Усе дэмакратычныя краіны павінны патрабаваць, каб кожны палітвязень быў вызвалены.
Каміла Хансэн, дэпутатка швэдзкага парлямэнту ад партыі «Зялёных», якая была сымбалічнай «хроснай» палітвязьня Алеся Пушкіна і адмыслова апекавалася ім за кратамі, адказала на пытаньні «Радыё Свабода» з нагоды сьмерці зьняволенага мастака.
Каміла Хансэн выказала спачуваньні родным і блізкім Алеся Пушкіна, а таксама «ўсім беларусам, якія змагаюцца за свабодную і дэмакратычную Беларусь, рэалізуючы свае асноўныя правы чалавека».
Яна адзначыла, што пісала Алесю Пушкіну лісты ў турму, але ніколі не атрымлівала адказу і «ніякіх прыкметаў таго, што яны былі атрыманыя».
«Цяпер трэба зрабіць так, каб больш ніхто не паміраў у турмах, каб усе палітвязьні былі вызваленыя і каб свабодная і дэмакратычная Беларусь стала рэальнасьцю. Для парлямэнтароў быць сымбалічнымі хроснымі бацькамі — гэта адзін са спосабаў пашыраць веды пра сытуацыю ў Беларусі ў сваіх краінах і працягваць ціск на рэжым Лукашэнкі», — сказала Каміла Хансэн.
Швэдзкая дэпутатка расказала, што ў сувязі са сьмерцю Алеся Пушкіна і бягучай 53-й сэсіяй Рады ААН па правах чалавека яна даслала пісьмовы запыт ураду Швэцыі з пытаньнямі пра тое, якія канкрэтныя захады міністар замежных спраў Тобіяс Більстрэм і ўрад Швэцыі маюць намер зрабіць у бліжэйшай і доўгатэрміновай пэрспэктыве для выкананьня рэкамэндацый Спэцдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі.
Пісьмовы адказ на сваё пытаньне Каміла Хансэн мае атрымаць 27 ліпеня. Яна адзначыла, што зрабіла гэта, каб пераканацца, што Швэцыя зробіць свой унёсак у змаганьне за дэмакратыю і выкананьне правоў чалавека ў Беларусі.
«Больш людзей павінны ведаць пра жудаснае становішча палітвязьняў у Беларусі, і ўсе дэмакратычныя краіны павінны патрабаваць, каб кожны палітвязень быў вызвалены», — падкрэсьліла Каміла Хансэн.
Яна таксама заклікала ўсіх, хто хоча ўшанаваць памяць Алеся Пушкіна і падтрымаць іншых беларускіх палітвязьняў, распаўсюджваць інфармацыю пра іх становішча, патрабаваць іх вызваленьня і дасылаць запыты ўрадам сваіх краінаў пра тое, што яны робяць для падтрымкі правоў чалавека ў Беларусі ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі спэцдакладчыка ААН.