Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Варшаве праходзіць Тыдзень беларускага тэатру

10.08.2023 культура
У Варшаве праходзіць Тыдзень беларускага тэатру

Што і дзе паглядзець?

Тыдзень беларускага тэатру распачаўся ў Польшчы 8 жніўня. «Радыё Свабода» паразмаўляла з праграмным дырэктарам тэатру TR Warszawa Раманам Паўлоўскім пра тое, як разьвіваецца беларускі тэатар у вымушанай эміграцыі і чым ён каштоўны для Польшчы.

Ідэя правесьці Тыдзень беларускага тэатру зьявілася ў «Мастацкай рэзыдэнцыі» — гэта праграма Польскага тэатральнага інстытуту імя Зьбігнева Рашэўскага, апавядае тэатральны куратар, праграмны дырэктар TR Warszawa Раман Паўлоўскі.

«Мастацкая рэзыдэнцыя» — гэта супраца Тэатральнага інстытуту з нашым тэатрам. Праграма пачалася яшчэ ў 2021 годзе, у ёй удзельнічаюць акторы і акторкі з Беларусі. Цягам гэтага часу ў нас працавалі 10 чалавек зь Менску, Магілёва, Гомля. Яны паставілі некалькі спэктакляў зь вялікім посьпехам. І нам усім здавалася, што гэта добры час, каб паказаць беларускі тэатар у эміграцыі, розныя яго віды, поўны спэктар. Мы зьвязаліся зь незалежнымі тэатральнымі групамі зь Беларусі — Купалаўцамі і «Дыяфільм Live».

Раман Паўлоўскі кажа, што дасьледуе беларускі тэатар амаль 30 гадоў, лічыць яго разьвіцьцё важным для разуменьня таго, што здарылася ўва Ўсходняй Эўропе пасьля пераменаў.

Фэстываль паказвае мастацкае багацьце беларускага тэатру ў эміграцыі, лічыць Раман.

«Гэта ня толькі спэктаклі пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, дыктатуру, ахвяраў рэпрэсіяў, але таксама і клясыка, спэктаклі на аснове старажытнай беларускай і ўкраінскай культуры, спэктаклі для дзяцей. Зараз беларускі тэатар увасабляе поўную тэатральную культуру. Для польскага тэатру вельмі важна, што культура становіцца рознакаляровай, розныя мовы гучаць ня толькі на вуліцах Варшавы, але і на сцэне».

Раман Паўлоўскі мяркуе, што кожны спэктакль, які выяўляе беларускі пункт гледжаньня, дапамагае палякам разумець сытуацыю ў Беларусі.

«Гэта дапамагае самім творцам у чужой краіне пабудаваць прафэсійнае жыцьцё. У праграме Тыдня беларускага тэатру ёсьць такія спэктаклі, як «Плошча перамогі» Купалаўцаў, «Мора Хрысьціны» Team Theatre, якія наўпрост адсылаюць да падзеяў 2020 году. Думаю, што і для беларускай дыяспары гэта перажываньне на сцэне наноў тых падзеяў, гэта вельмі важна для самаідэнтыфікацыі».

Падчас Тыдня беларускага тэатру яшчэ можна ўбачыць:

10 жніўня — «Мора Хрысьціны» Андрэя Новіка, Team Theatre;

11 жніўня — «Мазаіка» Віталя Карабана;

12 жніўня — «Плошча перамогі» Аляксандра Гарцуева, група Купалаўцаў;

12 жніўня — спэктакль групы «Дыяфільм Live»;

13 жніўня — «Час сэканд хэнд» Уладзімера Пятровіча.

Усе спэктаклі праходзяць у TR Warszawa пад адрасам Marszałkowska, 8.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]