Ён практычна не выходзіў апошнім часам з ШЫЗА.
Журналіста Дзяніса Івашына таемна судзілі ў калоніі і перавялі ў турму на строгі рэжым. Пра суд стала вядома толькі пасля таго, як маці журналіста Людміла Івашына атрымала адказ на свой зварот ад начальніка магілёўскай калоніі №15 Аляксея Лазарэнкі.
Telegram-канал «Баста!» звярнуўся за каментаром да жонкі палітвязня Вольгі Івашынай:
— Мы сапраўды даведаліся пра «суд» і перавод Дзяніса дзіўным чынам. Спачатку ад Дзяніса перасталі прыходзіць лісты з ПК-15, ён не тэлефанаваў паводле раскладу тэлефанаваньняў 11 атраду, у якім меўся быць. Мы думалі, што яго трымаюць у ШЫЗА ці нават ПКТ, што таксама было праўдай, бо ён з ШЫЗА практычна не выходзіў апошнім часам.
Адваката не пускалі да яго, а потым юрысту наагул проста сказалі, што Дзяніса болей няма ў магілеўскай калёніі. У турме Магілева ён таксама не адшукаўся. Недзе праз тыдзень прыйшла папера з жодзінскае вязьніцы, што Дзяніс пераведзены туды на строгі рэжым.
Маці Дзяніса яшчэ да таго пасьпела даслаць запыт начальніку магілеўскай калёніі Лазарэнку, каб даведацца, дзе знаходзіцца Дзяніс. Той адказаў, што Дзяніса перавялі ў жодзінскую турму №8. Людміла Мікалаеўна запытала пра падставу, на якой адбыўся перавод, тады Лазарэнка адказаў, што так вырашыў магілеўскі «суд», пра які ніхто з нас і нават адвакат Дзяніса ня ведалі.
Што да сапраўднае прычыны пагаршэньня ўмоваў палону Дзяніса, то мы мяркуем, што гэта або асабістае жаданьне й помста Лазарэнкі Дзянісу за нязломнасьць і прынцыповасьць пазыцыі, або загад «зьверху» дзеля агульнага ўзмацненьня ўзроўню рэпрэсыяў у дачыненьні да палітвязьняў, — кажа жонка палітвязня.
Даведка: Дзяніс Івашын — беларускі патрыёт, журналіст, валанцёр беларускай версіі сайта міжнароднай раследвальнай супольнасці InformNapalm з 2014 года. Вядомы сваім раследаванням пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх беркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.
Новы адрас для лістоў: Турма №8, Жодзіна, вул. Саветская, 22А, 222163.