Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

  Андрэй Шарэнда: Кіраўніцтва калоніі разумее, што маральна Паліну зламаць немагчыма

12.06.2023 политика
  Андрэй Шарэнда: Кіраўніцтва калоніі разумее, што маральна Паліну зламаць немагчыма

  Як ўзорная сям’я стала асабістым ворагам лукашэнкаўскага рэжыму.

— Вялікая трагедыя, калі ў дзяцей забіраюць бацькоў. Абсалютны цынізм, калі іх наўмысна пазбаўляюць маці. А сёння вельмі шмат жанчын разлучылі з дзецьмі і пасадзілі ў вязніцу. Калі ў XXI стагоддзі ў цэнтры Еўропы адбываюцца такія рэчы, гэта страшна, — кажа былы палітвязень Андрэй Шарэнда, муж палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк.

Андрэй і Паліна — тыя самыя людзі, якія ніколі не казалі «мы па-за палітыкай». Лёс роднага краю ім баліць як свой уласны. Гэты лёс, падманутай, прыгнечанай краіны, захапіў абодвух з маладых гадоў, і з таго часу ім давялося яго раздзяліць.

Гэты лёс стаў іх лёсам, іх жыццём, і нават каханне прыйшло менавіта падчас актывісцкай барацьбы.

Пра цяжкія выпрабаванні, нечалавечыя ўмовы ўтрымання жонкі і жыццё ў эміграцыі Андрэй расказаў «Салідарнасці».

«Гэта не ўкладаецца ў чалавечы розум — 200 дзён ШЫЗА за 15 месяцаў зняволення»

— Стала вядома, што Паліну адправілі з калоніі ў Рэспубліканскі цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінках для правядзення псіхіятрычнай экспертызы, — паведамляе Андрэй. — Этап з Рэчыцы на Мінск можа заняць два тыдні

Дакладна вядома, што перад этапам каля двух тыдняў Паліна была ў санчастцы калоніі. А этапавалі яе некалькі дзён таму. Пакуль больш звестак пра жонку не маю. На жаль, ужо больш за месяц ад яе няма ні лістоў, ні паведамленняў.

Ужо другі раз Паліну збіраюцца судзіць па сумнавядомаму 411 артыкулу КК (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы – С.). Ніякіх падрабязнасцяў мы не ведаем, бо зараз адвакаты выконваюць выключна сімвалічную функцыю і баяцца распавесці, што там дакладна ў гэтай справе.

Напэўна, як толькі яна пройдзе псіхіятрычную экспертызу, адбудзецца суд. Хутчэй за ўсё, ён будзе праходзіць у Рэчыцы.

— Ці ёсць каму пайсці на суд?

— Маці Паліны. Яна дарэчы ва ўсім дапамагае, збірае і дасылае ўсе пасылкі, возіць перадачы. З лістапада мінулага года яна спрабуе даслаць медычную бандэроль, бо Паліне патрэбна прайсці курс тэрапіі са спецыяльнымі прэпаратамі.

Адзін раз цешча нават ездзіла з гэтай бандэроллю прама ў калонію, але ўсе спробы засталіся безвыніковымі — нічога не прымаюць.

Зразумела, што мы будзем і далей спрабаваць перадаць лекі, бо ў жонкі сіндром Жыльбэра і ёй неабходна тэрапія раз на паўгода, а яна ўжо больш за год яе не праходзіла.

У Гомельскай калоніі і СІЗА такіх праблем не было, усе лекі прымалі. Праблемы пачаліся, калі Паліна апынулася ў ПК-24 у Зарэччы. Там адмаўляюцца прымаць медычную бандэроль, матывуючы тым, што ў іх ёсць свой медпункт і нібыта аказваецца ўся неабходная дапамога.

Між тым больш за паўгода ў Зарэччы Паліна ўвогуле не атрымлівае ніякіх пасылак і перадач. Яе пазбавілі гэтай магчымасці, бо практычна ўвесь час трымаюць у памяшканні камернага тыпу (ПКТ). На працягу 8 месяцаў адтуль яе забіраюць толькі дзеля таго, каб накіраваць у ШЫЗА.

Такія пакаранні амаль не дазваляюць мець закупак і ў турэмнай краме. Усё гэта не можа не ўплываць на стан здароўя, бо ад былых палітвязняў мы добра ведаем пра рацыён у калоніях. Выжыць на адной турэмнай ежы, у якой няма ніводнага вітаміну ці неабходнага элементу, вельмі цяжка.

— Ціск адбываецца на ўсіх палітычных вязняў, але Паліне быццам бы помсцяць з асаблівай жорсткасцю.

