Хто ўцячэ ад юрыдычнага пакарання — патрапіць пад ганебны гістарычны трыбунал.
Надоечы ўсіх узрушыла навіна пра чарговую дзею рэжыму ў стылі абсурду, пiша чытач сайту Charter97 з Маладзечна.
Лукашысцкая пракуратура прызнала экстрэмісцкімі два вершы 19-га стагоддзя, якія прыпісваюцца Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу – «Плынуць вятры» і «Гутарка старога дзеда». У творах крытыкуецца расейскі царызм за рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да палякаў і беларусаў.
«Гутарка старога дзеда», як я памятаю, згадвалася ў падручніку беларускай літаратуры яшчэ савецкага часу. А ў праграме мы праходзілі славутую камедыю «Пінская шляхта» – гэта ўсцяж пародыя на тагачасны суд. Ну дык чым не нагода забараніць (за непавагу да судовых органаў)?
У школьнай праграме таксама вывучалі творчасць Алаізы Пашкевіч, у тым ліку верш «Хрэст на свабоду», у якім такія радкі:
З той пары Масква, Варшава,
Рыга, Вільня, Бак, Лібава,
Беларусь, Літва, Расея
Гоняць вон цара зладзея!
Народ чуе голас з неба,
Што больш цара не патрэба!
Ну дык гэта ж заклік да скасавання існага дзяржаўнага ладу!
Альбо «Мужык» Якуба Коласа з школьнае чытанкі:
Я — мужык, а гонар маю,
Гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
Але скора загукаю:
«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»
Відавочна, што Канстанцін Міцкевіч заклікае да ўзброенага паўстання!
Або прыгадаем Купалаву «Маю веру»:
Не веру купленым прарокам,
Што з казальніц за грошы лгуць
І сочаць прагавітым вокам,
Скуль больш чырвонцаў ім нясуць.
Гэта ж патыхае дыскрэдытацыяй РПЦ, можна кваліфікаваць як «распальванне рэлігійнай варожасці».
І Максім Багдановіч дарма хаваецца за маскай лірыка. А ягоная «Пагоня» – што гэта, як не прапаганда «пратэставай сымболікі»!?
Толькі адна закаклюка – як жа пакараць класікаў-экстрэмістаў? І гэта прадугледжана, бо цяперака паводле лукашысцкіх законаў можна судзіць нават нябожчыкаў. Позвы можна нават даслаць ім на клады: Купалу з Коласам – на Вайсковыя могілкі ў Менску, Цётцы – у Стары Двор пад Лідай, Дуніну-Марцінкевічы – у Люцінку пад Валожынам, ну а Максіму – у Ялту. Калі ж памерлыя экстрэмісты не адгукнуцца, ільга зладзіць выязныя пасяджэнні «самага справядлівага ў свеце суда» адразу на могільніках. Мяркую, найбольш ахвотна служкі тутэйшай Феміды выправяцца судзіць Багдановіча – на паўднёвы бераг акупаванага Крыма.
Не ўлічваюць толькі Лукашэнка і ягоныя памагатыя, што якім судом яны судзілі, такім і іх асудзяць. Хто ўцячэ ад юрыдычнага пакарання, патрапіць канечне на іншы — ганебны для — іх гістарычны трыбунал, пра які пісаў Купала: «А суд гісторыі цяжкі!..»