Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Для нас з мужам гаварыць па-беларуску натуральна як дыхаць паветрам»

29.07.2023 политика
«Для нас з мужам гаварыць па-беларуску натуральна як дыхаць паветрам»

Як настаўніца беларускай мовы вучыць дзяцей за мяжой.

Наталлі Ермаковай толькі 22 гады, але яна адна з нямногіх з майго асяроддзя, хто не толькі любіць мову, але і нясе яе ў свет. Яна маладая настаўніца, якая не проста расказвае пра «аканне» і «яканне», а знаёміць дзяцей з беларускай культурай, гісторый, разуменнем менталітэту, асаблівасцямі побыту, народных прымет, сувяззю з іншымі мовамі.

Зараз Наталля выкладае свой прадмет дзецям беларусаў за мяжой. Акрамя настаўніцтва яна рэдагуе кнігі, займаецца журналістыкай, беларускімі танцамі, спевамі, вывучае славянскія мовы, беларускі фальклор і міфалогію, піша vitebsk.biz.

— Раскажы пра сябе і пра свой шлях да беларускай мовы.

— Я з Шаркаўшчынскага раёна, з вёскі Таўкіні. Беларуская мова — гэта тое, што атачала мяне з дзяцінства. У мяне была цудоўная настаўніца Жанна Міхайлаўна Падольская, якая прывіла любоў да беларускай мовы, і мая бабуля, якая была трапная на беларускія слоўцы і выразы.

У школьныя гады я прачытала ўсяго Быкава і Караткевіча, дзе для мяне адкрыўся зусім іншы свет беларускай культуры, таму з выбарам прафесіі вызначылася яшчэ ў 6 класе.

З пачаткам вучобы ва ўніверсітэце я цалкам змянілася. Размаўляць па-беларуску мяне натхніў мой сябар і навуковы кіраўнік — Бабіч Юрый Міхайлавіч. Ён быў адзіны ва ўніверсітэце, ад каго я ўвогуле не чула рускай мовы. Менавіта з гэтага моманту я пачала гаварыць цалкам па-беларуску.

Дзякуючы свайму выкладчыку, а таксама «Таварыству беларускай мовы імя Францішка Скарыны», я пабывала на многіх імпрэзах, фэстах, прысвечаных беларускай культуры. Я пазнаёмілася з такімі цудоўнымі пісьменнікамі, як Алесь Разанаў, Анатоль Вярцінскі, Лявон Баршчэўскі. Была актывісткай Цэнтра славянскіх моў і культур, удзельніцай шматлікіх мерапрыемстваў, круглых сталоў, акцый, якія спрыялі папулярызацыі беларускай мовы і культуры, яе месцу ў свеце. Тады я зразумела: няма тых пачуццяў, якіх мова перадаць не змагла.

Былі і не самыя прыемныя моманты. Калі я цалкам перайшла на беларускую мову, ад мяне адвярнулася шмат людзей, якіх я лічыла сябрамі. Нават з маім родным родным братам быў перыяд, калі мы не камунікавалі, бо яму было цяжка разумець мяне. Але я была ўпартая і змагалася, бо не хацелася здраджваць самой сабе.

Сям’я ў мяне беларускамоўная, для нас з мужам гаварыць па-беларуску натуральна як дыхаць паветрам. Я думаю па-беларуску і бачу сны па-беларуску.

— Раскажы пра свой вопыт працы ў школе Беларусі. Як дзеці ставіліся да беларускай мовы?

— Працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры я пачала на апошнім курсе ўніверсітэта ў адной з віцебскіх школ. Першыя паўгады я не асэнсоўвала і не разумела, што я раблю ў школе, так як яшчэ не было дастатковых ведаў (методыка выкладання прадмета вывучаецца якраз на апошнім семестры).

Спачатку былі толькі мары пра ідэальны адукацыйны працэс. Мне далі старэйшы 8 Б клас, і гэта было поўнае расчараванне… Пачалося маё настаўніцкае змаганне. Вучні не хацелі мяне слухаць, бо я была амаль што іх «равесніца». З 24 чалавек цябе слухаюць 4, астатнія дзесьці лунаюць. Зрабіла выснову, што была з імі занадта мяккай.