— Як толькі яна заехала ў ПК-24, на яе адразу пасыпаліся так званыя рапарты аб правапарушэннях, толькі за першыя чатыры месяцы яна правяла каля 60 содняў у ШЫЗА. Я аб гэтым даведаўся, бо да кастрычніка яшчэ была нейкая сувязь. Потым пачаўся моцны ціск на адвакатаў, і больш няма ніякай інфармацыі.

Ведаю, што Паліна адказвалася выходзіць на працу ў швейны цэх, дзе шыюць форму памежнікам і іншым сілавікам. Але ж там можна прыдумаць розныя зачэпкі: не так павіталася, не так стаяла і г.д.

У выніку ў кастрычніку яе змясцілі ў ПКТ на 6 месяцаў. Гэта найбольшы тэрмін, які ўвогуле можа атрымаць зняволены. Мы падумалі, можа з гэтай нагоды яе хаця б перастануць змяшчаць у штрафны ізалятар. Але, аказалася, дарэмна.

Ужо з канца снежня пачаўся такі непамерны ціск на Паліну, што мы нават не разумеем, колькі дакладна яна бывае ў ШЫЗА. Але вядома, што лік ідзе на месяцы. З новага года яна прабыла там не менш 120 содняў!

Гэта проста каласальны ўдар для арганізму. Такое нават уявіць немагчыма. Адбываецца ўсё прыкладна так: раз на тыдзень у калоніі засядае камісія, дзе разбіраюць усіх, хто нібыта зрабіў за гэты перыяд правапарушэнні. Там прысутнічае начальнік ды іншае кіраўніцтва.

І, здаецца, са снежня ніводная камісія не скончылася тым, каб Паліну не змясцілі ў ШЫЗА. То-бок яна выходзіла адтуль, некалькі дзён праводзіла ў ПКТ да наступнай камісіі, і ёй зноў прызначалі ШЫЗА.

Зразумела, што ў ПКТ нельга нават крыху адпачыць і перавесці дух, бо ўмовы там мала чым адрозніваюцца, можа толькі наяўнасцю бялізны і магчымасцю мець нейкія асабістыя рэчы. Атрымліваецца такое жахлівае кола.

Нам стала вядома, што з моманту яе змяшчэння ў ПКТ яна адбыла там толькі 48 содняў. Гэта значыць, што астатнія яна правяла менавіта ў ШЫЗА. А час знаходжання ў ШЫЗА не залічваецца ў час адбывання ПКТ. Таму гэты тэрмін у 6 месяцаў можа расцягнуцца на некалькі год.

Гэта проста не ўкладаецца ў чалавечы розум. Мы налічылі мінімум 200 дзён, якія Паліна знаходзілася ў ШЫЗА за 15 месяцаў зняволення.

— Гэта наўпрост знішчэнне чалавека. Вам штосьці вядома пра яе стан?

— Да нас прасочваюцца нейкія паведамленні з турэмнага тэлеграма, праз звычайных вязняў. Сітуацыю з Палінай ведаюць усе, усе ёй спачуваюць. І нам дакладна вядома, што ў яе вельмі моцна пагоршыўся стан здароўя.

Яе некалькі разоў змяшчалі ў медчасць калоніі, яна перанесла некалькі вірусных інфекцый, прастуд, таксама людзі, якія яе бачылі, расказваюць, што Паліна проста страшэнна аслабленая, ёй цяжка хадзіць.

Зразумела, што кантактаваць з ёй немагчыма, бо яна ўвесь час знаходзіцца ў ПКТ ці ШЫЗА, але калі-нікалі яе атрымліваецца ўбачыць, і яе фізічны стан вельмі кепскі.

Зараз мы рыхтуем зварот да міжнародных гуманітарных арганізацый аб тым, што стан здароўя маёй жонкі выклікае вялікую небяспеку. Наўпрост яе жыццю пагражае рэальная небяспека.

— У адным са сваіх лістоў, які апынуўся ў праваабаронцаў, Паліна напісала, што маральна яна не зломленая, што будзе змагацца далей, але фізічна можа не вытрымаць. Гэта гучала, як сапраўдны SOS.

— Гэты ліст быў напісаны недзе ў красавіку, а дайшоў толькі ў сярэдзіне мая. Так, гэта крык аб дапамозе.

Трэба разумець, што сітуацыя з Палінай — гэта ціск не толькі на яе, але і на яе родных: на маці, на дзяцей, на мяне. Гэта такая банальная помста нам усім.

Думаю, што цэнзар спецыяльна вырашыў прапусціць менавіта гэты ліст (а іншыя ўжо доўгі час не даходзяць), каб мы адчулі адчай і боль Паліны.

