Акцыі адбылiся ў Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных.
Удзельнікі выказалі свае патрабаванні да працадаўцаў і ўрадаў краін, у тым ліку – справядлівай аплаты і ўмоў працы. Аднак на многіх мерапрыемствах былі заўважаны і іншыя актуальныя тэмы. Многія ўдзельнікі пратэстаў патрабавалі вызвалення беларускіх прафсаюзных лідараў з турмаў, пiша Асацыяцыя Salidarnast.
Сітуацыя з правамі працоўных у Беларусі нярэдка застаецца ў цені, але сапраўдныя праблемы працягваюць існаваць. У Беларусі ўвесь час адбываецца пераслед за іншадумства. Палітычнымі зняволенымі прызнаны больш за 1500 чалавек, сярод іх 32 прафсаюзныя актывісты.
Шмат хто вымушаны хавацца ад рэжыму, а некаторыя ўжо знаходзяцца ў турме. У такой сітуацыі ідэі салідарнасці і барацьбы за правы працоўных выходзяць на першы план і мусяць атрымаць міжнародную падтрымку.
Так, пра салідарнасць з народам і працоўнымі Беларусі, казаў Аляксандр Фернандэс, адзін з лідараў São Paulo Metroviários Union, Unidos Pra Lutar e a Revolução, LIS у Бразіліі: «Працоўныя і прафсаюзныя дзеячы пераследуюцца дыктатарскім урадам краіны. У гэты момант мы просім усіх праявіць салідарнасць з беларускім народам і прафсаюзнымі дзеячамі».
Прэзідэнт Агульнапольскага альянсу прафсаюзаў Пётр Астроўскі на мітынгу распавёў пра лідара БКДП Аляксандра Ярашука, якога рэжым асудзіў на 4 гады турмы за смеласць выказаць праўду ў твар улады.
Аляксандра Ярашука і іншых зняволеных прафсаюзных лідараў узгадвалі і на дэманстрацыі ў Парыжы, куды быў запрошаны сябра Асацыяцыі «Салідарнасць» Юрый Ярашук.
Салідарнасць з актывістамі БКДП праявілі і ўдзельнікі акцыяў пратэсту ў Жэневе, якую праводзіла міжнароднае аб'яднанне IUF. Нідэрландскія таварышы з FNV, якія супрацоўнічаюць з БКДП больш за 20 гадоў, таксама выступілі з напамінам аб рэпрэсіях у Беларусі і знішчэннем рэжымам Лукашэнкі дэмакратычных прафсаюзаў.
У Германіі ў Брэмене актывісты Асацыяцыі «Салідарнасць» прынялі ўдзел у шэсці прысвечаным 1 траўня, а таксама мітынгу арганізаваным прафсаюзамі Брэмена, дзе быў размешчаны банэр з патрабаваннем спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі.