга прасіла, каб далі цябе вызваліць. Зараз кепска памятаю, што менавіта я казала табе на разьвітаньне, але дакладна папярэдзіла, што сыходжу надоўга. На лесьвіцы заплакала. А далей табе лепш ня ведаць, што было/будзе са мной.

Бывай, дарагі пёс. Ты - самае дарагое, што ў мяне было ў жыцьці. Я буду любіць цябе заўжды.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]