Яна пісала яго, калі даведалася, што ўзбуджаюць новую крымінальную справу. У кастрычніку-лістападзе мінулага года з’явілася інфармацыя, што праводзіцца праверка па крымінальнай справе.

Аднак пасля новага года СК вярнуў яе на нейкую дапрацоўку. У нас тады яшчэ была надзея, можа ўсё ж не будзе гэтай новай «крыміналкі». Але, зразумела, што лёс Паліны вырашае не СК і нават не адміністрацыя калоніі, а ўлады.

Мы спадзяваліся, што Паліна хутка выйдзе. Бо ў яе тэрмін па мінулай справе павінен скончыцца ў канцы ліпеня-пачатку жніўня. І вось яны дацягнулі да апошняга, калі мы нават паверылі ў тое, што яна выйдзе.

Асабліва паверылі дзеці, яны не могуць прыняць тое, што мама не выйдзе. Яны чакаюць ліпень, лічаць дні, збіраюцца сустракаць маму, стараюцца добра сабе паводзіць і вучыцца, каб яе парадаваць.

Увесь час пытаюцца, калі мама вернецца. А я не ведаю зараз, што ім сказаць. І ад гэтых сігналаў, што яна перадае, што фізічна можа больш не вытрымаць такія здзекі, мне горка і балюча.

Трэба яшчэ ўлічваць тое, што ПК-24 — сама па сабе вельмі жорсткая калонія. Там умовы не надта прыстасаваныя да жыцця. Яна знаходзіцца ў памяшканні старой вайсковай базы, якая будавалася недзе ў сярэдзіне мінулага веку. Размешчана ў лесе, няма цэнтральнага ацяплення, ёсць толькі ўласная кацельня, якая дрэнна працуе. А некаторыя карпусы наогул не ацяпляюцца, у тым ліку той, дзе знаходзяцца ШЫЗА і ПКТ. У тым баку печы ці катлы на цвёрдым паліве. І каб сагрэцца, зняволеныя самі вымушаныя тапіць гэтыя печы.

Вядома, што ў гэтай калоніі вельмі кепскае харчаванне, аснову якога складае тое, што самі вязні вырошчваюць на градках.

Ну і сама атмасфера. Там трымаюць жанчын-рэцыдывістак, якія здзейснілі паўторнае цяжкае злачынства, накшталт жорсткіх забойстваў, гвалту і г.д.

— І нават такія ўмовы палітвязням стараюцца пагоршыць.

— У іх мэта, па-першае, ізаляваць Паліну ад іншых зняволеных, бо яе падтрымліваюць усе, нават самыя «крымінальныя элементы». Наколькі вядома з таго ж турэмнага тэлеграфа, яе ўсе паважаюць.

Што тычыцца ўлады і кіраўніцтва калоніі, то, канешне, яны помсцяць ёй за яе погляды, за жыццёвую пазіцыю і разумеюць, што маральна яе зламаць немагчыма. Адсюль такі ціск менавіта праз фізічны стан.

Давесці чалавека да таго, што ён проста не зможа вытрымліваць здзекі і будзе вымушаны пайсці на нейкія саступкі ў сваіх паводзінах. Наколькі я разумею, Паліна сапраўды зараз даведзена да мяжы.

І адказ ад грамадзянства — гэта быў такі апошні жэст адчаю. Мне таксама праз іншых вязняў перадалі на словах, як яна тлумачыць мэту свайго ўчынку — гэта пратэст супраць бясконцых здзекаў, якія з ёй адбываюцца, такая адчайная спроба абараніць свае правы.

Можна было б назваць гэты жэст сімвалічным, калі б у яго не былі такія наступствы: яе пазбавілі ліставання, адправілі ў Навінкі. Не цяжка здагадацца, што ёй працягнуць помсціць.

Ёсць верагоднасць, што суд над ёй будзе адкрытым, таму хачу звярнуцца да ўсіх неабыякавых людзей, асабліва да прадстаўнікоў гуманітарных місій, таго ж Чырвонага крыжа і іншых, замежных дыпламатаў, і запрасіць іх на суд.

Я так мяркую, таму што суд над Вікторыяй Кульшой, якая таксама знаходзіцца ў гэтай калоніі, і ў яе лёс падобны (на яе таксама аказваецца вельмі моцны ціск, яе асудзілі ўжо другі раз), быў адкрыты.

Мы спадзяемся, што і на наш суд кагосьці дапусцяць, бо зараз улада дайшла да такой ступені, што яна не саромеецца гэтых абсурдных працэсаў. Ад следчых мы ведаем, што на Паліну падрыхтавалі больш за 50 правапарушэнняў. То-бок яны вельмі добра падрыхтаваліся.

«Дзяцей на суд не пусцілі, яны не бачылі маці ўжо 2,5 гады»

— Калі вы бачыліся з Палінай апошні раз?

— Роўна два гады таму, калі над ёй быў першы суд у Брэсце. Я ў той момант знаходзіўся на хатнім арышце і змог прысутнічаць на судзе. А пасля атрымалася патрапіць на спатканне. Яно было нават не дзве, а адну гадзіну, бо праходзіла ў суботу, выхадны дзень.

У той перыяд у Брэсце ішоў канвеер судоў, судзілі па «беспарадках», па «карагоднай справе». Каб патрапіць на спатканне, трэба было запісвацца за некалькі тыдняў. А ў мяне не было столькі часу, таму што і мой суд павінен быў нарэшце адбыцца.

Але я ведаў, што не пайду на яго, буду спрабаваць з’ехаць з краіны і зрабіць гэта можна было толькі да суда. І вось мне нейкім цудам удалося памяняцца з роднымі іншага палітвязня, каб патрапіць да Паліны ў хуткім часе.

Але спатканне ў тым выпадку — гэта гучна сказана. Сам пакой, у якім усё адбываецца, больш нагадвае прахадны калідор шырынёй можа 2,5 метры, у даўжыню метраў 6.

Праз увесь калідор стаіць адзін доўгі стол з таўсценным аргшклом пасярэдзіне ў два слаі. Паміж імі 5 сантыметраў, таму ўвогуле нічога не чутна, усе перамовы вядуцца праз старыя савецкія тэлефонныя апараты.

І разам з табой за гэтым сталом сядзяць яшчэ чацвёра. Гэта такі страшэнны гоман, калі пяць чалавек спрабуюць адзін аднаго перакрычаць у гэтыя слухаўкі, бо сувязь кепская.

Да таго ж і ў мяне за спінай, і ў Паліны стаялі наглядчыкі. То-бок нас слухалі не толькі праз тэлефон, але і побач. Аб чым можна пагаварыць у такіх умовах?

Памятаю, размаўлялі пра дзяцей, пра нейкае надвор’е. Напярэдадні ноч не спаў, думаў, што сказаць, але калі апынуўся там, разгубіўся. Было некалькі момантаў, калі Паліна пачынала штосьці гаварыць, і наглядчык адразу стукаў рукой па сталу, як бы мовіць, аб гэтым нельга.

Гэта быў апошні раз, калі я яе бачыў – 12 чэрвеня 2021 года.

Дзяцей на суд не пусцілі. Старэйшаму дазволілі прыйсці толькі ў апошні дзень, але ў зал зайсці не далі. Ён бачыў маму толькі, калі дзверы адчыняліся ды зачыняліся. Сыны не бачылі маці ўжо 2,5 гады.

— Як яны гэта перажываюць?

— Калі Паліну арыштавалі, малодшаму было 4 гады, старэйшаму –  11. Час ляціць, і ў малодшага застаюцца аб маме такія частковыя ўспаміны. Дзеці гэта дзеці, у такім узросце яны хутка ўсё забываюць.

Зразумела, што я кожны дзень нагадваю, мы часта глядзім фота і відэа, дзе мы разам. І ўсё ж калі маму забралі, Стах хадзіў у малодшую групу садочка, а зараз яму споўнілася 7 і ён рыхтуецца ў школу.

За гэты час ён моцна змяніўся, вырас, толькі за апошні год на 12 сантыметраў.

— Ці дасылалі вы фота Паліне?

— Да новага года гэта было прасцей. Але пасля нам вядома, што да яе дайшлі толькі некалькі лістоў. Хоць пішам мы рэгулярна і адпраўляем мінімум раз на тыдзень.

Я карыстаўся электроннай поштай праз асабісты кабінет Белпошты. Там дазваляецца пісаць лісты, неабмежаваныя па памеры, у якія можна ўставіць да 10 фотаздымкаў. Ліст адпраўляецца ў паштовае аддзяленне Зарэчча, там яго раздрукоўваюць, запакоўваюць у капэрту і адпраўляюць у калонію.

І такія лісты даходзілі да Паліны прыкладна да сакавіка. Цяжка сказаць, якая там якасць друкавання, але гэта быў адзіны варыянт даслаць хоць нешта пра дзяцей.

Калі мы спрабавалі самі раздрукаваць фота і даслаць, іх не прымалі з той нагоды, што ў ПКТ не дазволена мець фотаздымкі, бо там абмежаванні на асабістыя рэчы.

Калі была сувязь, Паліна шмат пісала пра дзяцей, таксама давала шмат парадаў, што лепш насіць, што збіраць у школу, якія ўрокі трэба падцягнуць.