Папрацаваўшы некаторы час, я ўжо думала, што дакладна не буду настаўнікам, але мне прапанавалі папрацаваць з 5-6 класамі. І я адчула розніцу. Дзеці мяне слухалі, дзецям было цікава, ім гэта было патрэбна. Калі я пачала чуць словы: «Дзякуй вам за ўрок беларускай мовы», «Калумб адкрыў Амерыку, а вы любоў да беларускай мовы», я адчула сваю вартасць як настаўніка: «Я магу! У мяне атрымаецца!»

Ужо на другі год працы са мной пачалі вітацца па-беларуску, задавалі пытанні па-беларуску. Стаўленне да беларускай мовы змянілася і ў вучняў старэйшых класаў. Да гэтага ў іх была нібыта нянавісць да яе. У большасці школ беларускую мову выкладалі на рускай мове ці трасянцы. Праграма ў школе такая, што дзяцей у першую чаргу вучаць правілам, а трэба вучыць мове, лексіцы.

Вучні паважалі мяне як асобу, бо я была адзіная, хто размаўляў па-беларуску. І з некаторымі мы і сёння камунікуем, да мяне звяртаюцца па параду, пішуць мне добрыя водгукі. Магчыма, дзяцей чапляла больш не тое, што мы рабілі на ўроку, а што ў нас адбывалася нармальная беларускамоўная камунікацыя. Я сябе так пазіцыянавала, я бачыла ў іх асобу і была ў першую чаргу сябрам для класа. Маленькія дзеці імкнуліся мяне капіраваць, адсюль такая радасць і ўзнёсласць. Яны нават мне вершы пісалі беларускія.

Але са школы я прыходзіла стомленая, у дзень у мяне магло быць 12 урокаў (свае + замена). У мяне не было ніякай матывацыі. Трэба быць вельмі падкаваным у дзіцячай псіхалогіі, каб навучыцца эфектыўна весці ўрок.

На жаль, сістэма адукацыі зараз такая, што настаўнік займаецца ўсім, акрамя выкладання свайго прадмета. Я не магла спаць, мне снілася школа, я ішла туды з вялікім прымусам.

Шчыра скажу, асаблівае расчараванне было ў настаўніках беларускай мовы і літаратуры. Аднойчы я трапіла на метадычнае мерапрыемства і ад ніводнага настаўніка не пачула беларускай мовы.

Гэты вопыт мяне падкаваў, і я вельмі ўдзячная, што са мной здарыўся гэты перыяд.

— Калі ты вырашыла пераехаць і чаму?

— Гэта рашэнне далося вельмі цяжка, бо я вельмі моцна знітавана з роднай зямлёй. Да апошняга цешыла сябе думкай, што ўсё адкладзецца.

Усё пачалося з таго, што майму мужу (на той момант жаніху) прапанавалі работу ў Чарнагорыі. Яго ўразіла краіна: клімат класны, мора побач. Я вырашыла паехаць. Але пачаліся пытанні з універсітэтам, так як я адпрацавала толькі год пасля дыплома, прыйшлося выплачваць няўстойку. Амаль 5000$. Увогуле, столькі ў год я б не зарабіла.

Ужо з першых дзён я ні аб чым не пашкадавала. Толькі станоўчыя эмоцыі ад працы і ад краіны. Бывае туга, што блізкія і сябры засталіся ў Беларусі…Але я разумею, што няма нічога немагчымага, бо мы самі робім з магчымага немагчымае.

— Раскажы пры вопыт у замежнай школе. Каму ты выкладаеш? Як там дзеці і бацькі ставяцца да беларускай мовы?

— Гэта прыватная школа, дзе вучацца дзеці беларусаў. Пачынаць працу ў замежнай школе было складана, але ўсё ж такі я адважылася.

Мяне здзівіла, што я сама складаю расклад. Я магу сама планаваць свой час і свае заняткі. Я сама ствараю сваю праграму. Важна, каб было цікава і актуальна. Я сама выбіраю творы, тую методыку, якой я хачу выкладаць. І самае галоўнае — гэта візуалізацыя: прэзентацыі, анлайн-гульні па мове — усе найноўшыя тэхналогіі.

Урокі праходзяць у вольнай форме, заняткі адбываюцца невялікай групай (ад 4 чалавек). Калі ў той школе ў мяне было 12 урокаў, тут самае вялікае 4. Вучымся мы семестрамі (летні і зімні). У вучняў няма школьнай формы. Тут няма афіцыйнай формы звароту накшталт «Наталля Пятроўна», замест яе «спадарыня Наталля».

У гэтай школе ўжо не трэба «выхоўваць» дзяцей, гэтым займаюцца бацькі, дзеці паводзяць сябе адэкватна. Асабліва хочацца вылучыць летнікі, якія накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы. Самае галоўнае тут — не адзнака, а атрыманне ведаў. Ты вучыш дзяцей выказваць сваё меркаванне, гаварыць, што спадабалася, а што не, каб яны не былі загнанымі. Ты бачыш у кожным асобу і рэалізуеш яе.

І з боку бацькоў, і з боку дзяцей сяброўскія адносіны. Я атрымліваю сапраўдную асалоду. Менавіта тут я пачала расці як настаўнік. Да беларускай мовы ставяцца вельмі добра. Нават дзеці з нулявым узроўнем праз пару месяцаў ужо пачынаюць гаварыць. Тым больш, я заўсёды гавару: «Не трэба трымаць язык за зубамі, памылкі — гэта нармальна». Тут мы слухаем і чуем адзін аднаго.

Я больш не адчуваю такой стомленасці, якая была ў мінулай школе. Я цяпер ведаю, што такое вольны час. Цяпер я разумею, куды мне расці ў прафесійным плане.

— У чым праяўляецца адрозненне паміж школамі ў Беларусі і за мяжой?

— Тут, у Чарнагорыі, у першую чаргу ты вучыш, а не займаешся стосам папер. Не кантралюеш дзяцей па-за межамі школы. Ты займаешся сваёй адукацыяй і сваёй рэалізацыяй.

Тут няма папяровага журнала, усё ў электроннай форме, ты можаш напісаць каментарый «чаму, як і за што». Зразумела, гэта прыватная школа, навучанне ў якой каштуе шмат грошай, таму да вучобы прыходзяць асэнсавана.

У беларускай школе важна, як ты вядзеш дакументацыю, журналы. Болей за гэта лаяць, чым за тое, як ты праводзіш урок. Тут галоўнае — сяброўскія адносіны. У беларускіх школах настаўнікам часта не да гэтага, бо яны занятыя іншай працай, якая на іх звалілася.

Калі ў мінулай школе патрэбна выканаць нейкія практыкаванні і вучыць правілы, то тут методыка накіравана на тое, каб мы навучыліся гаварыць. Урокі адбываюцца ў нефармальнай абстаноўцы, напрыклад, з кавай ці гарбатай.

Ужо дарослых дзяцей цікавіць больш навуковы аспект. Напрыклад, адкуль пайшло тое ці іншае слова, фальклор, вусная народная творчасць, мы спяваем на ўроках. Часам бацькі прыходзяць на заняткі і ўключаюцца сем’ямі.

— Напрыканцы нашага інтэрв’ю я папрашу цябе даць параду будучым настаўнікам.

— Закончу словамі Уладзіміра Караткевіча: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не зробіць ніхто, — і тады пераможаш». Хочацца пажадаць, каб кожны настаўнік, які любіць па-сапраўднаму сваю справу, не звяртаў ні на што ўвагі. Не баяўся рабіць новае, тое, што да цябе яшчэ ніхто не рабіў. А вопыт прыйдзе з гадамі. Бо настаўнік захапляе не толькі тым, як ён выкладае, але і самой сваёй асобай. І калі ты будзеш любіць тое, чым займаешся, то дзеці гэта абавязкова ўбачаць.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]