Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Ён жыве і гарыць Беларуссю»

22.05.2023 политика
«Ён жыве і гарыць Беларуссю»

Не адкладвайце на заўтра, а сядзьце і напішыце палітвязням.

Апошнія 50 гадоў у Беларусі з’яўляецца ўсё больш сумных дат. Гэта і 26 красавіка – дзень чарнобыльскай трагедыі, і Дзяды, - калі ўсёй грамадой ладзіцца шэсце ў Курапаты. Сёння гаворка вядзецца пра з’яўленне яшчэ адной трагічнай даты і з’явы ў нашай гісторыі. Гэта Дзень палітвязня - 21 траўня, калі быў закатаваны Вітольд Ашурак. Шчыры ды адданы беларус. Вітольда мы будзем памятаць і шанаваць як героя, але сёння пра жывых, пiша чытачка сайту Charter97.

Калі чытала кнігу Францішка Аляхновіча «У кіпцюрах ГПУ», мяне ахопліваў жах, няўжо гэта магчыма, гэтакімі ж эмоцыямі адгукалася мне і «Споведзь» Ларысы Геніюш. Мне падавалася, што кожны з нас мусіць рабіць штодня ўчынак, каб ніколі больш гэта не вярнулася, не паўтарылася. Але, відаць, рабілі мала, дый не ўсе.

І калі пасля выбараў па горадзе папаўзлі чуткі, бо інтэрнэту некалькі дзён не было, што ля муроў турмы на Акрэсціна чуюцца стогны, плач, воклічы аб дапамозе, мой мозг адмаўляўся ў гэта верыць. «Не можа быць, гэта шалёныя фантазіі». Я не спала, уначы мне падавалася, што я чую гэтыя стогны, крыкі, енкі. Я была ў абсалютным здранцвенні.

І яшчэ ў большым, калі гэтыя чуткі выявіліся праўдай! Калі выходзілі сінія людзі, з паламанымі косткамі, згвалтаваныя жанчыны, калі цішком апавядаліся гісторыі пра расстраляных з пнеўматычнай зброі беларусаў, і паказваліся іх фота са шматлікімі ранамі, якія не гаіліся месяцамі. Я думала, гэта дэжавю.

Мне хацелася верыць, што зараз мы ўсе беларусы выйдзем і знішчым гэтая зло. Не ўдалося, урасло яно далёка ў зямлю сваімі ўчэпістымі каранямі, дало парасткі і плады. І кветкамі і песнямі ўжо не перамагчы. І вярнуліся мы ў той страшны 37-ы год. І зараз маем тыя ж «чорныя варанкі» - у нашай рэальнасці сінія мікробусы (і новы страх - бусафобію). Спытайце ў сваіх сяброў, ці змаглі яны ад яе пазбавіцца за тры гады – не! Бусафобія будзе жыць, пакуль жыве рэжым, і існуюць палітвязні.

Карнікі сноўдаюць па краіне – і штодня хапаюць новых ахвяр, штодня з’яўляюцца новыя палітвязні. Штодня калечацца лёсы людзей, дзяцей, сем’яў. А мне карціць у гэты дзень распавесці пра лёс майго прыяцеля – Яўгена Афнагеля.

Нястомнага актывіста, апантанага падарожніка, шчырага летуценніка, чалавека, які рабіў значна больш, чым казаў. Пры кожнай сустрэчы з ім быў у яго нейкі план, як зрабіць так, каб жыццё ў Беларусі змянілася. Ён жыве і гарыць Беларуссю. Пасля 2010 года вымушаны быў падацца ў эміграцыю, але, пражыўшы колькі год, вярнуўся на радзіму, каб перамагчы зло.

Наведаў шмат экзатычных краін Афрыкі, любіў ён распавядаць розныя звязаныя са сваімі выправамі гісторыі. Снаваў планы на наступныя падарожжы-прыгоды. А цяпер зазнае здзекі, пазбаўлены годнага, вольнага жыцця, якое моцна любіць.

Цяпер жыццё Яўгена штодня нішчаць, руйнуюць здароўе, сям’ю. Цяпер ён нават на шпацыры бачыць толькі вясновае неба, і больш анічога, ні травы, ні дрэў, ні раслін – нічога, што б нагадвала пра падарожжы. Цяпер у яго баляць ногі і просяцца ў вандроўку. Дзясяткі, сотні, тысячы крокаў, якія ён не можа зрабіць у маленечкім дворыку катавальні. Шмат маіх знаёмых ужо паспелі адседзець тэрміны і выйсці, і першае, што ім хочацца – ісці, шпацыраваць, клыпаць, як у каго выходзіць. Дзень, два, а нехта і тыднямі, месяцамі не можа наталіць прагу хады, прагу жыцця. Здагнаць, схапіць страчанае за гэты час.

Яўген, я веру, што ты неўзабаве выйдзеш на волю і адправішся ў самае галавакрутнае падарожжа ў сваім жыцці. І мы будзем рабіць, хто што можа, каб усе вязні сумлення, а іх цяпер, на вялікі жаль, тысячы, дакладней дзясяткі тысяч, хто перажыў гэтыя жахі, мільёны жывуць у чаканні гэтых жахаў, а дзясяткі ўжо не змогуць з намі адзначыць светлае свята, якое абавязкова стане дзяржаўным - днём Вызвалення.

Таму ў гэты сумны дзень я хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў: не палянуйцеся, не адкладвайце на заўтра, а сядзьце і напішыце палітвязням. Хай кожны з іх ведае, што мы без іх сумуем, што мы іх чакаем, падтрымліваем, любім, і будзем сустракаць на волі.

Яўгену можна падпісаць паштоўкі з выявамі розных куточкаў свету і Беларусі, хай у ягонай цёмнай камеры стане крыху святлей.

Адрас для лістоў: Яўген Афнагель, турма № 4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]