Яна вельмі балюча перажывае расстанне з дзецьмі і зараз гэта толькі абвастрылася, бо цягам сотняў дзён, праведзеных у камеры, табе нічога не застаецца, як перабіраць успаміны, узгадваць усё, што ёсць у тваёй галаве: сыны, якіх яна не бачыла і нават голас не чула, лецішча, якое мы вельмі любілі і шмат шчаслівых дзён там правялі.

Я маю сувязі з іншымі роднымі палітвязняў і нават зайздрошчу тым, чые родныя хоць раз на месяц могуць ім тэлефанаваць. Для мяне гэта цуд. У нас такога ніколі не было. Мы ўвесь гэты час не бачылі і не чулі Паліну, не ведаем як яна выглядае, і яна не бачыла нас.

«У дзень майго вызвалення Паліна запусціла феерверкі перад будынкам ІЧУ»

— Паліна такі ж моцны і прынцыповы чалавек і ў звычайным жыцці?

— Яна прынцыповая ва ўсім. Але яна не проста моцны чалавек, а мэтанакіраваны. Калі ў яе ёсць мэта, яна не саступіць. Аднак з тымі, каго любіць і паважае, яна вельмі адкрытая, заўсёды пойдзе на кампраміс.

— А як вы пазнаёміліся?

— Так атрымалася, што мы знаёмыя з Палінай па палітычнай дзейнасці. Напрыканцы школы, гэта быў 2000 год, я зацікавіўся Беларушчынай. Гэта прывяло мяне да Берасцейскага маладога фронту. А Паліна на той момант была ўжо адной з лідарак рэспубліканскай арганізацыі, добра ведала Паўла Севярынца.

— Чаму вы звярнулі ўвагу на яе, яна ж не адна дзяўчына там была?

— У нас аказаліся агульныя інтарэсы. Напрыклад, любоў да прыроды. Неяк я прапанаваў Паліне пайсці ў паход, і яна пагадзілася. Мы сталі ладзіць такія паходы ці каталіся на роварах — і абодвум гэта падабалася.

Яшчэ нас вельмі цікавіла гісторыя, маглі гадзінамі размаўляць аб гэтым. Доўгі час мы проста сябравалі, абодва вучыліся, Паліна — спачатку ў дзяржаўным універсітэце ў Брэсце, яна выкладчык гісторыі, потым у Варшаўскім універсітэце яна абараніла дзве працы — па гісторыі і па паліталогіі.

А яе навуковая праца была на тэму «Падробка і фальсіфікацыя выбараў рэжыму Лукашэнкі». Яна збірала ўсе гэтыя факты і даследавала іх яшчэ ў 2008 годзе.

Па-сапраўднаму зблізіла нас выбарчая кампанія 2006 года. Тады таксама ў Беларусі адбываліся пратэсты, была вялікая акцыя на Кастрычніцкай плошчы, якую тады пратэстоўцы называлі плошча Кастуся Каліноўскага. Туды выйшлі дзясяткі тысяч нязгодных беларусаў.

Потым там жа разгарнуўся намётавы лагер, які пратрымаўся амаль пяць сутак. І ўвесь гэты час мы былі разам з Палінай у ахове лагера. Гэты момант стаў пераломным у нашых стасунках. Мы зразумелі, што нас звязвае больш, чым сяброўства, і пасля гэтых падзей не расставаліся.

Калі Паліна паехала вучыцца ў Польшчу, я прыязджаў да яе ў госці. Калі яна вярталася ў Беларусь, мы ўвесь час праводзілі разам.

— Ці затрымлівалі кагосьці з вас да 2020 года?

— Неаднаразова. У 2007 годзе праходзілі пратэсты супраць уз’яднання з Расіяй. Падчас аднаго з іх мяне затрымалі. Содні адбываў у старым ІЧУ Брэста, дзе не было не толькі прыбіральні, але нават вады.

Сваё вызваленне ў той раз не забуду ніколі. Паліна прывезла з Польшчы феерверкі і запусціла іх перад будынкам ІЧУ. А ў тыя гады салюты запускалі не так часта, пад Новы год толькі, іх не так проста было знайсці. Дарэчы, у тым годзе мяне затрымлівалі два разы.

У 2008 годзе мы ажаніліся, праз год нарадзіўся Славамір. А ў 2010-м, калі яму было паўтары гады, мы працавалі ў камандзе Андрэя Саннікава. Потым удзельнічалі ў тым самым так званым штурме Дома Ўрада.

Мяне зноў затрымалі, а ў доме адбыўся ператрус, канфіскавалі ўсю тэхніку. Пасля таго, як мяне адпусцілі, у апошні момант, пакуль не ўнеслі ў базу на мяжы, я паспеў з’ехаць з краіны.

