Яанна Бэрнатовіч разважае будучыню беларускай культурнай прасторы ды сэрца, пакінутае на берагах Нёмана.
Польскае выдавецтва KEW пачне продаж кнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому». Яе пераклала Яанна Бэрнатовіч. Яна разважае пра перакладніцкі выбар, зацікаўленьне беларускай літаратурай і мовай, меркаваньні пра будучыню беларускай культурнай прасторы ды сэрца, пакінутае на берагах Нёмана, паведамляе «Радыё Свабода».
«Да перакладаў Быкава я дасьпявала 10 гадоў»
— Чаму з багатай творчай спадчыны Васіля Быкава вы выбралі менавіта «Доўгую дарогу дадому»?
— Калі я купіла «Доўгую дарогу дадому» ў 2006 годзе ў Менску, я яшчэ ня вельмі добра ведала беларускую мову і літаратуру. Але ўсьведамляла, што Быкаў — выдатны пісьменьнік, і хацела пазнаёміцца зь ягонай аўтабіяграфіяй. Варта падкрэсьліць, што гэта было неўзабаве пасьля ягонай сьмерці ў 2003-м, калі Быкаў прысутнічаў у польскай культурнай прасторы. Тады ў прэсе было шмат публікацыяў пра яго.
Калі я пачала чытаць «Доўгую дарогу дадому», я яшчэ не настолькі добра пачувалася ў беларускай мове, каб на ёй чытаць цэлыя кнігі. Шчыра кажучы, мне здавалася, што не змагу цалкам прачытаць гэты твор. Тымчасам кніга мяне зачапіла, і я ўсё ж прачытала яе даволі хутка.
Думка, каб перакладаць яе, зьявілася крыху пазьней, а дасьпявала я да яе амаль дзесяць гадоў.
Трэба дадаць, што польскія выданьні Быкава ёсьць, іх можна знайсьці ў кожнай бібліятэцы. Большасьць ягоных кніг зьявіліся ў Польшчы ў 70-80-х гадах мінулага стагодзьдзя ў вельмі добрых перакладах.
«Разуменьня беларускай пэрспэктывы ў Польшчы вельмі не хапае»
— Наколькі ўспаміны знакамітага беларускага пісьменьніка пра складанае сваё асабістае жыцьцё, а праз гэта — цэлага народу, цікавае цяпер польскаму чытачу?
— Прычынай майго зацікаўленьня «Доўгай дарогай дадому» стала ў першую чаргу не літаратурная вартасьць кнігі, а тое, што яна дапамагла мне ўбачыць і зразумець складаныя лёсы беларусаў у ХХ стагодзьдзі.
Пранізьлівыя камэнтары і заўвагі Быкава на палях асабістай біяграфіі вельмі трапна апісваюць мэханізмы, якія вызначалі кшталт ягонага дзяцінства, ваеннай маладосьці, пісьменьніцкага шляху і грамадзкай актуальнасьці 80–90-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Ягонае жыцьцё, як і жыцьцё цэлага народу, было ў вялікай ступені вызначана гістарычнымі абставінамі і таталітарнай дзяржаваю.
Я думаю, што гэтая кніга стварае магчымасьць пазнаць і зразумець беларускую пэрспэктыву, убачыць працэсы, якія адбываліся ў нашай усходнеэўрапэйскай прасторы пасьля Другой усясьветнай вайны, зь беларускага гледзішча. Гэтага разуменьня беларускай пэрспэктывы ў Польшчы вельмі не хапае.
«Знак бяды» прачытала ў тэатральным гардэробе
— А калі наогул вы адкрылі для сябе творчасьць Васіля Быкава? Што ці хто гэтаму паспрыяў? Якія кнігі Быкава ў арыгінале ці перакладах прачыталі да таго, як наважыцца на польскамоўнае перастварэньне адной зь іх?
— Першае кароткае апавяданьне Быкава я прачытала ў часопісе «Krasnogruda» ў перакладзе Чэслава Сэнюха. Пасьля пачала чытаць ягоныя іншыя кнігі, перакладзеныя на польскую.
З усяе творчасьці Быкава мяне найбольш захапіў «Знак бяды». Чытала гэтую кнігу тады, як працавала гардэробшчыцай у тэатры. Якраз быў спэктакль «Factory 2», які доўжыўся амаль сем гадзін і заканчваўся а 3-й уначы. Я сядзела ў фае з кнігай і чытала ўвесь вечар да ночы, адчуваючы вельмі моцную сувязь з героямі Быкава.
Мяне таксама вельмі моцна ўразіў фільм «У тумане» Сяргея Лазьніцы. Толькі пасьля гэтага фільму я прачытала «Сотнікава».
Дарэчы, калі я ў Вене працавала над перакладам «Доўгай дарогі дадому», то пайшла на паказ фільму «Бабін Яр» і размову з Лазьніцам. Гэты фільм мне тады вельмі дапамог, бо ў ім ёсьць шмат дакумэнтальнага матэрыялу пра Чырвоную Армію. Я якраз перакладала фрагмэнты ваеннай біяграфіі Быкава і змагла ўбачыць амуніцыю салдатаў.
«Тыдня ў беларускай вёсцы хапіла, каб адчуць, што маё сэрца застаецца на Нёмане»
— Вы — выпускніца польскага ліцэю і факультэту польскай філялёгіі Ягелёнскага ўнівэрсытэту. А адкуль у вас цікавасьць да беларускай мовы? Ці складана было яе вывучыць?
