«Перамога набліжаецца з кожным днём».
У Скверы Вольнай Беларусі, пад сценамі Консульства Беларусі ў Беластоку прайшоў мітынг у гонар Дня беларускай вайсковай славы.
Як паведамляе «Радыё Рацыя», на акцыі працаваў вольны мікрафон. Паміж прамовамі ля мікрафона гучалі беларускія патрыятычныя песні. Важна, што дыяспара размясціла фотаздымкі загінулых беларусаў падчас пратэстаў і падчас абароны Украіны ад Расеі. Перамога ўсё ж набліжаецца, з кожным днём і кожнай акцыяй!
На мітынг агулам сабралася каля паўсотні чалавек.
«У Беларусі пэўна няма такіх месцаў, дзе б беларусы гістарычна не змагаліся за сваю зямлю», – сказала падчас выступу Вольга Верамеенка.
Слова ўзяў Сяргей Верамеенка, які распавёў, як Дзень беларускай вайсковай славы святкаваўся ў Беларусі. Многія ўдзельнікі мітынгу таксама з жалем успамінаюць гістарычныя рэканструкцыі ў Беларусі пад Воршай. Такія святы – сапраўдныя святы мужчын – абаронцаў сваёй зямлі.
Слова ўзяў галоўны рэдактар беларускага «Радыё Рацыя» Яўген Вапа:
«Толькі палітычнае думанне дае незалежнасць народу. На гістарычнай карціне бітвы пад Воршай лунаюць менавіта бел-чырвона-белыя сцягі. Гэта трэба памятаць. Як і тое, што на пачатку 1990-х жаўнеры Беларусі складалі прысягі незалежнай Беларусі. І гэта гістарычны абавязак, які мусіць быць захаваны, нават цаной жыццяў зараз. Калі рабіць хоць штосьці для Беларусі, то значыцца кожны становіцца жаўнерам ВКЛ, БНР, Вольнай Беларусі».
Адзначым, што беларуская дыяспара сабралася на свята, якое адзначаецца ў гонар перамогі ў Аршанскай бітве 1514 года. Бітва пад Воршай была найбуйнейшай бітвай вайны 1512–1522 гадоў паміж Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім і адбылася на рацэ Крапіўне, за 5 км ад Воршы.
Консульства Беларусі ў Беластоку таксама «падрыхтавалася» да свята. Будынак стаіць у рамонтных рэштаваннях. Стыхійная паркоўка побач -перакрытая будаўнічым плотам, што не перашкодзіла ўдзельнікам мітынгу прыбыць у патрэбнае месца і патрэбны час.