І наступны год я правёў у эміграцыі. А Паліна нават не магла да мяне прыязджаць, бо сын быў маленькім. Я ў Варшаве тады атрымаў другую адукацыю, працаваў.

— То-бок доўгія разлукі ў вас ужо былі?

— Так, мы ведаем, што такое змаганне, і псіхалагічна заўсёды былі гатовыя да ўсяго. За ўсе гады да 2020-га я на адміністрацыйных арыштах адбыў болей за 100 содняў, і ў Паліны, калі сабраць усё агулам, набярэцца некалькі месяцаў арышту.

Былі моманты, калі нас затрымлівалі разам, нават калі ўжо былі дзеці. А ў 2020 годзе ціск на нас проста працягнулі.

Найбольш моцна ён адчуваўся з 2017 года падчас акцый супраць вядомага Дэкрэта №3. Тады фактычна былі першыя спробы моцных пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі.

Было зразумела, што людзі не хочуць жыць з гэтым рэжымам, што гатовыя супраціўляцца. Упершыню сапраўдныя шматтысячныя акцыі адбыліся і ў Брэсце, і ў іншых абласных цэнтрах.

Толькі ў Мінску затрымалі больш за тысячу чалавек. Гэта была і першая спроба сілавых разгонаў. І як дэжа-вю мы пабачылі тое самае ў 2020 годзе.

— Тое, што адбылося, для вас не стала нечаканым?

— Не, канешне. Быў момант 25 сакавіка 2017 года, калі малодшаму сыну быў толькі год, мяне затрымалі ў Мінску, а Паліну — у Брэсце, проста ў краме ля дому, куды яна выйшла за прадуктамі.

Яе тады суткі пратрымалі ў ІЧУ, старэйшы сын паспеў патэлефанаваць бабулі, тая адбіла атаку службы апекі, якая ўжо рыхтавалася прыехаць за нашымі дзецьмі.

Трэба сказаць, што і ў мяне, і ў Паліны цудоўныя бацькі і ўсе іншыя родныя, якія цалкам нас падтрымліваюць і ва ўсім дапамагаюць. Гэта наша апора. Ёсць і вялікая колькасць сяброў.

А з 2020 года — проста ідзеш па вуліцы і людзі пытаюцца, чым можна дапамагчы.

Гэтая салідарнасць заўсёды грала вялікую ролю ў нашым жыцці. У нашым горадзе нас шмат людзей ведала як узорную сям’ю. А мясцовыя ўлады баяліся, бо мы любую нагоду для рэпрэсій агучвалі з імёнамі, прозвішчамі і фотаздымкамі.

Яшчэ ў 2019 годзе, калі былі так званыя парламенцкія выбары, Паліну зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты. Зразумела, што ў нас не было ілюзій выбрацца ў гэты парламент, але мы вырашылі празандзіраваць такім чынам настроі насельніцтва.

Разам з сябрамі з «Еўрапейскай Беларусі» арганізавалі пікеты па збору подпісаў за Паліну. Тады здавалася, што ў краіне поўнае зацішша, ні пра якія пратэсты ўжо нічога не гаварылі.

Нам трэба было сабраць тысячу подпісаў без якой-небудзь інфармацыйнай, фінансавай ці адміністрацыйнай падтрымкі. Мы стаялі на цэнтральных вуліцах з БЧБ-сцягамі – і людзі падыходзілі і станавіліся да нас у чэргі. Многія прызнаваліся, што прагнуць перамен.

Тады нам і стала зразумела, што наступны год будзе вырашальным. Дзякуючы той кампаніі, мы ўбачылі, якое мноства людзей супраць улады.

Мы сабралі неабходную колькасць подпісаў, прычым бездакорных, што і прымусіла зарэгістраваць Паліну кандыдатам у дэпутаты па Першай акрузе.

У выніку па ёй прайшоў нейкі начальнік будтрэста, без усялякай палітычнай праграмы. Але для нас вынікам стала іншае. Паліна — адзіная, у каго атрымалася выступіць са сваёй праграмай па тэлевізары.

Гэты была выпадковасць, проста нехта недагледзеў. Магчымасць быць першай выпала ў выніку жэрабя. А трансляцыя ішла на ўсю краіну. Пасля Палінінага выступу ад гэтай практыкі адмовіліся і сталі трансляваць па рэгіёнах.

А тады Паліна паспела назваць Лукашэнку дыктатарам, яго рэжым — дыктатарскім. Сказала, што ў Беларусі няма свабодных выбараў і што лёс краіны будзе вырашацца ў наступным годзе на вуліцах гарадоў. Атрымалася, што яна прадказала гэтыя падзеі.

Зразумела, пасля яна стала асабістым ворагам для мясцовых уладаў, таму што выступ заўважылі, былі разборкі, на тэлебачанні нават кагосьці звольнілі.

