Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Больш за 500 дзетак з 24 краінаў сьвету: Беларуская школа ў Варшаве пачынае другі навучальны год

04.09.2023 общество
Больш за 500 дзетак з 24 краінаў сьвету: Беларуская школа ў Варшаве пачынае другі навучальны год

У школе можна атрымаць грунтоўныя веды па прадметах, якіх няма ў замежных школах.

2 верасьня ў Музэі вольнай Беларусі ўрачыста адкрыла новы сэзон Беларуская школа ў Варшаве. У ёй онлайн і офлайн навучаюцца больш за 500 беларускіх дзяцей з 24 краінаў сьвету, паведамляе «Радыё Свабода».

Беларуская школа ў Варшаве была заснаваная ў 2022 году як онлайн і офлайн адукацыйная прастора для дзяцей, якія часова апынуліся ў Польшчы і іншых краінах сьвету пасьля падзеяў 2020 году ў Беларусі.

У школе можна атрымаць грунтоўныя веды па прадметах, якіх няма ў замежных школах: беларускай мове і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, мастацтве Беларусі. То бок, веды па асноўных прадметах юныя беларусы атрымліваюць у краінах пражываньня, а па прадметах беларускага кампанэнту — у Беларускай школе ў Варшаве.

Онлайн у Беларускай школе ў Варшаве навучаюцца дзеці з 24 краінаў сьвету — Альбаніі, Беларусі, Грузіі, ЗША, Ірану, Ірляндыі, Італіі, Канады, Кіпру, Латвіі, Літвы, Малдовы, Нямеччыны, Расеі, Турэччыны, Украіны, Францыі, Чарнагорыі, Чэхіі, Швэцыі і Японіі.

Офлайн-заняткі праходзяць у Варшаве, Кракаве, Беластоку і Гданьску.

У школе таксама ёсьць магчымасьць атрымліваць кансультацыі па прадметах польскай школы, якія выклікаюць цяжкасьці ў беларускіх дзяцей (па матэматыцы, фізыцы, хіміі). Заняткі і кансультацыі праходзяць па суботах. Навучаньне ў новай Беларускай школе ў Варшаве бясплатнае.

Алесь Лозка

«Летась, паводле стану на пачатак верасьня, мы набралі 150 дзетак, сёлета ахвотнікаў ужо паўтысячы. У нас працуюць найлепшыя настаўнікі, якія прайшлі сур’ёзны конкурсны адбор, ёсьць пэдагогі з навуковымі катэгорыям, вучонымі званьнямі. Я спадзяюся, наша школа ня дасьць дзецям забыць сваю радзіму і яны бясстратна, з добрымі ведамі вернуцца ў вольную Бацькаўшчыну», — перакананы заснавальнік і дырэктар Беларускай школы ў Варшаве Алесь Лозка.

Пасьля ўрачыстага прыёму першаклясьнікаў у школу дзеці паглядзелі спэктакль беларускай рэжысэркі Тацяны Дзіваковай «рЭвалюцыя Зайца».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]