Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Нават Ціханоўская пачала казаць аб уступленні Беларусі ў НАТА

13.07.2023 политика
Нават Ціханоўская пачала казаць аб уступленні Беларусі ў НАТА

Прадстаўніца дэмакратычнай Беларусі сустрэлася з Джо Байдэнам у Вільні.

Сьвятлана Ціханоўская адказала на пытаньне карэспандэнта «Радыё Свабода» пра каштоўнасьць NATO для Беларусi.

— Вы казалі, што ўдзел Беларусі ў NATO — гэта яшчэ пытаньне вельмі далёкай будучыні. Але ці не было б карысным пра гэта гаварыць ужо цяпер, рыхтаваць грамадзкую думку, што гэта для Беларусі адзіны спосаб захаваць у будучыні сувэрэнітэт і ўласную бясьпеку?

— Можна ўжо разгортваць дыскусіі і пра сяброўства ў Эўразьвязе, і пра сяброўства ў NATO. Але ж мы павінны разумець, што гэта тыя пытаньні, якія хвалююць беларусаў перш за ўсё ў Беларусі. Некаторыя ініцыятывы пра гэта размаўлялі, яны бачаць удзел беларусаў у гэтым пытаньні. Я не магу зараз адказаць на пытаньне пра сяброўства ў NATO за ўсіх беларусаў, бо я ня ведаю, колькі людзей у працэнтных адносінах за гэта выступаюць.

Мы таксама павінны разумець, што гэтае пытаньне ніколі перад беларусамі не стаяла, ніхто ня ставіў (увесну 1996 г. ставілі лідэры БНФ і лідары грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»— рэд.). І каб гэтая грамадзкая думка склалася, вядома, трэба працаваць, але каб гэта не выглядала як ціск на людзей таксама. Людзі павінны самі вырашаць, калі краіна, калі нацыя знаходзіцца ў такіх цісках рэжыму, вельмі цяжка пераконваць людзей у нечым, чаго яны не разумеюць. Трэба даступна тлумачыць, што дае нам сяброўства ў NATO. Бо для многіх у Беларусі існуе ўяўленьне, што NATO — гэта страшэнная жывёліна, якая хоча на нас напасьці. І ў такіх умовах цяжка гэтую думку перабіць, бо няма свабодных мэдыя. Але мы павінна над гэтым працаваць.

— Але калі б людзі пачулі, што Сьвятлана Ціханоўская кажа: «Так, Беларусі трэба ўступаць у NATO», яны, магчыма, ня так баяліся б? Што стрымлівае вас, каб сказаць: так, Беларусі трэба ў будучыні ўступіць у NATO.

— Гэта будзе тады мая асабістая думка. Можа, вы маеце рацыю, трэба пра гэта гаварыць. Але столькі тэмаў трэба асьвятліць, у тым ліку пра нашых палітзьняволеных. Той, хто хоча зразумець адрозьненьне NATO ад альянсу з Расеяй, той знойдзе сам інфармацыю. Але ж я вас пачула: калі гэта патрэбна, то, вядома, буду рабіць.

Сьвятлана Ціханоўская таксама сустрэлася з амэрыканскім прэзыдэнтам Джо Байдэнам пасьля яго прамовы 12 ліпеня ў Вільні, дзе завяршыўся двухдзённы саміт NATO.

Як стала вядома карэспандэнтам «Радыё Свабода», пасьля прамовы Джо Байдэна каманда прэзыдэнта ЗША правяла Сьвятлану Ціханоўскую ў памяшканьне, дзе ён знаходзіўся. Ціханоўская была адзінай асобай, якая ўвайшла ў памяшканьне.

Пазьней у тэлеграм-канале Сьвятланы Ціханоўскай зьявілася пацьверджаньне факту сустрэчы.

«Вельмі ўдзячная прэзідэнту за гэтую сустрэчу. Я данесла яму нашую пазыцыю, распавяла, што беларусы працягваюць змагацца за вызваленьне сваёй краіны. Я радая, што ў нас атрымліваецца непублічна пагаварыць пра тое, што нам сапраўды важна. Беларусы могуць разьлічваць на падтрымку ЗША», — пракаментавала Ціханоўская.

Падчас прамовы Байдэна ў Вільні Ціханоўская знаходзілася на трыбуне разам з прэзыдэнтам Літвы, экс-прэзыдэнтамі, чальцамі літоўскага ўраду.

Выступаючы 12 ліпеня ў Віленскім унівэрсытэце па выніках саміту NATO, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, сярод іншага, выказаў словы падтрымкі жыхарам Беларусі, Малдовы, Грузіі і «ўсіх краінаў, дзе працягваюць барацьбу за свабоду».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]