Паліну на наступны дзень знялі з выбараў, пазбавілі рэгістрацыі, заднім лікам кожны наш пікет па збору подпісаў прызналі незаконным масавым мерапрыемствам і нас абклалі велізарнай колькасцю штрафаў.

Мы не хадзілі на суды, а іх было шмат, вырашылі, што добраахвотна не будзем у гэтым удзельнічаць. Скончылася тым, што як раз тры гады таму, на пачатку чэрвеня 2020 года, калі быў арыштаваны Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч і іншыя актывісты, улады скарысталі гэтую сітуацыю для ціску на нас.

У дзверы ўламаліся судовыя прыставы і на нашых вачах канфіскавалі ўсю маёмасць: тэлевізар, пральню, выцяжку кухонную знялі, забралі камп'ютары і шмат іншага.

І тады нам патэлефанаваў Эдуард Бабарыка, гэта было практычна за некалькі тыдняў да яго затрымання. Ён прапанаваў адкрыць збор на тое, каб выкупіць свае рэчы, і на яго пляцоўцы нам сабралі грошы за некалькі гадзін. Мы спрабавалі выкупіць свае рэчы, але яны зніклі, хаця іх павінны былі выставіць на аўкцыён. Але мы змаглі купіць новае.

— Вы былі знаёмыя з Эдуардам?

— Не, ён проста такі чалавек, даведаўся пра нашу сітуацыю і патэлефанаваў. Але мы былі знаёмыя з Віктарам Бабарыка. На пачатку чэрвеня ён быў у Брэсце. На сустрэчу прыйшлі сотні людзей.

Пасля яе атрымалася пазнаёміцца з Бабарыка. Нас здзівіла, як добра ён размаўляў па-беларуску. Гэта вельмі адкрыты чалавек, уважліва нас слухаў, сказаў, што наш вопыт яму вельмі спатрэбіцца, прасіў некаторыя парады.

А яшчэ ў лістападзе 2019 года мы пазнаёміліся з Сяргеем Ціханоўскім. Зразумелі, што падыходзім да 2020-га з агульнымі думкамі, сустракаліся, абмяркоўвалі.

Нават вясной перад выбарамі былі ў іх у гасцях, і Святлана нас яшчэ частавала смачнымі блінчыкамі. Тады не было ніякіх перадумоваў, што яна зоймецца палітычнай дзейнасцю.

— Здаецца, што ўсё ваша жыццё складалася толькі з грамадскай ды палітычнай дзейнасці.

— Гэта не так. Паліна — проста цудоўная маці. Увесь свой час яна аддавала дзецям. У любым выпадку, нягледзячы на яе актыўнасць, сям’я для яе на першым месцы. Яна цудоўна гатуе і на кухні праводзіла вялікую колькасць часу.

Сама не ўжывала мяса і заўсёды была прыхільніцай здаровага харчавання. Яна рэдка нешта смажыла, надавала шмат увагі садавіне-гародніне. Сама ляпіла пельмені, варэнікі, каўбаскі. Мы ўсе вельмі любім яе бігас, гэта наогул каронная страва.

Яшчэ ў яе ёсць такая ці то рыса характару, ці то асаблівасць, якая некаторых здзіўляла, а для нас была ў парадку рэчаў: Паліна трымала дом у ідэальнай чысціні. У нас не магло быць ані крошкі. Літаральна кожны дзень яна наводзіла парадак і чысціню.

— Калі яна ўсё паспявала?

— Я дапамагаў ва ўсім: і з дзецьмі пагуляць, пакуль яна гатуе ці прыбірае, і штосьці зрабіць. Гэтая чысціня некаторых здзіўляла, асабліва сацыяльныя службы, якія ў 2020 годзе пачалі новы віток ціску на сям’ю. Нас усё хацелі паставіць на ўлік у СНП (сям’яў з сацыяльна-небяспечным становішчам).

І камісіі з гэтай нагоды прыходзілі разоў шэсць. Яны ніколі не папярэджвалі і кожны раз не маглі схаваць здзіўлення, бо добра ведалі, як выглядае дом у тых сем’яў, якія яны ўключалі звычайна ў свой спіс. Здаецца, і іх не папярэджвалі, з-за гэтага яны былі ў разгубленасці, бо не ведалі, да чаго прычапіцца.

Апошнія пяць-шэсць год большую частку свайго вольнага часу мы праводзілі за горадам. Удалося купіць дом у вёсцы ў 30 км ад Брэста, па суседству з малой радзімай Паліны.

