Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

#####: «Стаць часткай гісторыі» (Аудыё)

13.09.2011 культура
#####: «Стаць часткай гісторыі» (Аудыё)

Адзін з самых пасьпяховых альтэрнатыўных гуртоў Расеі ##### (5diez) запісалі для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» беларускую вэрсію сваёй песьні «Дождж».

Гэта адзін з галоўных гітоў зь іх пятага па ліку альбома «Пандемия», выдадзенага асобным сынглам. На беларускую мову тэкст пераасэнсаваў літаратар Сяргей Балахонаў. Хлопцы зь Віцебску за восем гадоў працы ў Маскве атрымалі ўсе магчымыя ўзнагароды ў альтэрнатыўнай музыцы.

«Мы заўжды адкрытыя для прапановаў і згодныя на творчыя экспэрымэнты. Тым больш ідэя запісаць трэк па-беларуску нам падалася вельмі сымбалічнай, бо заўжды хочацца стаць часткай гісторыі, тым больш, калі гэта зьвязана з роднай краінай», — гэтак адрэагавалі музыкі з гурта ##### на запрашэньне паўдзельнічаць у праекце «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». Некалі на пачатку свайго шляху яны спрабавалі стварыць трэк па-беларуску для адной з кампіляцыяў, але неўзабаве перабраліся ў Маскву з роднага Віцебску.

Бубнач каманды Грэг Карпаў неяк прызнаўся, што зьяжджаў зь Беларусі з думкай, што будзе працягваць займацца музыкай, але пры тым грошы зарабляць плянаваў на будоўлі. Але ўжо доўгія гады яго каманда разам зь «Ляпісам» лічыцца ў Расеі самай пасьпяховай групай зь Беларусі. У першы ж год маскоўскага побыту ##### атрымалі перамогу ў намінацыі «Адкрыцьцё году» на «Moscow Alternative Music Awards — 2003», у 2005 годзе іх дэбютны дыск «В этой жизни меня подводят доброта и порядочность» быў прызнаны альбомам году на Russian Alternative Music Prize, а ў 2007-м ім скарыўся яшчэ і Піцер — яны перамаглі ў катэгорыі «Лепшая няпіцерская група» на St. Petersburg Alternative Music Awards. У 2008 годзе «дыезы» атрымліваюць прэмію Fuzz за «Песьню году» («2АнгелА»), у 2009-м яны дастаюць яшчэ і прэмію Moscow Alternative Music Awards, цяпер ужо як «лепшая немаскоўская група». З музыкамі ##### заключылі кантракты сусьветнавядомыя фірмы дзеля таго, каб яны прадстаўлялі іх інтарэсы. Грэг Карпаў, напрыклад, мае кантракт з Yamaha. Партнэрамі гурта выступаюць Adidas і BOSS.

«Мяркую, што той факт, што мы зь Беларусі нам толькі дапамагаў у нашай кар’еры. Велізарным стымулам да скарэньня вяршыняў было тое, што мы паходзілі зь невялікага гораду маленькай краіны. Па-сутнасьці мы ня мелі нічога, а так шмат хацелася. І я ўпэўнены, што нашы першыя перамогі здарыліся толькі дзякуючы нашаму імпэту ды імкненьню давесьці, што зусім няважна адкуль ты. Куды большы сэнс мае тое, што ты адданы сваім ідэям і мэтам. І мастацтва ня мае ніякіх межаў. Гэта зусім не палітыка», — кажа Грэг.

Для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» 5diez выканалі песьню «Дождж» — адзін з галоўных гітоў зь іх пятага па ліку альбома «Пандемия», выдадзены асобным сынглам. На беларускую мову тэкст пераасэнсаваў літаратар Сяргей Балахонаў. «Мне гэтая песьня моцна прыйшлася даспадобы ў арыгінале, — кажа Сяргей, — Таму праца над перакладам была сапраўднай асалодай. Да таго ж, пэўныя вобразы песьні вельмі перагукаюцца з маім жыцьцём. Заўжды лягчэй пераствараць той тэкст, які табе бліжэй у эмацыйным ці, шырэй, у быцьцёвым пляне».

Вакаліст 5diez Яўген Белавусаў кажа, што таксама атрымаў сапраўдную асалоду ад выкананьня «Дажджу» па-беларуску. Ён кажа, што сьпяваць яму на «непрацоўнай» мове было нескладана. «Тут цяжкасьць палягала ў іншым — няпроста было ўспрымаць песьню на беларускай, калі яна ўжо паклалася на вуха па-расейску. Але ўсе мы ведаем беларускую мову, недасканала, але ўсё ж праблемаў не паўстала».

Нягледзячы на шчыльны гастрольны графік, хлопцы стараюцца часьцей наведвацца на Радзіму. «Дзе бы мы ні былі, заўжды перажываем за нашу краіну і за людзей. З аднаго боку, думаю вось колькі ўжо можа кіраваць краінай адзін чалавек, а з другога падаецца, каб ня ён, то гэтую геаграфічную прастору — Рэспубліку Беларусь — магчыма паглынуць і расьпіляць. Дома мы адпачываем душой ад шалёнага рытму жыцьця. І паглынаем дранікі бязь меры», — кажа Грэг.

Сяргей Будкін, «Тузін Гітоў»

##### — Дождж (музыка і словы гурта, беларускі тэкст — Сяргей Балахонаў)

На вуснах пылам, што ачах,

Асеў аблудны ліпкі страх

Загнаўшы ў шал, уцершы соль,

Сьвет да сябе зьмяніў пароль.

І ўсе замкі, і ўсе ключы

Іржою плакалі ўначы.

і я празь лёс на бераг бег,

ў агні нябёс шукаў цябе.

Усе крыўды змые дождж.

Позірк твой, нібыта нож,

Ты стаіш, а, як душа,

гіне лёду чарада.

Жорсткі сьвет, як ты і я,

І не па правілах гульня.

Гульня бяз пэўнага пачатку.

Гульня бяз пэўнага канца.

І каб імгненьне мела сэнс,

адну між зор бязьмежжа неба,

Я так хацеў знайсьці цябе…

Ды нас аскепкі аніяк ня склеіць!

Перамогі змые дождж.

Тут заўжды ўсё будзе так.

Бераг зьнік. Агонь патух.

Для цябе і для мяне! Для мяне…

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]