ФЁДАР ІВАНАВІЧ ШМАКАЎ
Беларуская культура, нацыянальнае тэатральнае мастацтва, грамадскасць краіны панеслі цяжкую страту. 1 мая 2009 года на 93-м годзе пайшоў з жыцця Фёдар Іванавіч Шмакаў - народны артыст СССР, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Перастала біцца сэрца вялікага акцёра нашай краіны, сапраўднага яе грамадзяніна і палымянага патрыёта. Сваё яркае жыццё да апошняга ўдара сэрца ён аддаў сваёй Айчыне і роднаму народу, з глыбінь якога заўсёды чэрпаў натхненне і творчыя сілы.
Нарадзіўся Ф.І.Шмакаў 1 сакавіка 1917 года ў Санкт-Пецярбургу. Пасля заканчэння ў 1939 годзе Ленінградскага тэатральнага інстытута працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі ў Магілёве. З 1941 года - у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, удзельнік франтавой тэатральнай брыгады. 67 гадоў выходзіў ён на сцэну Коласаўскага тэатра. Тут сталеў і набіраў моцы яго непаўторны і шматаблічны талент, талент народнага атрыста па самой сваёй сутансці. Тут здабыў ён сваю акцёрскую славу і прызнанне гледачоў.
Ф.І.Шмакаў быў акцёрам шырокага творчага дыяпазону, глыбокага псіхалагізму. Ён валодаў рэдкім сцэнічным абаяннем, непаўторнай шчырасцю. Найбольш поўна яго акцёрскія здольнасці выявіліся ў нацыянальтным рэпертуары. Ён стварыў шмат вобразаў, у якіх выразна і поўна раскрыліся рысы беларускага народнага характару, унутраны свет сучаснікаў. Сярод яго лепшых роляў Аксён Каль, Дзед у спектаклях "Навальніца будзе" і "Зямля" паводле Я.Коласа, Лемяшэвіч, Антанюк у "Крыніцах" і "Снежных зімах" паводле І.Шамякіна, Каравай у "Таблетцы пад язык" А.Макаёнка, Пэн з "Ружы ў чыстым полі" У.Драздова і іншыя. Своеасаблівай візіткай не аднаго Ф.І.Шмакава, а і ўсяго беларускага тэатра стаў вобраз Несцеркі па аднайменнай п’есе В.Вольскага. Апошняя роля Фёдара Іванавіча - адвакат Маргарытаў у спектаклі "Позняе каханне" А.Астроўскага, прымеркаваным да 90-годдзя славутага майстра сцэны.
Ф.І.Шмакаў аднолькава таленавіта спраўляўся з ролямі трагедыйнымі і камедыйнымі, свабодна пачуваўся як ў сучасным рэпертуары, так і ў класічным. Дастаткова згадаць створаныя ім вобразы ў творах А.Астроўскага, Л.Талстога, М.Горкага, М.Гогаля, А.Чэхава, У.Шэкспіра, Ф.Шылера, каб зразумець, што талент яго быў сапраўды невычэрпны і шматгранны. Старэйшаму пакаленню гледачоў вядомы ён як адметны стваральнік вобраза У.І.Леніна ў спектаклях І.Папова, Дз.Зорына, М.Шатрова, М.Пагодзіна.
З 1960-х гадоў Фёдар Іванавіч выступаў і ў якасці рэжысёра. Дзесяткі спектакляў паставіў ён на сцэне роднага тэатра: "Бацькаўшчына" К.Чорнага, "Мудрамер" М.Матукоўскага, "Трывога" А.Петрашкевіча, "Верачка" А.Макаёнка, "Несцерка" В.Вольскага, "Блэз" К.Манье і іншыя.
Каля пяцідзесяці роляў сыграў Ф.І.Шмакаў на кінаэкране. Ён зняўся ў фільмах "Балтыйскае неба","Узнятая цаліна", "Доўгія вёрсты вайны", "Качубей" "Крыніцы", "Людзі на балоце", "Подых навальніцы" і іншых.
Створанае ім карысталася нязменным поспехам не толькі ў беларускага гледача. У многіх краінах свету гучалі апладысменты ў яго гонар. Творчыя набыткі Ф.І.Шмакава адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і "Дружбы народаў", шматлікімі медалямі. Ф.І.Шмакаў з’яўляецца лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", ганаровым грамадзянінам Віцебска.
Сваёй плённай творчай дзейнасцю Ф.І.Шмакаў узбагаціў беларускае тэатральнае мастацтва, надаў яму асаблівую адметнасць і непаўторнасць. Яго імя назаўсёды ўвайшло ў гісторыю нацыянальнай культуры. Створанае выдатным майстрам будзе працягвацца ў яго вучнях, якім шчодра аддаваў ён палымянасць свайго сэрца, багаты жыццёвы і творчы вопыт.
Да самых апошніх дзён не парываў Ф.І.Шмакаў сувязі з родным тэатрам, не аддзяляў сябе ад справы, якая стала яго жыццёвым лёсам, сэнсам і зместам усяго жыцця. Ён шчыра і самаадана любіў людзей, яны адказвалі яму тым жа.
Светлая памяць пра Фёдара Іванавіча Шмакава назаўсёды застанецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў.
С.С.Сідорскі, У.У.Макей, У.П.Андрэйчанка, У.Ф.Матвейчук, А.М.Косінец, С.А.Акружная, В.Д.Анісенка, Г.С.Аўсяннікаў, Г.Б.Давыдзька, А.А.Дудараў, Г.М.Гарбук, Э.І.Герасімовіч, М.Г.Захарэвіч, М.М.Кірычэнка, В.М.Клебановіч, Т.А.Кокштыс, Б.І.Луцэнка, Б.А.Масумян, А.Л.Мілаванаў, П.І.Палякоў, А.К.Памазан, М.П.Пашынскі, В.М.Раеўскі, Р.Б.Смольскі, Р.С.Таліпаў, Г.С.Талкачова, А.Л.Ткачонак, Р.І.Шацько, Р.І.Янкоўскі.