Там прайшло яе дзяцінства, там нарадзілася яна і яе маці — такія блізкія да сэрца мясціны. Дом быў стары, патрабаваў рамонту, і мы мянялі дах, вокны, усё вычысцілі. На участку пасадзілі сад, Паліна высаджвала кветкі, яе маці — садавіну-зеляніну. Але з большага гэта было месяца для душы.

Ва ўсіх лістах да маці Паліна ў першую чаргу пытаецца, як там на вёсцы, бо зараз гэта гаспадарка цалкам легла на плечы цешчы. Першыя паўтары гады ў зняволенні Паліна яшчэ раіла, як там расстаўляць мэблю, давала парады, што купіць, што зрабіць. Гэта была такая аддушына, куды яна адыходзіла ў думках.

«Жыццё ў эміграцыі нялёгкае, а з двума дзецьмі яшчэ цяжэй»

— Як вы сам трымаецеся гэты час?

— Калі коратка, мне ўдалося збегчы з-пад хатняга арышту. Першыя восем месяцаў я чакаў сваё рашэнне па бежанству, каб нарэшце атрымаць хоць нейкія дакументы ў Еўропе.

Калі дачакаўся, пачалася вайна і на той момант мы не змаглі адразу перавезці дзяцей з Беларусі. Яны скончылі там навучальны год, а я кожны дзень размаўляў з імі, нават урокі рабілі па відэа.

Насамрэч, дзяцей нашы родныя вельмі добра даглядалі. У нас была дамоўленасць на выпадак, калі затрымаюць нас абодвух, і менавіта так здарылася.

— Ці не баяліся вы, што праз дзяцей будуць ціснуць на вас?

— Усе папярэднія спробы скончыліся нічым, яны заўсёды давалі збой ужо на першых этапах, бо там адказнымі былі людзі, якія жылі сярод нас ды побач. Брэст — не такі вялікі горад.

У садку, школе, паліклініцы, нават тыя судовыя прыставы, яны не тое, што сімпатызавалі нам, а адкрыта падтрымлівалі, адкрыта казалі, што мы не будзем падпісваць гэтыя паперы.

Але ж улады пайшлі па іншаму шляху, яны вырашылі пазбавіць Паліну бацькоўскіх правоў, таму што яна «не займаецца дзецьмі, не ўдзельнічае ў іх выхаванні». Калі такое адбываецца больш за год, то фактычна могуць пазбавіць правоў.

Паперы падрыхтавалі і нават далі Паліне азнаёміцца. Зразумела, яна ўсё выкінула ў сметніцу. А я ў хуткім часе вывез дзяцей з краіны. І гэтая справа нічым не скончылася. Відавочна, што яна была распачатая толькі для маральна-псіхалагічнага ціску.

Жыццё ў эміграцыі нялёгкае, а з двума дзецьмі яшчэ цяжэй. Увесь час цягнуцца нейкія бюракратычныя працэдуры. А трэба яшчэ працаваць на двух працах, гатаваць, прыбіраць, і ў мяне не атрымліваецца так, як у Паліны.

Дзеці для мяне — галоўнае. Хочацца, каб яны жылі ў такіх жа ўмовах, як калі мы жылі ўсе разам у Беларусі. Хочацца, каб яны не адчувалі ніякіх абмежаванняў хаця б у бытавым плане, бо ім і так хапае таго, што маці няма побач.

У старэйшага сына падлеткавы перыяд, яму і так цяжка, але ён яшчэ і мне дапамагае. Ён усё разумее, ведае, як змагаецца яго мама, і тое, што з ёй адбываецца, для яго вялікі стрэс. Ён сам можа чытаць навіны, таму ўберагчы яго ад гэтага стрэсу немагчыма. Славамір стаў замкнёным, мы нават працавалі з псіхолагам.

Каб неяк згладжваць гэты стрэс, мы ездзім у падарожжы — па Літве, Польшчы, добрыя людзі запрасілі адпачыць нас у Італію, некалькі разоў ляталі ў Грузію, і ў моры пакупаліся, і па гарах палазілі.

Дзецям вельмі падабаецца падарожнічаць. Але зараз у нас перапынак з-за замены пашпарта для старэйшага, бо мы робім дакументы не праз амбасаду, прынцыпова не сталі туды звяртацца. Я таксама не прызнаю гэтыя ўлады.

Дзе б мы ні былі, усюды шмат людзей, якія дапамагаюць. Прычым людзей незнаёмых. І гэтая дапамога дазваляе мне самому трымацца ў нармальным псіхічным ды фізічным стане.

Наогул я лічу, што людзі, якія паўсталі ў 2020 годзе, а іх вельмі шмат, нікуды не дзеліся. Яны проста замоўклі ды сядзяць і чакаюць. Я ўпэўнены, што мы сапраўды не прайгралі — усё працягваецца.

 

 

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]