Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Я трапіла ў іншую рэальнасць. Алесь быў вельмі просты і шчыры»

13.07.2023 политика
«Я трапіла ў іншую рэальнасць. Алесь быў вельмі просты і шчыры»

Беларуска шчыра распавяла пра сустрэчу з мастаком.

Барысаўчанка Анастасія падзялілася з ex-press.live успамінамі пра сустрэчу з беларускім мастаком Алесем Пушкіным, які пакінуў гэты свет 11 ліпеня.

«Ва ўсім адчувалася душа творчага чалавека і энергія клапатлівай гаспадыні»

— Я бачыла ўжывую Алеся аднойчы, але мне хапіла і гэтага, каб зразумець наколькі моцная асоба перада мной. Я трапіла ў іншую рэальнасць. Алесь быў да вар'яцтва просты і шчыры. У добрым сэнсе. Заўсёды размаўляў на беларускай мове.

Дзяўчына пазнаёмілася з ім 4 гады таму, калі прыехала на святкаванне Купалля ў Бобр.

— Гэта былі неверагодныя два дні спакою, радасці і асалоды ад дотыку да народных традыцый, культуры і прыроды. Разам з сябрамі мы жылі ў намёце на беразе ракі. Тамака жа і купаліся. Нас гасцінна сустрэлі Алесь і Яніна, гаспадар і гаспадыня дома. Я не ведала яго дагэтуль, але ён сустрэў нас цёплымі абдымкамі і запрасіў пакаштаваць хатні бярозавы сок. Мне спадабалася, такі сок я люблю. Нас накармілі смачнымі блінамі і бутэрбродамі. Як зараз памятаю, якія яны былі смачныя. Ужо не ўзгадаю, што там было ў складзе, але ўспамін задавальнення застаўся. Мы сядзелі на ўтульнай кухні. Мне было камфортна і добра, як дома.

Я захаплялася ўсім у гэтай вёсачцы: домам, людзьмі, карцінамі, кнігамі, нават прыбіральняй, якая была на вуліцы, але незвычайна прыгожая, цікавая. Побач з домам была лазня. І мы паспрабавалі яе моц. Ва ўсім адчувалася душа творчага чалавека і энергія клапатлівай гаспадыні.

«Вялікімі факеламі тры моцныя хлопцы запалілі вогнішча, сярод іх быў Алесь і яго сын Мікола»

— Мы рыхтаваліся да свята: хлопцы рабілі вянкі з бярозавых галінак, а дзяўчаты— з кветачак. Cуседзі, госці з розных куткоў краіны і нават іншых краін прыехалі сустрэць гэтае свята да Алеся ў Бобр. Каля 100 чалавек наведалі тады свята ў вёсцы. Людзі віталіся на вуліцах, усе ведалі, што будзе Купалле, будзе вялікае свята.

Купалле прайшло па ўсіх фальклорных традыцыях. Вялікімі факеламі тры моцныя хлопцы запалілі вогнішча, сярод іх быў Алесь і яго сын Мікола. Былі традыцыйныя забавы, мы спальвалі кола, вадзілі карагоды, пакуль яно не ўпала, спявалі вельмі шмат песень, танчылі, а бліжэй да ночы пачалі скакаць праз вогнішча. Пускалі вянкі па рацэ.

Свята доўжылася ўсю ноч, спаць не хацелася. Раніцай мы выкупаліся ў расе і рацэ. Увесь гэты час Алесь быў радасным і шчаслівым, ён шчыра ўсміхаўся, быў простым, шмат жартаваў. Я шчаслівая, што ў маім жыцці здарылася гэтая гісторыя.

— У мяне засталіся цёплыя ўспаміны аб мастаку, аб простым беларусе, аб шчырым беларусе, які любіў Беларусь усім сэрцам, любіў гісторыю, па-свойму змагаўся з сістэмай, — у яго гэта атрымлівалася рабіць яскрава і эфектна. Дзякуй за тыя два летнія дні.

Цяпер ён у лепшым свеце, як сказаў мой сябар, яму цяжка нешта казаць пра Алеся. Я знайшла сілы і напісала гэты тэкст.

Вечная памяць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]