— Я сама зь Беласточчыны, і гэтага ўжо хапала б, каб зацікавіцца Беларусьсю. У маім родным горадзе ладзіцца фэст «Бардаўская восень», дзейнічае Беларускі ліцэй. Таксама шмат маю праваслаўных сяброў і знаёмых, якія лічаць сябе беларусамі.
Але быў і дадатковы імпульс. Мой дзед нарадзіўся ў вёсцы Беліца (Лідзкі раён). У 1991 годзе ён памёр, пасьля чаго сямейныя сувязі зь ягонай радзімай не былі надта моцнымі. Калі мне споўнілася дваццаць гадоў, то на канікулах пасьля першага курсу ў Ягелёнскім унівэрсытэце на запрашэньне дзядзькі Вацлава я паехала ў Беларусь. Я тады ня ведала ні беларускай мовы, ні нават кірыліцы. Тыдня ў беларускай вёсцы хапіла, каб адчуць, што маё сэрца застаецца на Нёмане.
Пасьля вяртаньня з вакацыяў ва ўнівэрсытэт я пачала вывучаць расейскую мову, але хутка ўсьвядоміла, што больш мне патрэбная беларуская, таму што безь яе не зразумею Беларусі. Маім настаўнікам быў прафэсар Юры Гардзееў, якому я вельмі ўдзячная. Пасьля я пачала сябраваць зь беларусамі і езьдзіць да іх. Навука давалася лёгка, бо мне вельмі важна было размаўляць зь імі па-беларуску.
«Плянаў на пераклады вельмі шмат»
— У Польшчы цяпер праз палітычны перасьлед на радзіме апынулася шмат беларускіх літаратараў. За амаль тры гады іх вымушанага ўцякацтва ў вашай краіне выйшла даволі шмат іхных кніг. Творчасьць якіх беларускіх аўтараў цяпер вас цікавіць? Што чытаеце — і што, магчыма, зьбіраецеся перастварыць па-польску?
— Я ўжо пачала перакладаць «Сабакаў Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Гэта для мяне вялікі выклік, але перадусім сапраўды цікавая праца з добрым літаратурным тэкстам. У будучым я б хацела перакласьці «Жоўты пясочак» Быкава і «Смаленьне вепрука» Стральцова. Насамрэч, гэтых тэкстаў і плянаў значна больш.
Чытаю ў польскіх перакладах многіх беларускіх клясычных аўтараў. З таго, што зьявілася апошнім часам, то гэта кнігі Артура Клінава, Наталкі Бабінай, Уладзімера Караткевіча, Уладзімера Някляева, Андрэя Адамовіча.
Вельмі цікавіць сучасная беларуская паэзія. Уразілі такія праекты, як «Сарматыя» Марыі Мартысевіч і «Канстытуцыя» Ганны Янкуты. Чытаю таксама вершы Юлі Цімафеевай, Дар’і Бялькевіч, Сяргея Прылуцкага, Вальжыны Морт, Андрэя Хадановіча. Вельмі цаню эсэ Альгерда Бахарэвіча, Вольгі Шпарагі, Валянціна Акудовіча. Люблю таксама літаратуру беларускага Падляшша, напрыклад, паэзію Надзеі Артымовіч, прозу Галіны Максімюк.
«У сучаснай беларускай літаратуры мне не хапае цяпер «вялікага рэалістычнага раману»
— Якой вы бачыце сучасную беларускую літаратуру ў кантэксьце эўрапейскай?
— Лепш было б паставіць гэтае пытаньне інакш: як я бачу сучасную беларускую літаратуру ў кантэксьце сусьветнай? Я вельмі люблю сучасную амэрыканскую рэалістычную прозу. У ліку маіх любімых аўтараў Джонатан Франзэн (Johnatan Franzen), Джэфры Эўгенідыс (Jeffrey Eugenides), Ханья Янагіхара (Hanya Yanagihara), Колсан Уайтхэд (Colson Whitehead), Рэбэка Макай (Rebecca Makkai).
У сучаснай эўрапейскай літаратуры, у тым ліку і беларускай, мне не хапае цяпер «вялікага рэалістычнага раману». Маю на ўвазе прозу, якая праз прызму звычайнага штодзённага жыцьця распавядае наогул пра нашую сучаснасьць і дыягнастуе яе. Дарэчы, гэтага мне хацелася б і ад польскай літаратуры.
«Будучыня ёсьць, пакуль жывуць пакаленьні, здольныя тварыць у прасторы беларускай мовы»
— Ці ёсьць, на вашу думку, будучыня ў беларускай літаратуры і культуры? Ад чаго яна залежыць?
— Цяпер бачу перадусім будучыню незалежнай беларускай літаратуры і культуры. Яна, безумоўна, ёсьць, пакуль жывуць пакаленьні, здольныя тварыць у прасторы беларускай мовы. Гэтае кола людзей будзе звужацца, калі дзяржава і надалей ня будзе зацікаўленая тым, каб жыхары Беларусі вучыліся на беларускай мове, размаўлялі на ёй, чыталі па-беларуску і жылі ў беларускай культурнай прасторы.
Зь іншага боку, у мяне складаецца ўражаньне, што жывучасьць беларускай мовы вельмі моцная і яе вытрывучасьць у вельмі неспрыяльных абставінах — гэта проста цуд.